Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“На двары +5, у кватэры +11”


У сёньняшніх «Званках на Свабоду» слухачы падводзяць вынікі году, дзеляцца сваімі праблемамі, даюць парады беларускім парлямэнтарам, разважаюць пра лёс так званай Саюзнай дзяржавы, перадаюць калядна-навагоднія віншаваньні.

Быццам бы і надвор’е перад Новым годам зусім ня зімняе — на двары плюсавая тэмпэратура, але ў слухачоў Радыё Свабода ёсьць прэтэнзіі да камунальных службаў:

«Вас вітае Рыгор Кулік-Невяроўскі. 22 сьнежня тэмпэратура ў маёй кватэры была 11 градусаў цяпла. За тыдзень яна ўзьнялася на 2 градусы — 27 сьнежня слупок тэрмомэтра паказвае 13 градусаў. У Новы год я жадаю Лукашэнку, кіраўніцтву Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і кіраўніцтву Салігорскага райвыканкаму, каб яны сустрэлі Новы год у валёнках, ватоўках, бушлатах і шапках-вушанках».

Слухачы Радыё Свабода ўважліва сочаць і за палітычнымі падзеямі. Адгукнуліся яны і на нядаўнія выказваньні дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна. Вось адно з тэлефанаваньняў:

«Дзяржсакратар так званай Саюзнай дзяржавы Павал Барадзін дагаварыўся да таго, што заявіў: да 2017 году да Саюзу Беларусі і Расеі далучацца ня толькі былыя савецкія рэспублікі, але і Заходняя Эўропа. Ну фантазёр, ну блазан! Амбіцыі Паўла Паўлавіча можна зразумець: вельмі ж ня хочацца яму згубіць няпыльную і высокааплатную працу. Але калі Барадзіну не ўдалося за 10 гадоў стварыць так званую Саюзную дзяржаву ўсяго толькі з двух суб’ектаў, то выклікае вялікі сумнеў, што да 2017 году Пал Палычу ўдасца далучыць да сябе нават Заходнюю Эўропу. Уладзімер, Полацак».

Наша сталая слухачка зьвяртаецца да дэпутатаў Нацыянальнага Сходу:

Спадарыня: «Год 2009 быў годам вялікай крытыкі нашай апазыцыі як з боку нашых слухачоў, так і з боку афіцыйнага Менску. Але і ўнутры апазыцыі ня ўсе пытаньні вырашаліся так гладка. Тым ня менш у мяне такая прапанова: не далей як учора прадстаўнік расейскай Дзяржаўнай думы ў сваім выступе прызнаўся, што посьпехі Расеі былі б больш заўважныя, калі б яны прыслухаліся да сваёй апазыцыі. Таму, нашы парлямэнтары, прызадумайцеся і вы над гэтым пытаньнем».

Шаноўныя слухачы! Гэтымі днямі мы прапануем свой эфір ня толькі для сур’ёзных развагаў, водгукаў на злабадзённыя тэмы, але і для сьвяточных віншаваньняў. Слухаем іх чарговую падборку.

Два тыдні таму былому сьпікеру Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, прафэсару Станіславу Шушкевічу споўнілася 75 гадоў. Дзень народзінаў ён сустрэў у ЗША, дзе выступаў зь лекцыямі, а зараз вярнуўся на радзіму. Вось адно зь віншаваньняў нашых слухачоў:

Спадар Аракул: «Мы ўдзячныя Шушкевічу Станіславу Станіслававічу за яго прадбачаньне, што з роднай Беларусі прыбралі сьмерцяносную зброю, якая ў цяперашні час была пагрозай для ўсяго сьвету і для нас саміх. Віншуем вас з днём народзінаў, а таксама з хрысьціянскімі сьвятамі і наступаючым Новым годам! Здароўя вам на многія-многія гады».

Спадарыня Яўгенія Казлова, Ворша:

«Зноў прыйшло хрысьціянскае сьвята,
Зноў сьвяткуе шчасьлівы народ
Адмыслова, прыгожа, заўзята
На зямлю сына Бога прыход.

Зь невялікім спазьненьнем віншую сваіх суайчыньнікаў грэка-каталікоў і рыма-каталікоў, усіх вернікаў са сьвятам Божага нараджэньня. Хочацца павіншаваць асабіста Рыгора Іванавіча Барадуліна і Ўладзімера Арлова з гэтым сьветлым сьвятам. І віншую ўсю маю родную Беларусь: Хрыстос нарадзіўся, славім яго! Жадаю ўсім нам любові да Радзімы, бліжняга, мужнасьці і цярпеньня».

«Спадар Валер Курневіч, Барысаў:

«2010 год годам тыгра будзе.
Што ён дае людзям?
Каб абрубіць свае хвасты, ты на хвост тыгра наступі.
Тады ты пачнеш хутка бегаць і хадзіць, сваю справу рабіць.
У 2010 годзе мужайся, хуткасьцю абараняйся».

Нагадваем: тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG