Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Менск, вуліца Карла Лібкнехта, 68
У гэтым будынку з 2000 году працуе вядучая праваабарончая арганізацыя Беларусі — Беларускі Хэльсынскі камітэт.
Грамадзтва ня можа быць свабодным, калі за дзеяньнямі ўлады ня будзе грамадзкага кантролю. Гэтую ісьціну вельмі востра адчула беларуская інтэлігенцыя ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі ўлада Аляксандра Лукашэнкі пачала распаўсюджвацца на ўсё шырэйшыя сфэры жыцьця грамадзтва.

Ідэя стварэньня Беларускага Хэльсынскага камітэту, які б сачыў за датрыманьнем правоў і свабодаў чалавека, узьнікла ў ПЭН-цэнтры. Ініцыятарамі стварэньня праваабарончай арганізацыі былі Васіль Быкаў, Карлас Шэрман, Рыгор Барадулін. А калі ў 1995 годзе быў створаны БХК, Васіль Быкаў стаў старшынёй яго назіральнага сойму. Ачоліла БХК філёзаф Тацяна Процька. Сябры БХК — ад 400 да 500 праваабаронцаў ва ўсіх буйных гарадах.

Спачатку БХК меў сядзібу ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук на вуліцы Акадэмічнай, потым пад офіс здымалася кватэра на вуліцы Гікалы. А новае тысячагодзьдзе Беларускі Хэльсынскі камітэт сустрэў ва ўласным офісе на вуліцы Розы Люксэмбург. Менавіта тут БХК заявіў пра сябе як пра ўплывовую міжнародную арганізацыю, зь якою лічацца і ў самой краіне, і за мяжой.

Ціск міжнародных арганізацый і ўрадаў заходніх краінаў грунтаваўся на маніторынгах, якія рабіў і Беларускі Хэльсынскі камітэт.

Асноўны мэтад дзейнасьці ўнутры краіны — звароты ад імя Хэльсынскага камітэту ў органы, якія парушылі правы чалавека. Высокакваліфікаваныя юрысты БХК, сярод якіх Гары Паганяйла і Алег Гулак, робяць экспэртызу справы, выносяць сваё заключэньне і дасылаюць у органы ўлады. І нярэдка іх звароты задавальняюцца. Але, — кажа былая старшыня БХК Тацяна Процька:

«Самае галоўнае дасягненьне — гэта тое, што Камітэт існуе, бо ў нашай краіне гаварыць праўду і пісаць паперы на нэгатыўную дзейнасьць вышэйшых асобаў дзяржавы — гэта паставіць пад удар менавіта само існаваньне. Дзяржава гэта разумела, і ўсе падатковыя справы, і абмежаваньне свабоды, якое мелі сябры Камітэту, і звальненьні з працы праваабаронцаў, і проста запужваньне — усё рабілася дзеля таго, каб не было Камітэту, каб ён быў маленькім, каб у яго не было сяброў, каб ён сваю дзейнасьць абмежаваў разглядам нейкіх сацыяльных пытаньняў, а не палітычных».

Беларускі Хэльсынскі камітэт працягвае працу — адстойвае права людзей на свабоду і вучыць іх свабодзе.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG