Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навумаў пакіраваў міліцыяй і хакеем, цяпер возьмецца за расейскія фінансы


Уладзімер Навумаў

Уладзімер Навумаў

Уладзімер Навумаў, экс-міністар унутраных спраў Беларусі, да нядаўняга часу старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі (ФХБ), будзе працаўладкаваны ў адным з найбуйнейшых расейскіх банкаў — ВТБ (“Внешторгбанк”).

Такая інфармацыя падчас тэлетрансьляцыі на тэлеканале Eurosport-2 матчу на Кубак Шпэнглера паміж менскім “Дынама” і швайцарскім “Давосам” прагучала ад расейскага камэнтатара Віталя Магранава.

У банку, які ўваходзіць у міжнародную фінансавую групу ВТБ і зьяўляецца другім паводле памеру актываў пасьля “Ашчадбанку”, не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць падобных зьвестак. У цэнтры кліенцкага абслугоўваньня толькі ўдакладнілі, што адказныя за кадравую палітыку спэцыялісты ўжо выправіліся на навагоднія вакацыі.

Ня выключана, што ў дадзеным выпадку Навумаву дапамаглі сувязі на ўрадавым узроўні. Прэзыдэнт аднаго з падразьдзяленьняў ВТБ-банку - ВТБ24 — Міхаіл Задорнаў, экс-міністар фінансаў, былы першы намесьнік старшыні ўраду і дэпутат Дзяржаўнай думы Расейскай Фэдэрацыі. Відавочна, што ў Задорнава захавалася нямала сувязяў, у тым ліку і з былымі беларускімі калегамі. Да таго ж галоўны акцыянэр ВТБ з доляй 77,5% — урад Расеі, які не пакідае спадзяваньняў глыбей інтэгравацца ў фінансавы рынак Беларусі.

18 сьнежня Навумаў нечакана заявіў пра сыход з пасады старшыні хакейнай фэдэрацыі, хоць яшчэ нядаўна абяцаў падрыхтаваць інфраструктуру Беларусі да чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году ў Менску. Сам Навумаў патлумачыў, што зьявіўся варыянт працаўладкаваньня ў Расеі, аднак адмовіўся назваць месца будучай працы. Толькі ўдакладніў што ў Маскву выправіцца 15 студзеня 2010 году, калі скончацца калядна-навагоднія вакацыі. Таксама Навумаў паабяцаў прыехаць 21 студзеня ў Менск на пазачарговую справаздачна-выбарную канфэрэнцыю ФХБ, на якой назавуць новага кіраўніка фэдэрацыі.

Экспэрты лічаць, што паваротным у лёсе Навумава стала ягонае рашэньне разьвітацца напярэдадні зімовай Алімпіяды-2010 з галоўным трэнэрам беларускай зборнай Гленам Хэнланам. У аўральным парадку на месца заакіянскага спэцыяліста быў прызначаны Міхаіл Захараў, што выклікала новы віток супрацьстаяньня пад дахам фэдэрацыі. Захараў заўсёды быў радыкальным крытыкам Навумава, а генэрал не аднойчы абвінавачваў Захарава ў няўменьні наладзіць кантакт з гульцамі зборнай. Экспэрты лічаць, што менавіта пара Хэнлан-Захараў урэшце стала “магільшчыкамі” Навумава.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG