Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты руху “Маладая Беларусь” заяўляюць пра беспрэцэдэнтны ціск на сяброў арганізацыі. Супрацоўнікі КДБ пагражаюць бацькам актывістаў звальненьнем з працы і прымушаюць іх гаварыць падрыхтаваны тэкст перад камэрамі БТ. Сябры арганізацыі разглядаюць дзеяньні спэцслужбаў як пасьлядоўную тактыку запалохваньня моладзевых актывістаў.

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што пагрозы актывістам і іх бацькам з боку спэцслужбаў пачаліся пасьля пэрформансу, які адбыўся 10 сьнежня каля ўнівэрмагу “Беларусь”.

Тады Павал Пракаповіч, Ягор Баброў, Андрэй Кузьмінскі і Наста Машчава ўсталявалі стэнд з намаляваным на ім тварам з вусамі. Пад карыкатурай было падпісана: “Ня любіш рэжым — кінь у мяне”. Побач са стэндам паставілі скрыню зь яйкамі. Знайшліся ахвотныя, і некалькі яек паляцелі ў стэнд.

Актывістаў затрымалі. Хлопцаў арыштавалі, а Насту пакаралі штрафам.

Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч апавёў, што да яго падыходзілі супрацоўнікі БТ і прасілі даць інтэрвію, але ён адмовіўся.

“Пачаліся званкі маці. Казалі, што яе сын прымушае дзяцей дзейнічаць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, прымушае кідаць яйкі ў партрэт Лукашэнкі, што яго пасадзяць у турму.

Падчас сустрэчы ў Нацыянальнай бібліятэцы з Аляксандрам Лукашуком да нас падбегла невядомая жанчына, якая пачала крычаць: “Аддайце майго сына, аддайце маё дзіця!” Яна не сама сабой зьявілася. Яе прывезьлі на службовай “Волзе” супрацоўнікі КДБ, сярод якіх быў Раман Сівухін.

Потым пачалі выклікаць у КДБ бацькоў нашых сяброў”.

Наста Машчава распавяла, што 26 сьнежня, калі яна вярталася дадому пасьля прэзэнтацыі фільму пра моладзевыя арганізацыі, на яе напаў невядомы. Дзяўчына лічыць, што ён імкнуўся толькі яе напалохаць.

Кася Галіцкая распавяла, што бацькі актывістаў “Маладой Беларусі” пачулі пагрозы ад людзей у цывільным, калі адмовіліся перад камэрамі БТ гаварыць падрыхтаваны тэкст пра ўдзел іх дзяцей у арганізацыі.
Вельмі брутальны ціск адбываецца на бацькоў актывістаў ...

“Вельмі брутальны ціск адбываецца на бацькоў актывістаў. Тэлефануюць ледзь ня кожнаму па чарзе. Прапануюць сустрэцца і прыходзяць на працу. Пагражаюць звальненьнямі і рознымі бедамі іх дзецям.

Андрэй Кузьмінскі паведаміў, што яго выклікалі ў КДБ і пагражалі, што калі ён не адмовіцца ад сяброўства ў “Маладой Беларусі”, то зь сям'і забяруць ягонага брата, якога бацькі ўсынавілі. Маці Андрэя таксама выклікалі ў КДБ. Жанчына адмовілася перад камэрамі БТ гаварыць падрыхтаваную спэцслужбамі інфармацыю пра арганізацыю, сябрам якой зьяўляецца яе сын. Але сястра Андрэя пагадзілася агучыць тэкст перад камэрамі.

“Кажа: “Ты падумай. Будзь адказным за сваю сям’ю. Не забывайся на тое, што ў цябе ёсьць прыёмны брат. Калі я адмоўлюся і не буду казаць супраць Артура Фінькевіча для БТ, то ў мамы будуць праблемы наконт апякунства. Сястра потым сказала, што казала для БТ тое, што яны прасілі. Ёй апэратар казаў, а яна за ім паўтарала”.

Артур Фінькевіч лічыць, што дзеяньні спэцслужбаў — частка пляну запалохваньня моладзевых актывістаў.

Раней пад такі ціск трапілі сябры “Маладога фронту”. Пасьля выхаду ў эфір фільму “Малады фронт. Кіднэпінг” спэцслужбы зьмянілі тактыку ў дачыненьні да сяброў арганізацыі.

Артур Фінькевіч лічыць, што апошнія падзеі, калі людзі ў цывільным з рацыямі выкралі і вывезьлі за горад лідэраў моладзевых арганізацый, сьведчаць пра тое, што дзейнасьць моладзевых арганізацый пачала выклікаць сур’ёзную заклапочанасьць уладаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG