Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзначыць сьвяты: куды, з кім і за колькі


Пераднавагодняя пара – традыцыйна “хлебная” для рэстарацыяў, кавярняў, шоўмэнаў ды артыстаў. Бо ёсьць катэгорыя людзей, якія вераць: “Як Новы год адзначыш – так яго і пражывеш”. Ці паменшыў фінансавы крызіс апэтыты беларусаў – як наведнікаў, так і ўладальнікаў устаноў, дзе можна правесьці карпаратыўнае сьвята ці ўласна навагоднюю ноч?


У рэстарацыі “Камяніца” ў навагоднюю ноч працаваць не плянуюць. Але перадсьвяточныя дні там ужо ўсе забраніраваныя. Прынамсі, тыя, што напоўніцу – са сьвяточнай праграмай, накрытым сталом з улікам гарачых і халодных страваў і алькагольных напояў. Па кошце – 140 тысяч з чалавека. Засталіся вольныя толькі 27 і 30 сьнежня, распавядае адміністратар “Камяніцы”:

“На жаль, усё, што засталося – гэта без праграмы, 27 сьнежня ці 30 сьнежня. Тысяч па сто на чалавека, мусіць, будзе – у пляне цэнаў. Бо вы ж, мусіць, будзеце замаўляць нейкія халодныя закускі, гарачае, тое-сеё...”

Уплыву крызісу на наведвальнасьці “Камяніца” на сабе не адчула:
Крызіс ня вельмі адчуваецца...


“У прынцыпе, пэўны спад ідзе на заказы з прычыны крызісу. Але ня вельмі адчуваецца. І карпаратывы, і проста нейкія сяброўскія кампаніі – адзначаюць людзі і Новы год, і наагул сьвяты. Проста ёсьць такія спэцыфічныя дні, 27-га – перад панядзелкам, 30-га наагул ня вельмі імкнуцца калектыўна і ўрачыста сьвяткаваць, бо хочуць захаваць сьвежую галаву да 31-га, таму такія дні традыцыйна меней папулярныя”.

Таксама аптымістычна ў кантэксьце крызісу глядзіць рэстарацыя баўгарскай кухні “Габрава”. Месцаў на сёньня, каб адзначыць там пераднавагоднія сьвяты, ужо няма. А трапіць беспасярэдне на Новы год з 31-га на 1-га пакуль можна. 250 тысяч рублёў на чалавека. Але без асаблівых раскошаў – просьценька, каб толькі ня дома:

“Праграма. Ну, толькі Дзед Мароз і Сьнягурка, жывая музыка. То бок праграмы, уласна кажучы, ніякай ня будзе асаблівай”.

Карэспандэнтка: “Крызіс не адчуваецца”?

“Не. Ад 18-га да 31-га нічога вольнага няма”.

Карэспандэнтка: “А пераднавагоднія дні – як выглядае праграма, што вы прапаноўваеце?”

“Таксама жывая музыка, накрыты стол і Дзед Мароз са Сьнягуркай”.
Кошт на аднаго чалавека складае 120 даляраў...


А вось у “Ракаўскі бровар” і ў навагоднюю ноч пакуль яшчэ можна трапіць, і перад Новым годам з калегамі на карпаратыў пасьпець:

“Кошт на аднаго чалавека складае 120 даляраў, працуем мы ўсю ноч, у гэтую суму ўваходзіць вельмі добрае мэню, насычаная праграма таксама на ўсю ноч – выступленьні музыкаў, артысты цыркавога жанру, цыганы, Дзед Мароз і Сьнягурка з конкурсамі з удзелам гасьцей, падарункамі для іх...”

Карэспандэнтка: “А пераднавагоднія дні ў вас цэнамі розьняцца ад звычайных?”

“Кошт мэню неабмежаваны, адзіная дадатковая плата – за праграму. Мы проста прабіваем квіток для наведнікаў коштам 10 тысяч”.

Тое, што крызіс адбіўся на платаздольнасьці наведнікаў, у “Ракаўскім бровары” канстатуюць упэўнена:

“У нас намінальна цэны тыя ж самыя ў беларускіх рублях, як і год таму. Але ж курс даляра істотна зьмяніўся, таму ў пераліку на валюту цана панізілася, і істотна. Але мы не павялічвалі, бо бачым сытуацыю ў краіне. Сёлета далёка ня ўсе могуць сабе дазволіць карпаратыў у рэстарацыі”.

Музыка і шоўмэн Віктар Шалкевіч асаблівага ўплыву крызісу на перадсьвяточныя карпаратывы не заўважыў. Маўляў, хто працаваў пасьпяхова год таму, цяпер таксама пачувае сябе няблага:
Сталі меней запрашаць папулярныя, вядомыя гурты...


“Сталы такія самыя, на сталах тое самае: каньяк “Арарат”, гарэлка “Фінляндыя”... Адзінае, што кідаецца на вока – сталі меней запрашаць папулярныя, вядомыя гурты, музыкаў і гэтак далей. За некалькі дзён, пакуль я працую, ніводнага вядомага калектыву не пабачыў, працуюць на музыцы выключна пачаткоўцы. Можа, “зорныя” музыкі сталі прасіць зашмат”?

Лявон Вольскі і “Крамбамбуля” пачувае сябе ў перадсьвяточныя дні цалкам запатрабаванымі. Але прадусарка калектыву Ганна Вольская чакае, што крызіс адгукнецца вясной будучага году:

“Як на дзіва, на дадзены момант няма нам на што скардзіцца”.

Карэспандэнтка: “Але па цэнах, па запатрабаванасьці нешта зьмянілася”?

“Не, дзякуй Богу, крызіс ня так моцна паўплываў, як мы гэтага чакалі. Проста яно пакуль што, як у нашай краіне любяць, – стабільна. Я
Яно пакуль што, як у нашай краіне любяць, – стабільна...
баюся, што менавіта ўвесну будзе адчувацца. Бо ўсё ж у нас большасьць людзей славянскага тыпу, любяць грошы на сьвяты траціць і шыкаваць. А ўвесну гэтыя грошы проста скончацца, і сфэра забаўляльная таксама ад гэтага пацярпіць”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG