Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Парыж, што ў Пастаўскім раёне, належыць да парафіі знакамітага ксяндза Ёзаса Булькі. Аднак падчас сёлетніх Калядаў ён ня змог сустрэцца зь вернікамі: сьвятар знаходзіцца ў менскім шпіталі пасьля інфаркту і складанай апэрацыі.

Кожны парыджанін гатовы распавесьці, што пробашч касьцёла сьвятой Ганны ў вёсцы Мосар на Глыбоччыне, нямала зрабіў для іхнай вёскі. У прыватнасьці, менавіта ягонай ідэяй было распачаць адраджэньне заняпалай вёскі ды ўключыць Парыж у сьпіс экскурсійных аб’ектаў, каб сюды таксама прывозілі турыстаў.

Праўда, пастаўскі Парыж цяжка параўнаць з глыбоцкім Мосарам, дзе ксяндзу Ёзасу ўдалося ня проста добраўпарадкаваць прыкасьцёльную тэрыторыю, але й зрабіць гэта так удала, што тысячы турыстаў едуць паглядзець «беларускі Вэрсаль». Ці не адзіная тутэйшая адметнасьць — гэта айчынная «Эйфэлева вежа»: 30-метровая мэталічная канструкцыя, якая нагадвае звыклую апорную вежу лініі электраперадач. Яе зрабілі на прадпрыемстве «Глыбоцкія электрычныя сеткі», там ёсьць глядзельная пляцоўка, на якую можна падняцца па лесьвіцы, а ўверсе — каталіцкі крыж.

Унізе, каля вежы, замеценыя сьнегам скульптуры Дзевы Марыі і двух анёлаў/

Паводле ідэі ксяндза Ёзаса, вежа мусіла падсьвечвацца на Каляды рознакаляровымі лямпачкамі, аднак у ягоную адсутнасьць сёлета гэтага не зрабілі.

«Эйфэлеву вежу» ў Парыжы летась у кастрычніку асьвяціў арцыбiскуп Тадэвуш Кандрусевiч. Тады ж быў асьвечаны й будынак музэю Яна Паўла ІІ, стваральнікам якога быў ксёндз Булька, і мясцовы касьцёл сьвятога Юзафа — перароблены будынак даўно зачыненай крамы.

Уласна крамаў у Парыжы дзьве: адна дзяржаўная, другая прыватная. У абедзьвюх вольна прадаюцца алькагольныя напоі, супраць чаго пратэстуе ксёндз Булька — вядомы барацьбіт з побытавым п’янствам і алькагалізмам.

Ёсьць школа, дзе навучаецца 27 вучняў. Ёсьць нядаўна адрамантаваны шпіталь з так званымі «сацыяльнымі ложкамі» — сюды на зімовае ўтрыманьне бяруць нямоглых адзінокіх старых, і ўсе месцы на сёньняшні дзень занятыя.

Працаздольнае насельніцтва ў асноўным занятае ў гаспадарцы «Залаты вянок», а ўсяго ў вёсцы жывуць 340 чалавек.

Тым ня менш, раённае кіраўніцтва вырашыла менавіта тут стварыць аграгарадок, хоць на Пастаўшчыне ёсьць вёскі больш шматлюдныя да перспектыўныя. І менавіта на Каляды, 25 сьнежня, адбылася зьмена статусу былой вёскі: у Парыскім сельскім доме культуры прайшла афіцыйная імпрэза ў прысутнасьці адміністрацыі раёну, а таксама канцэрт з удзелам фальклёрнага калектыву, Дзеда Мароза і Сьнягуркі.

Паводле сцэнара, некалькі рэплік яны прамовілі па-французку, і гэта дужа спадабалася парыжанам. Ксёндз Ёзас Булька таксама часта гаварыў, што варта ўсталяваць сяброўскія сувязі паміж «нашым» Парыжам і францускай сталіцай, аднак пакуль гэтая ідэя так і застаецца не ўвасобленай. Нават у мясцовай школе вывучаюць ангельскую, а не францускую мову.

Сёлетнія Каляды аказаліся «мокрымі»: увесь дзень 25 сьнежня ішоў дождж, пад нагамі раставаў лёд, а мясцовыя жыхары скардзіліся, што ў сельсавеце ніхто не парупіўся знайсьці два вядры пяску, каб пасыпаць дарожкі вакол клюбу.

Згадваючы гісторыю «новапрызначанага» аграгарадка, мясцовыя жыхары распавядалі, што, паводле паданьня, Парыжам гэтае паселішча назваў Напалеон Банапарт у часе вайны 1812 году, параўнаўшы Булонскі лес з тутэйшымі маляўнічымі мясьцінамі. У савецкі час вёска Парыж праіснавала на картах да 1967 года — пасьля яе перайменавалі ў Навадруцк. Але парыжане дамагліся, каб у 2006-м годзе вёсцы вярнулі гістарычную назву. Ксёндз Ёзас таксама паспрыяў гэтаму перайменаваньню, і ўвогуле жыхары Парыжу кажуць пра яго толькі добрыя словы ды зычаць, каб ягонае здароўе хутчэй паправілася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG