Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар, які заявіў пра эпідэмію атыповай пнэўманіі, у рэанімацыі


Лекар-інфэкцыяніст Мікалай Шаўлоў, асыстэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, 23 сьнежня шпіталізаваны ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі 5-й гарадзкой лякарні Менска.


Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміў калега Мікалая Шаўлова, які пажадаў застацца неназваным.

У 5-й клініцы пацьвердзілі, што Шаўлоў знаходзіцца ў рэанімацыі. 60-гадовы мэдык перанёс гіпэртанічны крыз, які ўскладніўся інсультам. Яго стан лекары ацэньваюць як "цяжкі, са станоўчай дынамікай".

Калега Шаўлова падкрэсьліў у інтэрвіюю БелаПАН, што захворваньне маглі справакаваць шматлікія стрэсы з-за націску на мэдыка пасьля яго публічных заяў наконт эпідэміі грыпу ў Беларусі.

Як паведамлялася раней, Шаўлоў выступіў у СМІ з адкрытым лістом, у якім заявіў аб эпідэміі атыповай пнэўманіі ў Беларусі. Пад гэтым захворваньнем Шаўлоў разумее цяжкае, нехарактэрнае цячэньне хваробы. Намесьнік міністра аховы здароўя Роберт Часнойць 27 лістапада заявіў у парлямэнце, што ў краіне не зарэгістравана ніводнага выпадку атыповай пнэўманіі.

Шаўлоў выказваў думку, што ў Беларусі не праводзіцца дыягностыка атыповай пнэўманіі, таму нельга сьцьвярджаць, што ў краіне няма гэтага захворваньня. "Я ня функцыя ў белым халаце, я лекар", — тлумачыў сваю грамадзянскую пазыцыю Шаўлоў. Ён лічыць, што перш за ўсё неабходна разабрацца, што за вірус выклікаў пазабальнічную пнэўманію, ад якой людзі ў Беларусі гінулі за тры-пяць дзён. Лекар падкрэсьліваў, што нетыповым зьяўляецца як цячэньне захворваньня, гэтак і ўзрост памерлых, большасьць зь якіх былі маладыя людзі.

Да таго, як Шаўлоў трапіў у раэнімацыю, ён сьцьвярджаў, што "сур'ёзных праблем у сувязі зь яго публічнымі выказваньнямі на працы ў яго не было". Пасьля сваіх публічных заяў на просьбе кіраўніцтва лекар напісаў тлумачальную запіску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG