Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні каляднай зоркі


Сястра Паўліна аздабляе бэтлеемскую стаенку, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос у касьцёле Нараджэньня Божай Маці ў Гомелі.

Сястра Паўліна аздабляе бэтлеемскую стаенку, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос у касьцёле Нараджэньня Божай Маці ў Гомелі.

Сёньня каталікі, пратэстанты, уніяты, а таксама праваслаўныя, якія прытрымліваюцца грыгарыянскага календара, рыхтуюцца да сустрэчы Божага Нараджэньня. Паводле беларускай традыцыі, перад сьвятам сем’і зьбіраюцца на калядную вячэру — вігілію.

Пра тое, як у Беларусі сустракаюць Божае Нараджэньне, што гатуюць і ставяць на стол, даведваліся сёньня рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На стале сёньня куцьця, рыбка, мак, салацікі посныя, гурочак салёны...


Спадарыня Алена зь мястэчка Варняны на Гарадзеншчыне сёньня ад самае раніцы распаліла печ. Усе стравы гаспадыня гатуе толькі ў печы. Таму ежа мае непараўнальны смак. На газавай пліце такога ня зробіш.

Гаспадыні ўжо за 80 гадоў. Жыве адна, у касьцёл ёй дайсьці цяжка, але ўвечары прыйдзе сын, дачка зь Вільні прыедзе і ўнукі з Астраўца. Сёньня іх будзе чакаць посны вігілійны стол.

— На нашым стале сёньня — 12 страў. Селядзец, рыбка, кісель, мак, клёцкі, рыба смажаная ў цесьце, салацікі посныя. Можна з бурачкоў, фасолі, гурочка салёнага — кшталту такога.

Спадарыня Алена распавядае, што, нягледзячы на свой сталы ўзрост, усе стравы практычна гатуе з таго, што сама вырошчвае, бо на яе пэнсію асабліва не нашыкуеш.

— Хоць я ўжо мала хаджу, ужо болей на руках хаджу, бо зьбілася з ног, але сваё маю. Бо ўсё купляць — гэта дорага. Ну вы вазьміце, купіце катлеты рыбныя — гэта ж дорага! А так я сама нарабіла, у печку паставіла, дык гэта і смак іншы.

Спадарыня Алена кажа, што асабліва да яе на сьвяты любяць прыяжджаць унукі. Ходзяць у тутэйшы касьцёл, гуляюць, частуюцца, слухаюць бабуліны аповеды пра тое, як у іх мястэчку раней адзначалі Каляды.

З „лукашэнкаўскай пэнсіі“ куплю булачкі ды зэльц, а 20 тысяч пакіну, бо яшчэ паўмесяца трэба жыць...
А вось спадарыня Зінаіда са Смаргонскага раёну засталася адна. Пасьля таго як старэйшы сын загінуў у самалёце, а малодшы памёр ад чарнобыльскіх ранаў, яна не сьвяткуе ніякіх сьвятаў і ў госьці да яе ніхто ня ходзіць. Толькі ў касьцёле ўсё ж бывае.

— Часамі, як атрымаю лукашэнкаўскую пэнсію, хоць, праўда, я яе сама зарабіла, то іду ў касьцёл і пакладу там што-небудзь, а так... мне ж ужо хутка 80.

Пытаюся ў спадарыні Зінаіды — ці накрые яна сёньня ўвечары які стол, каб адзначыць нараджэньне Хрыста?

— Канечне, шыкоўнага нічога я не падрыхтую на сьвята, бо ўсё даражэе і даражэе. Але каб галоднаму ня быць, прайшлася сёньня да крамы, купіла булачку і зэльц, і адлажыла 20 тысяч, бо мне яшчэ паўмесяца жыць.

«У нас, на Астравеччыне, свае традыцыі...»


Спадарыня Галіна цікавіцца каляднымі традыцыямі беларусаў і параўноўвае, чым адрозьніваюцца сьвяточныя стравы ў яе родным Астравецкім раёне:

— У нас тут, у нашых мясьцінах, у нас свае традыцыі. Напрыклад, мы не выкарыстоўваем яйкі, малако таксама, не выкарыстоўваем прадукты, у склад якіх уваходзяць тыя ж яйкі — маянэз, напрыклад. У нас толькі ідзе гародніна, грыбы, рыба. І такія стравы найбольш традыцыйныя — кісель, кісель журавінны, белы кісель, яшчэ гатавала мая бабуля з аўса. Затым — піражкі з рознымі начынкамі: зь яблыкам, з макам заўсёды, вось праціраем мак, зьмешваем яго затым з вадой і мёдам, рабілі такі напой, выкарыстоўвалі апошнім часам сушкі, клёцкі маленькія пяклі. Вось гэта галоўнае. Грыбы абавязкова. Паколькі ў нас такі грыбны край, то заўсёды на стале стравы з сушаных грыбоў, з баравікоў пераважна, у тым ліку журка такая — узвар з грыбоў, што бывае падкалочана мукой, цыбулька туды кладзецца.

Як правільна гатуюць калядную куцьцю зь пярловых крупаў


І вось яшчэ адна абавязковая страва на вігілійным стале 24 сьнежня:

— У нас яна зь пярловых крупаў, з груцы. Калісьці рабілі кашу ў чыстым натуральным выглядзе. „Без прыкрас“ яна найбольш пасуе, паколькі ўдзячнасьць Богу за дар хлеба, карацей — звычайная каша. Але апошнім часам яе падсалоджваюць яшчэ мёдам, дадаюць разынкі, арэхі і падаюць у такім выглядзе. Канечне, яна адпавядае ўсяму сьвяточнаму настрою, але мне традыцыйная лепей смакуе звычайная каша.

Астравеччына — гэта частка былога Віленскага краю, і калядныя традыцыі тут сапраўды маюць сваю асаблівасьць:

— У нас крыху адрозьніваюцца сьвяточныя традыцыі ад тых, што бліжэй да Горадні. У нас яны хутчэй адпавядаюць літоўскім. А ўсё астатняе аднолькавае — пад абрус кладзецца сена звычайна. Асабліва ў вёсцы гэта інакш перажывае цца. Вось дзень кароткі, і раптам ты бачыш — выглянула сонца, ужо пачынае падаўжацца дзень, і гэтае сьвята зусім інакш перажываецца, чалавек чакае вясны ўжо зь іншым настроем.

ВІЦЕБШЧЫНА


На Віцебшчыне свая традыцыя: агапа — супольная вячэра каталіцкай парафіі


Палачанін Мікола Шарах, грэка-каталік паводле веравызнаньня, распавёў, што ў іхнай парафіі ёсьць традыцыя — на вігілійную вячэру вернікі зьбіраюцца разам:

«У нас такая традыцыя: зьбіраемся на вечаровую імшу, а потым бывае такая агапа, супольная вячэра. Кожная сям’я прыносіць на яе нейкую страву посную. Мы разам вячэраем, да кожнага парафіяніна падыходзіць сьвятар, віншуе. Мы калядкі сьпяваем, а ў хаце ўжо адзначаем 25-га.

Спадар Мікола кажа, што ўсе стравы на посным стале — традыцыйныя беларускія. Ягоная жонка, да прыкладу, гатуе сёньня куцьцю — пшанічныя крупы, грэцкія арэхі, мёд і мак.

На Пастаўшчыне ласунак — салодкія сьліжы


Сьвечка, ялінка, аплатка — галоўныя сымбалі Божага Нараджэньня.
Незвычайную страву з макам гатуюць да вігілійнай вячэры на Пастаўшчыне. У каталіцкай сям’і Сіманёнкаў яе робяць штогод, кажа маці, спадарыня Галіна:

— Ставяцца сьвечка і аплатка, гэта першае, што трэба на стол. А потым мак. Тром мак, дадаем гатаванай вады, цукру і кідаем туды „сьліжы“. Яны робяцца са звычайнага цеста на вадзе, якое раскатваюць жгуцікамі ды рэжуць на кавалачкі. Іх я абсмажваю на патэльні і халоднымі кідаю ў тую салодкую ваду з макам, гэта вадкая такая страва. А яшчэ абавязкова, каб рыба на стале была ды поліўка.

Галіна Сіманёнак распавядае, што раней у вёсцы гатавалі рачную рыбу, цяпер бяруць карпа. А заўтра, калі ўжо скончыцца пост, будуць гатаваць курыцу, але ўжо ня крамную, а сваёй гадоўлі.

На Браслаўшчыне смаката — фаршыраваны шчупак


На азёрнай Браслаўшчыне традыцыйнай вігілійнай стравай заўжды быў шчупак, распавядае Зьміцер Казакевіч. Ён згадвае, як праходзіў гэты вечар у ягоным маленстве, у бабулінай хаце ў вёсцы Малькі:

Бацькі-настаўнікі знарок прыходзілі на вігілійную вячэру ўпоцемках — каб ніхто не заўважыў і не данёс начальству.
— Бабуля ставіла на падваконьне сьвечку і казала нам, малым: «Чакайце зорку!» Мы сядзелі ды чакалі, а потым яна запрашала ўсіх за стол. Пад абрус клалі сена — я памятаю, як яго пад абрусам мацаў. А на стале заўжды была фаршыраваная рыба — шчупак. Бабуля найперш чытала малітву, памятаю, яна была па-польску. Цяпер мы ўжо чытаем па-беларуску, я, прынамсі...

Тое, пра што згадваў Зьміцер Казакевіч, адбывалася за савецкім часам, у 70-я гады. І ён кажа, што ягоныя бацькі-настаўнікі знарок прыходзілі на вігілійную вячэру ўпоцемках — каб ніхто не заўважыў і не данёс начальству.

Цяпер Зьміцер жыве ў Віцебску і традыцыі сьвяткаваньня Калядаў спрабуе перанесьці на сучасную гарадзкую глебу. Адзіная праблема — са шчупаком, якога ў Дзьвіне ўжо ня зловіш.

Касьцёл Нараджэньня Божай Маці ў Гомелі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Першая страва ў гэты вечар — посная куцьця


Верніца Ганна з Гомелю апавядае пра сваё шчыраваньне да сёньняшняй вігілійнай вячэры, якая пачынаецца, калі на небе зьяўляецца першая зорка — сымбаль Бэтлеемскай зоркі:

— Па даўняй традыцыі беларускіх каталікоў у гэты вялікі вечар гатуюцца толькі посныя стравы. Няма мясных страваў, яек няма. Асноўнае — гэта поліўка. Хто ўмее, робіць куцьцю. Аснова куцьці — гэта мак, яго трэба расьцерці да пенкі, каб не было зярнятак. Потым можна дадаць мёду. У каго няма мёду, можна цукру падсыпаць. Кідаюць у гэтую куцьцю баранкі — замочваюць іх. Першая лыжка ў гэты вечар — гэта куцьця.

Спадарыня Ганна кажа, што на ўрачыстую вячэру ў яе зьбіраецца ўся сям’я — прыходзяць дзеці з унучкай. Вялікіх выдаткаў сама вячэра не вымагае:

— Хто хоча, каб стол быў прыгожы і назаўтра, калі прыйдзе Божае Нараджэньне, то трэба рыхтавацца загадзя. Калі нават няма вялікіх грошай, то можна штосьці зьберагчы й усё адно падрыхтавацца. Гэта будзе посная вячэра, але будуць і грыбы, і поліўка з грыбоў, і розныя салаты, вінэгрэты. На вячэру вялікіх выдаткаў ня трэба. Як правіла, ва ўсім сьвеце перад Божым Нараджэньнем, іншымі вялікімі сьвятамі кошты на рынках і крамах зьмяншаюцца, а ў нас яны чамусьці павялічваюцца.

Спадарыня Леакадзія прыехала ў Гомель з Польшчы. Паводле яе, падрыхтоўка да ўрачыстай вячэры й сама вячэра там асабліва не адрозьніваюцца ад беларускай:

— Як усё на стале стаіць, то пачынае галоўны гаспадар. У касьцёле гэта, канечне, ксёндз. А ў доме, дзе я жыву, гэта муж. Ён бярэ аплатак, падыходзіць да жонкі, потым да дзяцей, да ўнукаў і дзеліцца аплаткам. І пільна сочыць, каб ня ўпаў долу, бо гэта лічыцца дарам Божым. Яго трэба зьберагаць. А потым, калі гаспадар падзяліўся аплаткам, адзін у аднаго просяць прабачэньня: „Тата, прабач!“, „Мама, прабач!“ , „Бабуля, прабач!“ Усе такія радасныя. Ну, канечне, стаіць ёлка, а пад ялінкай — падарункі.

Завершыць сёньня дзень Пастэрка


Пасьля ўрачыстай вячэры, бліжэй да поўначы, і спадарыня Леакадзія, і іншыя гомельскія каталікі зьбяруцца ў касьцёле Нараджэньня Божай Маці на сьвяточную літургію — Пастэрку. Яна завяршае гэты дзень і адначасова распачынае сабою сьвяты Божага Нараджэньня. Паводле пісаньня, менавіта ноччу анёл разбудзіў пастушкоў, абвясьціў ім радасную навіну і прысьпешыў іх да бэтлеемскай стаенкі, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос.
XS
SM
MD
LG