Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму для ўлады непрымальная этнакультурная ідэалёгія? Ці гатовае грамадзтва да беларусізацыі? Ці магчыма правядзеньне Лукашэнкам сваёй перадвыбарчай кампаніі пад лёзунгам “За беларускую Беларусь”?


Удзельнікі: дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі, галоўны рэдактар часопісу “Arche” Валер Булгакаў і шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” Андрэй Дынько.

Віталь Сіліцкі
Валер Булгакаў
Андрэй Дынько

Чаму для ўлады непрымальная этнакультурная ідэалёгія?


Валер Карбалевіч: “Агучаная па тэлевізіі заява Лукашэнкі, што ён найперш размаўляе на беларускай мове, перавод навінаў абласных тэлеканалаў на беларускую мову, зьяўленьне беларускамоўнага міністра культуры Латушкі. Гэтыя факты далі падставу некаторым экспэртам і журналістам казаць пра першыя прыкметы дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі.

Але перш чым рабіць нейкія высновы, трэба спачатку разабрацца, у чым прычыны непрыняцьця дзейным рэжымам этнакультурнай ідэалёгіі. Ужо колькі гадоў афіцыйная прапаганда робіць акцэнт на ідэю незалежнасьці. Нагадаю, што прэзыдэнцкая кампанія Лукашэнкі 2006 году ішла пад лёзунгам “За Беларусь”, праз год лёзунг трансфармаваўся ў слоган “За незалежную Беларусь”. Але ў краіне ўсталявалася афіцыйная ідэалягічная мадэль, якую філёзаф Валянцін Акудовіч назваў “Нацыяналізм бяз нацыі”. Яна будавалася на расейскай мове, паўсавецкай афіцыйнай сымболіцы, гісторыі, якая пачынаецца зь Вялікай Айчыннай вайны, і грамадзянах, якія моцна любяць Лукашэнку. І адначасова — упартае змаганьне з этнакультурным нацыяналізмам і ягонымі носьбітамі. Чаму менавіта такі канструкт афіцыйнага нацыяналізму ўсталяваўся ў краіне?”

Віталь Сіліцкі: “Улады не прымаюць ідэалёгію этнакультурнага нацыяналізму таму, чаму я не прымаю, напрыклад, іслам, юдаізм ці вуду. Бо я ў гэта ня веру. Відаць, у гэтую ідэалёгію ня вераць улады. Яны шчыра мысьляць сябе “рускімі з знакам якасьці”, таму і адбудоўвалі такую Беларусь. А ўвогуле нацыянальна-дэмакратычны дыскурс — гэта не адзіная схема, у якой можна сябе мысьліць беларусам”.

Карбалевіч: “Але ці можна ўвогуле сказаць, у што верыць ці ня верыць Лукашэнка, які ягоны сьветапогляд?”

Валер Булгакаў: “Ідэалёгія этнакультурнага нацыяналізму ў Беларусі — удзел маргіналаў. Пры стаўцы на гэтую ідэалёгію немагчыма тут было прыйсьці да ўлады. А Лукашэнка — фанатык улады. Ён улоўлівае і каналізуе грамадзкія настроі. І ў 1990-я гады Лукашэнка прыйшоў да адкрыцьця, што палітычны посьпех у Беларусі магчымы пры тарпэдаваньні этнакультурнага праекту. І ягоны курс быў падтрыманы грамадзтвам”.

Андрэй Дынько: “Ня можа быць нацыі без нацыяналізму. Ня можа быць дзяржаўнасьці без нацыянальнай ідэі. І ў Беларусі ёсьць нацыяналізм, толькі не беларускі, а савецкі ці расейскі. Лукашэнка навязваў яго, дыскрымінаваў беларускамоўную культуру, бо Расея аплачвала такі курс. Як толькі расейскія датацыі пачалі вычэрпвацца ці абумоўлівацца непрымальнымі для Лукашэнкі варункамі, ён стаў шукаць паратунку і альтэрнатываў”.

Прычыны спробаў беларусізацыі зьверху


Карбалевіч: “Чым патлумачыць вось тыя згаданыя прыкметы беларусізацыі, якія зьявіліся гэтым годам (заяву Лукашэнкі пра беларускую мову і інш.)? Прэзыдэнт убачыў у гэтым дадатковы чыньнік умацаваньня ўлады ці што іншае?”

Булгакаў: “Па маім перакананьні, Лукашэнка, як гэта ні дзіўна, ніколі нічога ня меў супраць беларускай мовы. Іншая справа, што яго задавальняла савецкая ці каляніяльная культурная мадэль, калі беларуская мова існавала толькі ў запаведніках.

Цяперашні частковы разварот у бок беларускіх нацыянальных каштоўнасьцей адбываецца таму, што беларускі нацыяналізм перастаў уяўляць для рэжыму непасрэдную палітычную пагрозу. У выніку барацьбы зь беларушчынай асноўныя палітычныя апанэнты Лукашэнкі былі палітычна зьнішчаныя, былі зьнішчаныя іх электаральныя рэсурсы”.

Дынько: “Рэжым імкнецца трапіць у жаданьні выбарцаў, прыстасавацца да зьменаў у нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Сам факт жыцьця ў незалежнай дзяржаве мяняе людзей. Добры прыклад даюць суседзі Беларусі. Таму, калі б Лукашэнка працягваў будаваць саюзную дзяржаву з Расеяй ці выступаць за аднаўленьне СССР, то стаў бы палітычным маргіналам.

Таксама зьмяніліся інтарэсы кіроўнай эліты. Калі раней яны былі скіраваныя цалкам на Ўсход, то цяпер яны хочуць зарабляць грошы на Захадзе, імкнуцца пераймаць мадэлі суседніх краінаў”.

Сіліцкі: “Прыкметы беларусізацыі вельмі маленькія. Вось, з аднаго боку, прызначылі міністрам культуры Латушку, а зь іншага боку, міністрам інфармацыі прызначылі Праляскоўскага.

Раней таксама адбываліся нейкія сымбалічныя крокі ў гэты бок. Ці там замак адрэстаўруюць, ці камусьці помнік паставяць, ці аб’явяць Вялікае Княства Літоўскае нашай радзімай. Можа, цяпер іх стала больш.

Тлумачыцца гэта тым, што трэба легітымізаваць рэальную шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі. Для яе трэба пэўны культурны падмурак. Яны ствараюць добразычлівы для ўлады інфармацыйны фон, мэдыі пачынаюць казаць пра нейкую беларусізацыю. Гэта пашырае электаральную базу рэжыму за кошт таго сэктару, які Лукашэнка дасюль увесь час зьнішчаў”.

Ці гатовае грамадзтва да беларусізацыі?


Карбалевіч: “А якія настроі грамадзтва адносна беларусізацыі? Ці гатовае яно прыняць ідэю незалежнасьці ў этнакультурным варыянце?”

Дынько: “Нельга казаць, што той, хто гаворыць па-беларуску, — этнакультурны нацыяналіст. Палітыка Лукашэнкі апошнія гады — нацыяналістычная. У любой краіне палітыка, які заклікаў бы ня вешаць на білборды “замызганых францужанак”, закляймілі б як нацыяналіста. Вось ягоная кампанія “За Беларусь!” Напрыклад, у Аўстрыі праводзіць кампанію пад лёзунгам “За Аўстрыю!” можа дазволіць сабе толькі крайняя экстрэмісцкая партыя.

Ці гатовае грамадзтва да беларусізацыі? Гэта няправільная пастаноўка пытаньня. Задача палітыка — фармаваць грамадзкую думку. Калі прэзыдэнт ЗША Абама вырашыў пакінуць войскі ў Аўганістане, то ён патлумачыў гэта грамадзтву і атрымаў ягоную падтрымку. Людзі гатовыя прыняць любую палітыку дзяржавы”.

Сіліцкі: “Я б засьцярог ад залішняга сацыялягізму, калі мы спрабуем усё растлумачыць грамадкай думкай. Бо грамадзкую думку фармуюць эліты і мэдыі.

Зь іншага боку, нельга лічыць, што з народу можна віць вяроўкі. Народ цяжка рэагуе, калі тычыцца ладу жыцьця людзей. Напрыклад, лёгка можна зьмяніць уяўленьне беларусаў наконт таго, што зьяўляецца прарадзімай Беларусі. А вось зьмяніць моўную практыку людзей — вельмі цяжка. Для гэтага патрэбен доўгі час. Дасьледаваньне нашага інстытуту паказала, што жадаючых размаўляць па-беларуску значна больш, чым тых, хто рэальна размаўляе. Таксама шмат людзей успрымае мову як нацыянальны сымбаль. Паводле адносінаў да мовы існуе вялікая дыфэрэнцыяцыя. Таму да кожнай групы павінны быць свае стратэгіі і падыходы”.

Булгакаў: “Толькі свабодныя выбары могуць больш-менш дакладна адказаць, як успрымае грамадзтва гэтую ідэю. Рэжым робіць вельмі брудную рэч, калі кажа, што большасьць беларусаў супраць беларускай мовы. Толькі пры адкрытай палітычнай сыстэме можа адбыцца пералом на карысьць беларускай мовы”.

Ці працягнецца гэтая тэндэнцыя наступным годам?


Карбалевіч: “Ці можна чакаць, што гэтая тэндэнцыя большай схільнасьці да беларусізацыі ў дзяржаўнай палітыцы будзе прыцягнутая наступным годам?”

Сіліцкі: “Досьвед паказвае, што перадвыбарчы пэрыяд — дрэнны час для беларушчыны. Бо яе выкарыстоўвалі для ідэнтыфікацыі ворагаў. Патрэбныя актыўныя дзеяньні грамадзянскай супольнасьці, энтузіястаў беларушчыны. Напрыклад, можна выкарыстаць 600-годзьдзе Грунвальдзкай бітвы”.

Булгакаў: “Рамкі палітыкі беларусізацыі задае грамадзянская супольнасьць. Калі людзей, якія прыхільныя гэтай ідэалёгіі, будзе болей, то болей будзе і палітыкі беларусізацыі. Бо ўлады будуць вымушаныя рэагаваць. Важным гульцом у гэтай сфэры зьяўляецца Эўропа. Градус беларусізацыі будзе залежаць ад узроўню супрацоўніцтва Беларусі з ЭЗ”.

Дынько: “Цалкам пагаджаюся, што ход беларусізацыі будзе цалкам залежаць ад грамадзкага ціску. І Эўропа сапраўды дае тут добры прыклад”.

Беларусізацыя і прэзыдэнцкія выбары


Карбалевіч: “Наступным годам нас чакае прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Як яна паўплывае на працэсы беларусізацыі? Ці можна чакаць, што раптам Лукашэнка загаворыць на беларускай мове? Ці магчыма правядзеньне ім сваёй перадвыбарчай кампаніі, напрыклад, пад лёзунгам “За беларускую Беларусь”?”

Булгакаў: “Рэгулярна зьяўляюцца прагнозы лібэральнай расейскамоўнай інтэлігенцыі, што Лукашэнка вось-вось загаворыць па-беларуску. Па сваёй частаце іх можна параўнаць з прагнозам пра хуткі непазьбежны эканамічны каляпс рэжыму. Лукашэнка — папуліст, таму ён ніколі ня стане нацыянал-дэмакратычным палітыкам.

Але ў мяне заўсёды выклікалі боль і горыч спробы апазыцыйных палітыкаў раўняцца на Лукашэнку, спадабацца большасьці, каб узяць уладу. Замест таго каб прынцыпова і шчыра адстойваць нацыянальную опцыю”.

Карбалевіч: “Але прыйсьці да ўлады ў эпоху дэмакратыі можна толькі заваяваўшы большасьць. Ніякіх іншых варыянтаў палітычная практыка ня ведае”.

Дынько: “Не пагаджуся з вамі, сп. Карбалевіч, што задача палітыка — спадабацца большасьці. Насамрэч задача палітыка — пераканаць большасьць, павесьці яе за сабой. Толькі той палітык і перамагае на выбарах.

Усе папярэднія прэзыдэнцкія кампаніі адыгрывалі вялікую ролю ва ўзмацненьні дзяржаўніцкага і нацыянальнага пачуцьця беларусаў. І наступныя выбары таксама будуць нацыяналізаваць Беларусь”.

Карбалевіч: “Сапраўды, адна з функцый палітыка — пераконваць грамадзтва. Але перадвыбарчая кампанія — самы горшы час, каб кагосьці пераконваць”.

Сіліцкі: “Калі прынцыповая нацыянальная альтэрнатыва будзе заяўлена і будзе пасьлядоўна адстойвацца дэмакратычнымі кандыдатамі, Лукашэнка будзе вымушаны на гэта рэагаваць. Напрыклад, у кампаніі 2001 году гэтага не адбывалася, таму і рэагаваць не было на што.

Сапраўды, палітык павінен імкнуцца заваяваць большасьць. Але калі палітык ставіць задачу ў нечым зьмяніць грамадзтва, то для гэтага неабавязкова прыходзіць да ўлады”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG