Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт на ланцугу. Ці ўдасца “зацугляць” беларускае сеціва?


Праект указу Аляксандра Лукашэнкі пра абмежаваньне беларускага сэктару глябальнай сеткі інтэрнэт пакуль што не падпісаны. Мы ўжо паведамлялі, што ў інтэрнэт-асяроддзьдзі не хаваюць заклапочанасьці новымі правіламі, якія могуць істотна абмежаваць правы правайдэраў, інтэрнэт-рэсурсаў і карыстальнікаў. Экспэрты лічаць, што распрацоўнікі праекту мусяць адкласьці разгляд дакумэнту і параіцца з дасьведчанымі спэцыялістамі ў гэтай галіне.


Асацыяцыя “Белінфакам”, якая абараняе правы беларускіх тэлекамунікацыйных кампаніяў, на падставе аналізу дакумэнту накіравала заўвагі ў Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта (менавіта на гэтую структуру ўскладзены абавязак куратара віртуальнай сфэры). Як паведамілі сёньня ў офісе асацыяцыі, некаторыя моманты падчас абмеркаваньня ва ўрадзе нібыта ўлічаныя, але што менавіта — “Белінфакам” не паінфармавалі.

Між тым, на думку намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыста Андрэя Бастунца, чакаць палёгкі ў любым выпадку ня варта — праект адпачатку рэакцыйны і скіраваны на абмежаваньне свабоды ў інтэрнэце:

“Цяпер ідзе праца над урадавай пастановай аб рэгуляваньні інтэрнэту, і шэраг прапановаў, якія выказваліся зацікаўленымі асобамі, нібыта
Праект складзены такім чынам, што скіраваны на абмежаваньне дзейнасьці ў інтэрнэце...
ўлічаныя. Але я ня ўпэўнены, што гэты праект можна палепшыць, бо ён прынцыпова складзены такім чынам, што скіраваны на абмежаваньне дзейнасьці ў інтэрнэце. Прынцыпова ня мае ў сабе тэрміналягічнага апарату, якім можна карыстацца. Лепш за ўсё, каб праца над ім была адкладзеная на больш аддалены тэрмін, каб беларускія ўлады згадалі свае ж словы аб тым, што інтэрнэт у Беларусі быў, ёсьць і будзе вольны”.

Ці можна ўвогуле рэгуляваць інтэрнэт указамі? Навідавоку спроба беларускіх уладаў падзяліць сеціва ледзьве не паводле этнічнага паходжаньня, абгарадзіўшы віртуальную прастору паводле контуру дзяржаўнай мяжы Беларусі. Але ці насамрэч існуе, як яго афіцыйна называюць, нацыянальны сэгмэнт інтэрнэту?

Генэральны дырэктар кампаніі “Альтэрнатыўная лічбавая сувязь” Ігар Сукач кажа, што такое азначэньне штучнае:

“Як такога, азначэньня “байнэт” не існуе. Ва ўсялякім выпадку, я яго, дзесьці зацьверджанага заканадаўчым чынам, ня бачыў. Так, ёсьць спробы надаць такога кшталту азначэньне ў выглядзе нядаўняй рэдакцыі праекту ўказу прэзыдэнта. То бо спроба такога азначэньня сапраўды мае месца. Але, на маю думку, гэтая спроба ў пэўным сэнсе прыцягнутая за вушы, таму што ў любым выпадку мы ўспрымаем у якасьці “байнэту” ўсё, што зьвернута да нас як да карыстальнікаў. Частку расейскіх сайтаў з поўным правам можна аднесьці да байнэту, таму што яны карыстаюцца вялізнай папулярнасьцю і мы іх выкарыстоўваем у штодзённым жыцьці. І пры гэтым нашы карыстальнікі лічаць іх “сваімі”. У выніку атрымліваецца, што байнэт — гэта тое, што лічаць гэтым самым байнэтам непасрэдныя карыстальнікі”.

У выпадку ўхваленьня праекту ўказу абмежавальныя захады закрануць усе сфэры беларускага сэгмэнта інтэрнэту. Перадусім пад татальны кантроль пераходзяць правайдэры. Узаконьваецца фактычнае блякаваньне сайтаў на патрабаваньне сілавых структураў і прыцягненьне да адказнасьці распаўсюднікаў непраўдзівай інфармацыі ў сеціве. Уводзіцца абавязковая ідэнтыфікацыя карыстальнікаў інтэрнэту, будзе абвешчаная дзяржаўная рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ і віртуальных вэрсіяў друкаваных выданьняў. Пад забарону трапляюць інфармацыйныя і рэклямныя рэсурсы, якія месьцяцца па-за дамэннай зонай by.

Аднак мэдыя-экспэрт Леанід Міндлін лічыць: ня варта ўспрымаць дэкляраваныя захады як рэальную спробу накінуць сетку на беларускі інтэрнэт. Па яго словах, напярэдадні буйных палітычных кампаніяў, асабліва перад прэзыдэнцкімі выбарамі, улады спрабуюць нэўтралізаваць інфармацыйныя крыніцы:

“На мой погляд, ня трэба перабольшваць гэтай пагрозы. Як паказвае сусьветная практыка, калі існуе пагроза, знаходзіцца і абарона
Калі існуе пагроза, знаходзіцца і абарона супраць такой пагрозы...
супраць такой пагрозы. Асабліва ў сфэры высокіх тэхналёгіяў, дзе на кожную атруту ёсьць свая “проціатрута”. Увогуле, калі нашу найноўшую гісторыю прасачыць, дык кожны раз за год-паўтара да прэзыдэнцкіх выбараў адбываецца нешта падобнае. Папярэднія разы гэта тычылася друкаваных СМІ, электроннай прэсы (перадусім расейскіх тэлеканалаў). Сёньня вырашылі, што ёсьць нейкая пагроза ў інтэрнэце. Але мне здаецца, што тут больш інфармацыйны шум, чым рэальная пагроза. Бо нават у Кітаі, дзе існуюць вельмі прафэсійныя праграмы-фільтры, эфэктыўнай абароны супраць іншай думкі ў інтэрнэце пакуль што няма. А калі гэты дакумэнт мае нейкі палітычны кірунак, то ён, як і шмат іншых пастановаў у сфэры ідэалягічнай, эканамічнай чаканы ўладамі эфэкт, на шчасьце для ўсіх астатніх, наўрад ці будзе мець”.

Нагадаем, што ня так даўно Аляксандар Лукашэнка абураўся: маўляў, інтэрнэт ператвораны ў сьметнік, дзе даўно трэба навесьці парадак. Такой жа думкі трымаецца і новапрызначаны міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі: яшчэ ў статусе ідэоляга прэзыдэнцкай адміністрацыі ён выступаў за блякаваньне незалежных інтэрнэт-рэсурсаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG