Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часопіс “Newsweek” публікуе сьпіс галоўных падзей, якія адбудуцца альбо могуць адбыцца ў 2010 годзе. Журналісты чакаюць пераваротаў ў Пакістане і Вэнэсуэле, крызісаў у Кітаі і Эўропе, абвалу фунта стэрлінгаў, росквіту Бразыліі. Ці вы згодныя з імі? Які ваш прагноз?


Нарошчваньне кантынгенту ЗША ў Аўганістане будзе эфэктыўным, лічаць аналітыкі «Newsweek». Ўстаноўка на абарону насельніцтва дапаможа амэрыканцам схіліць на свой бок аўганцаў, цытуе часопіс сайт Хартыі-97.

На другім месцы ў сьпісе прагнозаў -- эканамічны каляпс Кітая. Лёгкія грошы “перагрэлі” кітайскія рынкі акцый і нерухомасьці, на небясьпеку гэтай сытуацыі паказваюць нават афіцыйныя асобы Пэкіну. Калі бурбалкі лопнуць (асабліва ў спалучэньні з банкаўскім крызісам, гандлёвай вайной або запаволеньнем тэмпаў росту ў Кітаі), па сьвеце пракоціцца хваля дэфляцыі, мяркуе выданьне.

У Пакістане зноў адбудзецца ваенны пераварот, лічыць часопіс. Прэзыдэнт Асіф Алі Зардары не папулярны ў насельніцтва, а таксама ва уласных міністраў і войска. Пакістанскія ваенныя яшчэ менш, чым цяперашні рэжым, схільны пакарацца волі Вашынгтону, а такім чынам, у ЗША зьявіцца яшчэ адзін няўжыўчывы партнэр па вайне ва Аўганістане.

Уга Чавэса ў 2010 годзе таксама скінуць путчысты, сьцьвярджае выданьне, і прагназуе Вэнэсуэле гіпэрінфляцыю, эканамічны каляпс і разгул злачыннасьці. “Сьвежае малако, ялавічына і вэнтылятары стануць прадметамі раскошы, а звычку штодня прымаць душ Чавес аб'явіць буржуйскай сьпешчанасьцю”, піша часопіс. Насельніцтва перастане падтрымліваць прэзыдэнта, і ваенныя возьмуць уладу.

У Эўропе нацыянальныя і рэлігійныя меншасьці паўстануць супраць расісцкай палітыкі ўладаў -- напрыклад, забароны будаваць мінарэты ў Швайцарыі. У асаблівасьці гэта магчыма ў Францыі, дзе хваляваньні сярод мусульман толькі на руку многім палітыкам.

Супраць Ірану будуць уведзеныя міжнародныя санкцыі, чакае Newsweek, патлумачыўшы гэта тым, што рэжым Ахмадзінэжада зараз ня схільны да перамоваў і кампрамісаў. Насельніцтву давядзецца рабіць пакупкі на чорным рынку, што толькі ўзмацніць пазыцыі Вартавых ісламскай рэвалюцыі, якія кантралююць кантрабанду.

”Новым Кітаем” зробіцца Бразылія, мяркуе часопіс. У 2010 годзе іншыя краіны БРІК моцна адстануць ад яе. Уласна, Расея даўно сышла з дыстанцыі: аўтарытарныя тэндэнцыі Пуціна палохалі замежныя інвэстыцыі. Бяда Індыі -- яе нестабільныя суседзі, а ў Кітаі чакаецца экалягічная катастрофа.

У Вялікабрытаніі торы атрымаюць “піраву перамогу”. На думку журналістаў, на парляменцкіх выбарах кансэрватары не атрымаюць абсалютнай большасьці галасоў і нехаця ўтвараюць кааліцыю з лібэрал-дэмакратамі, што перашкодзіць прасунуць захады, неабходныя для пагашэньня калясальнага зьнешняга доўгу. Фунт стэрлінгаў абваліцца, і ў краіне пачнецца сур'ёзная рэцэсія.

Эўропу чакае новы фінансавы крызіс, прагназуе выданьне. На гэты раз ён закране запазычанасьці дзяржаваў і ў горшым выпадку скончыцца дэфолтам. Краіны зоны эўра ня могуць зьвярнуцца да такіх інструмэнтаў, як павялічэньне грашовай масы або дэвальвацыя нацыянальнай валюты.

Фідэль Кастра памрэ, і адносіны паміж ЗША і Кубай палепшацца, малюе Newsweek яшчэ адзін сцэнар. Улада пяройдзе да Рауля Кастра, які дзеля эканамічнай выгады ад сувязяў з ЗША можа зьмякчыць антыамэрыканскую рыторыку. Адміністрацыя Абамы ахвотна пойдзе на збліжэньне, і да канца году дзяржсакратар Клінтан аб'явіць праграму нармалізацыі стасункаў з Гаванай да 2013 года.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG