Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раство цяжка назваць традыцыйным сьвятам. Напэўна, большасьць беларусаў, былых савецкіх грамадзянаў, ня тое што не сьвяткавала, нават ня чула аб ім ладную частку свайго жыцьця. Але ў гэтым ёсьць таксама свае плюсы. Бо яно не пасьпела яшчэ на тутэйшых прасторах пераўтварыцца ў "X-mas", дзе "ікс" - любая пераменная, калі ўжо мала хто памятае, што і дзеля чаго сьвяткуецца, у сьвята (і адначасова галаўны боль) шалёнага шопінгу.


А чым ёсьць сьвята Раства Хрыстовага сёньня для беларускіх блогераў?



(Падгледжана ў dolka777)

Для Аляксандра Фядуты - гэта найперш сьвята дзяцінства:

"Усіх, для каго гэты дзень - сьвята, - са сьвятам!
Дабра Вам, шчасьця і радасьці!
Тым, хто толькі прысутнічае на чужым сьвяце, - адчуйце яго сваім на імгненьне.
І няхай Вам таксама будзе вельмі-вельмі добра!
Узгадайце сваё дзяцінства: да Вас жа таксама прыходзілі мудрацы! І яны прыносілі Вам памаранчавыя мандарыны, якія пахлі шчасьцем. І ёлка хавала Вас у сваіх шатрах, нібыта за Вамі гнаўся цар Ірад з сваёй вартай!
Не сталейце! Хаця б у гэтую ноч - няхай Вам і Вашым блізкім будзе добра, як у дзяцінстве.
Шчасьлівага Раства!"




(Падгледжана ў true_hans, які выклаў у сваім блогу калекцыю калядных паштовак розных гадоў - ад 1930 да 1976).

Калі feduta заклікае не сталець, michalinka жадае кожнаму "дазволіць Хрысту нарадзіцца ў сваім сэрцы ды зь немаўляці вырасьці ў поўны Свой рост".



(Яшчэ адна паштоўка з калекцыі true_hans)

Блогерка nusmumrik піша, што гэтае сьвята - для "скораных сэрцам":

"А навошта Раство тым, хто сам сабе бог, хто задыхаецца ад сваіх пантоў, хто такі велічны, што ніхто яму ня трэба, ніхто яму ня ўказ, ніхто — не аўтарытэт? Навошта вы, такія, чакаеце Бога? Што вы чакаеце? Што прыйдзе Ён? А навошта Ён вам? Вы ж самі сабе — багі, вы ж самі ўсе вырашаеце, самі ўсё робіце, вы — валадары свайго жыцьця, свайго шчасьця. Навошта вам Езус? Сфатаграфавацца зь ім, узяць аўтограф? Для чаго Ён, яго прыйсьце? - пахваліць вас — ой, оёй, ёй, якія вы харошыя, граматныя, таленавітыя! Ён не прыйшоў дзьве тысячы гадоў таму ў багатыя дамы і гатэлі, а нарадзіўся сярод убогіх жывёлак, і пастухі яго прывіталі першымі. Ен прыйдзе, прыйдзе абавязкова — да скораных сэрцам".

А для Кастуся Чарнеца - сьвята тых, каму "не знайшлося месца ў карчме", і таго, хто "ня мае, дзе галаву прыкланіці".

"Трэба дапамагчы Яму: зрынуць уладароў з тронаў, і ўзвысіць прыніжаных; галодных абдарыць дабротамі, і багатых адправіць ні з чым. Вось гэта сьвята! Вось тады будзе на зямлі мір, у людзях добрая воля! Амэн".



(Падгледжана ў ziankovich)

Зрэшты, для сіх-тых, сёньняшні дзень - усяго толькі "польскае" сьвята і дадатковая нагода выпіць. Распавядае abrykos:

Няпозьнім вечарам 24-га сьнежня мне трэба было зрабіць дзьве рэчы: выйсьці з дому, каб паразмаўляць паўгадзіны па справе, і зайсьці ў краму, каб набыць прадукты да сьвяточнай вячэры. У мяне побач з домам тры з паловай кавярні, і ўсе яны былі занятыя карпаратыўшчыкамі. Таму давялося лякалізавацца з калегам у піўным павільёне каля Чэрвеньскага рынку. У павільён заходзіць дзядзька, выглядам як бомж, але ня бомж. Да прадавачкі:

- Танька, привет! С праздником.
- Каким праздником?
- Я же поляк, завтра ж эта, как её, польская...

Выходжу з крамы, мінаю калдыроў, што паселі як галубы ля віна-гарэлачнага аддзелу. Чую:

- Ну, вздрогнем, панове!




(Падгледжана ў ales_mazanik. "Нейкія яны сумныя" - заўважыла hanka_shept)

Натальля Васілевіч распавяла пра цікавы "альтэрнатыўны падарунак" на Раство:

"Мне падарылі 15 дрэваў у Афрыцы. Т.б. для мяне пералічылі грошы на тое, каб "і на Марсе яблыні квітнелі". Такія падарунак зараз вельмі папулярны ў Фінляндыі. І мне здаецца, што гэта вельмі ўдалы ход. Вось, напрыклад, у чалавека ўсё ёсьць, і кожны новы падарунак - усяго толькі яшчэ адна непатрэбная ў гаспадарцы рэч. Замест гэтай непатрэбнай ў гаспадарцы рэчы сябра чалавека набывае патрэбную камусьці рэч і дорыць яе ў імя гэтага чалавека, а яму ў якасьці падарунку паведамляе - я табе на дзень народзінаў (або іншае сьвята) падарыў цацкі Кобрынскаму дзіцячаму дому".




(Вясёлы індыйскі рэмікс каляднай песьні "Джынг бэлз" ("Звон зьвініць") - пазычана ў f_f)

Блогерка barbanel падсумоўвае наш калядны агляд: "Калісьці вельмі даўна мы сьвяткавалі Раство вялікай кампаніяй і адзін наш таварыш сказаў найцудоўнейшы тост: "Зь днём народзінаў, Госпадзе!".

Далучаюся. І ўсіх вас, каго гэта датычыць, таксама шчыра віншую!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG