Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незвычайныя людзі Вялікіх Навасёлак


Калі будзеце раптам ехаць з Койданава на Заслаўе, раю заехаць на некалькі хвілінаў у Вялікія Навасёлкі. На першым жа павароце збочвайце ўправа. І праз пару соцень мэтраў, каля старых могілак, убачыце ўказальнік да магілы Казіміра Кастравіцкага. Пісьменьніка і палітвязьня нашаніўскай пары Каруся Каганца.


А калі праедзеце яшчэ крыху наперад, дык можаце ўявіць сябе ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Палац Кастравіцкіх з уязной брамаю, абкружаны старасьвецкім паркам, захаваўся ў цудоўным стане. Дзякуючы бальніцы, што месьціцца ў ягоных мурах.


Нават руіна колішняй стайні толькі дадае рамантычнага шарму ў краявід.


Шкада толькі, што гэты палац — не радавое гняздо Каганца. Навасёлкаўскі краязнаўца Вячаслаў Кавалеўскі распавёў мне сумную гісторыю пра тое, як прозьвішчы катаў часам становяцца беларускімі тапонімамі.

Вячаслаў Кавалеўскі
Вячаслаў: «Кастравіцкія прымалі ўдзел у паўстаньні Кастуся Каліноўскага. За што былі сасланыя ў Сыбір. Там у Карла Кастравіцкага нарадзіўся сын Казімір, які пазьней узяў псэўданім Карусь Каганец. Пахаваны тут у нас, недалёка. Гэты маёнтак, што ў Вялікіх Навасёлках, быў перададзены Захоўскім, памешчыкам з-пад Кракава. А вось той маёнтак у Малых Навасёлках — там менавіта быў Карл Кастравіцкі, гэта побач, — той маёнтак падарылі штабс-капітану Шуставу. Шустаў вызначыўся тым, што вельмі жорстка расправіўся з паўстанцамі. Вось яму за гэта і падарылі маёнтак. Праўда, пасьля ў гэтага Шустава забілі сына на вайне. Ён яго пахаваў. Сам запіў, загуляў. Перастаў глядзець гэты маёнтак. І гэты маёнтак ад яго забралі. А ад яго толькі засталася памяць, што лес за Ярашоўкай называецца Шустаўскі лес. А будынак у 1936-м годзе разабралі цалкам да цаглінкі. Гэта быў цудоўны будынак, аднапавярховы, на высокім падмурку, з чырвонай цэглы. Але яго разабралі. «До основанья, а затем...»

У Вялікіх Навасёлках ёсьць незвычайныя людзі. Вось, напрыклад, Ксенія Лявонаўна Падвербная. Калі я бачу старэнькую, невысокую бабулю, якая арудуе вялізнай сякерай, а карціна гэтая ў нашых вёсках ня рэдкая, кожнага разу зьдзіўляюся прыроднай моцы гэтых кабет.

Карэспандэнт: «А колькі ж гадоў вам?»

Ксенія: «Восемдзесят шэсьць».

Карэспандэнт: «Восемдзесят шэсьць гадоў. І яшчэ рукі трымаюць сякеру?»

Ксенія: «А хто ж будзе трымаць?»

Але Ксенія Падвербная ўнікальная ня гэтым. Я ўпершыню сутыкнуўся з амаль натуральнай гаспадаркай. Справа ў тым, што спадарыня Ксенія ня можа есьці крамнага хлеба. І ўсё жыцьцё жыве на сваім.

Ксенія: «Я не магу бяз хлеба без свайго. Не было мукі, не папякла я тыдні два ці тры. Дык я аж аташчала».

Карэспандэнт:
Я не магу бяз хлеба без свайго. Не было мукі, не папякла я тыдні два ці тры. Дык я аж аташчала.
«Чаму? Няўжо магазінны хлеб нейкі не такі?»

Ксенія: «Не, ён такі. Але я прывыкла да свайго. Канечне, трошкі не такі. Дый на дражджах. А я раблю на бульбе. Патаўку яе, муку сею. Пячэцца ён не гадзіну і ня дзьве. Чатыры. А то і болей. Ён павінен у печы трохі вырасьці».

Карэспандэнт: «Гэта адкуль? Ад маці?»

Ксенія: «Канечне. Я навучылася ў пятнаццаць, а можа, у дзесяць гадоў. Мама робіць, я да яе. Я зь дзяцінства навучылася ўсё рабіць. Я да ўсяго прыязная».

Я быў пасаджаны за стол і напоены духмянай травяной гарбатай. З чорным сапраўдным хлебам, які можна есьці як асобную страву. І з поснымі булкамі, надзвычай смачнымі. Можаце сьмела мне пазайздросьціць.

Карэспандэнт: «З таго хлеба, які сёньня прадаецца ў крамах, там жа многа гатункаў. І такія, і сякія. На ваш густ, ёсьць, які можна пахваліць?»

Ксенія: «Ёсьць. Булкі такія бальшэнныя. Нарачанскі. Але ўсё роўна. Мой хлеб будзе тыдзень ляжаць, але ён плесьню ня дасьць. А тыя адразу плесьню даюць. Мой хлеб цьвердаваты. А дзяржава нешта дадае, чаму ён мяккі. І рыхлы. А ў мяне, акрамя бульбы, няма нічога. Ну, ежце, ня грэбуйце. Ежце».

Але ж ня хлебам адзіным жыве чалавек Ксенія Падвербная. Яна яшчэ не купляе абрусы, ручнікі, спадніцы і кофты. У яе куфры — цэлае музэйнае багацьце.


Ксенія: «Яшчэ і тутачкі. Як прыехала, вось такія ткала. І вышывала. А я адна ж у хаце. Ведаеце, сумна. Гарыць сьвятло. Саджуся і вышываю».

Дарэчы, тканіну для сваіх абрусаў яна таксама не купляе.

Ксенія: «Лён сею на гародзе. Пасьпее ён, я яго выберу, абмалачу. Там на гародзе пасьцялю. Ён улежыцца. У мяне мялка ёсьць. Я яго высушу і патроху мну».

Далібог, адна справа ўбачыць пралку ў музэі, і зусім іншая — сутыкнуцца з поўным цыклем пераўтварэньня ільну ў ткацкі шэдэўр. На пачатку ХХІ стагодзьдзя. За сорак вёрст ад сталіцы.

Уладзімір Крыловіч, сярэдняга веку мужчына, зь вясёлым адкрытым тварам, паводле адукацыі — фізык. Працаваў доўгія гады на сталічным «Інтэграле». Але зьбег на вёску і адчувае сябе шчасьлівым чалавекам. Уладзімір заняўся садаводзтвам. Прычым досыць пасьпяхова. Саджанцы ягоных грушаў купляюць гаспадары з усяго навакольля.


Уладзімір: «Тут сапраўдны батанічны сад невялікі. І тое ўбачыце, і тое можаце пакаштаваць. Ужо сьнежань, а можаце каліну пакаштаваць гатунковую».

Карэспандэнт: «А чым асабліва ганарыцеся? Вырасьцілі, можа, які кавун у нашых шыротах?»

Уладзімір: «Тут усё можна вырасьціць, у прынцыпе. І абрыкосы ў гэтым годзе спрабавалі, і пэрсікі спрабавалі».

Карэспандэнт: «І што, растуць?»

Уладзімір: «А як жа? Лімоны ў нас нават можна вырасьціць. Дзеці цікавяцца садам. Могуць цераз плот якую грушу сарваць. Мяне гэта, у прынцыпе, радуе больш, чым засмучае».

У Навасёлкаўскай школе надзвычай багаты музэй. Яго нельга назваць школьным. Гэта маленькі краязнаўчы музэй, зь некалькімі экспазыцыямі. Ёсьць пакой прыроды зь якаснымі чучаламі.


Ёсьць густоўна зробленая этнаграфічная экспазыцыя.


Толькі ў гэтым музэі існуе куток, прысьвечаны гісторыку Міколу Ермаловічу.


Бо род трох братоў Ермаловічаў пайшоў адсюль. Валянцін Ермаловіч — тэатральны дзеяч. А Леанід Ермаловіч выкладаў у Навасёлках родную мову і літаратуру. Гэта ён давёў да ладу музэй і дзякуючы яму паўстаў помнік Карусю Каганцу.


Але мы з вамі пойдзем у актавую залю, дзе ідзе рэпэтыцыя каляднай батлейкі. Праводзіць рэпэтыцыю псыхоляг Вераніка Матусэвіч.

Вераніка Матусэвіч
Карэспандэнт: «Вераніка, вы псыхоляг. А ў чым заключаецца ваша праца?»

Вераніка: «Ну, афіцыйна трэба пісаць усякія пляны і „адчоты“. Пачынаць месяц плянам, а заканчваць „адчотам“. А на рэальную працу і часу нестае».

Карэспандэнт: «А што ёсьць рэальная?»

Вераніка: «Я раблю батлейку і думаю, што гэтым можна дапамагаць дзецям і іхным сем’ям. Не чытаць ім маралі, а заняць іх дзейнасьцю».

Карэспандэнт: «Гэта была вашая ініцыятыва?»

Вераніка: «Мая. Гэта новае ў школе».

Карэспандэнт: «А як дзеці ўспрымаюць гэта?»

Вераніка: «Дзеці кінуліся адразу на новае. Але яны ведалі, што такое батлейка. І шмат хто запісаўся. Але ходзяць толькі дзеці... Нечым пакрыўджаныя. Жыцьцём. Каму дома няма дзе дзецца. Бацькі п’юць. І ў іх там нелады. І яны прыяжджаюць на батлейку, робяць лялькі. Для іх гэта выйсьце. Для мяне таксама. Я зь імі люблю займацца. Гэта самыя адданыя батлейшчыкі. Ёсьць дзяўчынка, у якой мама ў турме. Яна за гаспадыню. У пятай клясе, але ўжо ўсё ўмее рабіць. І лялькі робіць для батлейкі».

Карэспандэнт: «Яна ведае, дзе знаходзіцца мама?»

Вераніка: «Так, яна даведалася пра гэта ў восем гадоў. Але ў дзяцей няма такога, што яны зацыкліліся на кепскім. У іх разам са шкадобай, з сумам па маме існуе нейкае вясёлае стаўленьне да абставінаў жыцьця. Яна кажа: «маму пасадзілі на тры гады, а яна сядзіць ужо пяць. Можа, плоха сібя вяла».

А зараз давайце пагутарым зь дзецьмі. Прыгожымі, кантактнымі, з добрай моваю.



Карэспандэнт: «Вам падабаецца ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі?»

І дзяўчынка: «Так. Песьні ўсякія такія харошыя, лялькі харошыя. Трэба рабіць сцэнкі».

ІІ дзяўчынка: «Яна мне падабаецца з самага дзяцінства. Мы на батлейцы робім цацкі».

Карэспандэнт: «Самі?»

ІІ дзяўчынка: «Так. Наша любімае сьвята — Каляды».

Карэспандэнт: «А чаму?»

І дзяўчынка: «Можна схадзіць пакалядаваць».

Карэспандэнт: «А што бы ты хацела, каб табе падарылі?»

І дзяўчынка: «Тэлефон, сабаку хачу яшчэ».

ІІ дзяўчынка: «Я хачу сама падарыць. Пажадаць шчасьця родным бацькам».

Зь Вялікіх Навасёлак я вяртаўся з сапраўдным хлебам, з духмянай пасмай лёну і з тузінам велізарных ігрушаў. Але поўнай радасьці не было. Бо Навасёлкаўская школа можа пазбавіцца свайго ўнікальнага псыхоляга Веранікі, якую любяць дзеці. І ўсё з-за таго, што пісаніна плянаў і справаздачаў займае асноўны час. І каму гэта ўсё трэба?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG