Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна, вуліца Прытыцкага, 5


Шыльда свабоды
Маладэчна, вуліца Прытыцкага, 5
У гэтым будынку з 1992 па 1994 год працаваў старшынёй Маладэчанскага гарадзкога выканаўчага камітэту выдатны палітык і навуковец Генадзь Карпенка. За разьвіцьцё эканамічнай свабоды і нацыянальнай культуры Маладэчна называлі «Горадам Сонца»
Адна зласьлівая дзяржаўная газэта саркастычна напісала, што мэр Карпенка са сваёй камандай хоча з Маладэчна зрабіць «горад сонца». Сарказм быў недарэчны, бо насамрэч у, здавалася б, безнадзейна пахмурнай Беларусі пачатку 1990-х гадоў сонца прабівалася хіба што ў Маладэчне.

Малады аўтарытэтны вучоны і палітык Генадзь Карпенка прыйшоў у гарвыканкам са сваёй камандай — ужо вядомымі ў краіне дэмакратамі. Намесьнікам стаў Віктар Ганчар, начальнікам міліцыі — Уладзімер Станкевіч, кіраўніком спраў — Валеры Костка. Упершыню ў Беларусі горадам кіравала цалкам дэмакратычная беларуская ўлада.

Маладэчна іхняй пары — гэта горад бізнэсу і будоўляў і сталіца мастацтваў. Тэатральны фэстываль «Маладэчанская сакавіца» адзначаўся асаблівай атмасфэрай павагі да актораў. У многіх у памяці засталася мізансцэна, як на першай «Сакавіцы» мэр Карпенка на сцэне мясцовага тэатра на каленях дорыць кветкі вялікай Стэфаніі Станюце. А затым караван аўтамабіляў скіроўваўся на Менск з падарункамі акторам — лядоўнямі і тэлевізарамі, купіць якія за свае жабрацкія заробкі вялікія беларускія акторы не маглі.

Гэта стала магчымым толькі таму, што ў Маладэчне былі адкрытыя шырокія магчымасьці для бізнэсу, — кажа Валеры Костка:

Калі мэр гораду гаварыў на беларускай мове, дык і астатнія, хоць неяк, але стараліся таксама гаварыць на гэтай жа мове.
«Бізнэс і ўлада працавалі не як карупцыйная зьвязка „ты — мне, я — табе“, а ўлада дапамагала бізнэсу, а бізнэс дапамагаў уладзе».

Маладэчна рабілася сапраўдным беларускім горадам. Беларуская мова з будынка гарвыканкаму пашыралася і ў іншыя ўстановы гораду, — успамінае Валеры Костка:

«Усе пратаколы былі аформленыя толькі на беларускай мове. І размаўлялі на выканкаме толькі па-беларуску. Калі мэр гораду гаварыў на беларускай мове, дык і астатнія, хоць неяк, але стараліся таксама гаварыць на гэтай жа мове».

Гарадзкая ўлада сьмела вяртала гістарычныя і давала новыя беларускія назвы вуліцам замест бальшавіцкіх.

Калі прэзыдэнтам краіны стаў Аляксандар Лукашэнка, Генадзь Карпенка сам пакінуў крэсла мэра, бо ня мог працаваць у той вэртыкалі ўлады, якую выбудоўваў Лукашэнка. Усьлед за ім пакінула выканкам і бальшыня ягонай каманды. Над Маладэчнам сонца зноў пачало хавацца ў хмары.

Тым часам пра Карпенку ўся краіна загаварыла як пра вельмі верагоднага наступнага прэзыдэнта. Але... 6 красавіка 1999 году ён раптоўна памёр ад кровазьліцьця ў мозг. Мала хто верыць у натуральнасьць ягонай сьмерці.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG