Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Салігорск, вуліца Заслонава, 95
У гэтым доме жыла Марыя Мацюкевіч — арганізатарка і шматгадовая кіраўніца Салігорскай гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, актыўная ўдзельніца нацыянальна-дэмакратычнага руху.

«Я веру ў шчасны лёс твой, Беларусь,
Бяз гора, перастрэлак і разборак.
Ня будзе прымусовым твой хаўрус,
Зямельку-маці не агорне морак».

Гэтыя аптымістычныя радкі — зь верша, напісанага адмыслова для цыклю «Верш на Свабоду», які прагучаў у эфіры Радыё Свабода і ўвайшоў у аднайменную кнігу. Аўтарка — настаўніца беларускай мовы і літаратуры з Салігорску Марыя Мацюкевіч. Магчыма, у сваім горадзе яна і сапраўды была самым свабодным чалавекам. Прынамсі, так думалі яе шматлікія аднадумцы, паплечнікі, вучні і нават тыя, хто паводле сваіх «абавязкаў» павінен быў пільна сачыць за яе «крамольнымі» дзеяньнямі.

А «крамолай» з другой паловы 1990-х гадоў лічылася актыўная прапаганда беларускай мовы, культуры і свабоднае выказваньне сваіх поглядаў. Асабліва цяжкім грахом лічылася, калі вольнае слова прагна лавіла моладзь, дый яшчэ ў такім касмапалітычным горадзе, як Салігорск, — кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

«Вакол яе адрадзілася беларушчына ў Салігорску, а горад гэты — не беларускі. Туды, як кажуць, прыехалі людзі з усяго сьвету. Яна так добра вяла ўрокі мовы і літаратуры, што гэтыя самыя людзі былі проста захопленыя. Яна і вершы пісала, і сьпявала. І вакол яе людзі гуртаваліся. Яна такую дзейнасьць разьвіла! Нават газэту „Рагнеда“ выдавала. Па тысячы асобнікаў у Салігорску! Чалавекам яна была ўнікальным».

Для многіх, хто на пачатку 1990-х прыяжджаў у Салігорск, беларушчына і свабода слова пачыналіся ўжо побач з вакзалам. Старшыня гарадзкой арганізацыі Таварыства беларускай мовы Марыя Мацюкевіч адкрыла адмысловы шапік ТБМ (такі яшчэ быў толькі ў Менску), дзе можна было купіць беларускія кнігі, газэты, сувэніры. Кожны ў Салігорску ведаў, дзе можна адшукаць беларускае слова.

Напярэдадні рэфэрэндуму 1995 году, які меў на мэце скасаваць нацыянальную сымболіку і статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, Марыя Мацюкевіч ладзіла адно за адным мерапрыемствы, самымі папулярнымі зь якіх былі сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі, гісторыкамі, мастакамі. Творцы несьлі свабоднае слова салігорцам і самі жывіліся нязломнасьцю духу гэтай жанчыны.

Але і дух, і здароўе Марыі Мацюкевіч усё ж былі зломленыя самым страшным, што можа напаткаць жанчыну, — гібельлю сына. У выпадковасьць сьмерці маці так і не паверыла.

Марыя Мацюкевіч пражыла толькі 53 гады. Але пражыла іх зь верай у перамогу свабоды і вольную Беларусь.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG