Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня прафкаму МТЗ: Людзям ужо надакучыла гуляць


У дакрызісныя гады калядных канікул у прамысловых прадпрыемстваў Беларусі не было. Не жадаюць наладжваць шматдзённы адпачынак на заводах і фабрыках і сёлета. Аднак многія вымушаны гэта рабіць.

На шэрагу буйных прадпрыемстваў паведамілі, што будуць адпачываць з 25 па 27 сьнежня. А што тычыцца першага тыдня студзеня, то тут ёсьць няпэўнасьць, і вырашаць пытаньне пра выходныя дні зьбіраюцца 28 сьнежня. МАЗ 31 сьнежня будзе працаваць на дзьве траціны. А на трактарным гэта выходны дзень. Старшыня прафкаму МТЗ Аляксандар Карцаў сказаў:

«31-га згодна з графікам, які прымаўся яшчэ ў мінулым годзе, у нас выходны дзень. 4-га выходзім на працу. Працуем яшчэ да адных калядных сьвятаў. А потым выходзім, і ўсе дні, якія ёсьць, з панядзелка да пятніцы працуем. Рабіць трэба, а не гуляць. Людзям ужо надакучыла гуляць».

На трактарным заводзе ў сьнежні тры пятніцы запар былі непрацоўнымі.

«Мы не працавалі ў пятніцу. У студзені ўжо ня будзе, бо ў нас там і так паводле графіку, з улікам сьвяточных дзён, працоўных 18 дзён».


На МАЗе пакуль ня вырашылі, ці пойдуць на вакацыі ў студзені. Паводле начальніка ўпраўленьня маркетынгавых камунікацый Вольгі Ісер, пра гэта стане вядома 28 сьнежня.

«Канікулы — у мяне на сёньня няма такіх дадзеных. Гэта пытаньне вырашаецца. Яно абмяркоўваецца, і, хутчэй за ўсё, у панядзелак у мяне будзе нейкае рашэньне».

Паводле Вольгі Ісер, кожны з 27 тысяч працаўнікоў галаўнога прадпрыемства атрымаў харчовы паёк — гэта каробка зэфіру, каўбаса, распушчальная кава і бляшанка чырвонай ікры. Маўляў, на іншых прадпрыемствах пералічваюць грошы да сьвята, а на МАЗе даюць харчы.

Што да прадукцыі МАЗу, якая застаецца на складах, Вольга Ісер сказала:

«Зразумела, што прадукцыя на складах яшчэ прысутнічае, але яна нас не пужае. З улікам таго, што ў нас цяпер новае кіраўніцтва, зададзены новы тэмп, новыя захады па зьніжэньні сабекошту, эфэктыўнасьць вытворчасьці — яны ўсе будуць прынятыя ў найбліжэйшыя месяцы, і мы не сумняёмся, што наступны год будзе пасьпяховым для нас».


Актывіст дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Бухвостаў, спасылаючыся на інфармацыю работнікаў заводаў, адзначыў, што сытуацыя на шмат якіх прадпрыемствах дрэнная. Асабліва на тых, якія зьвязаныя з забесьпячэньнем працы МАЗа: практычна спыняюцца агрэгатныя заводы — Баранавіцкі, Асіповіцкі ды іншыя.

«Цяпер не заключаюць кантракты. Паводле маіх дадзеных, на МАЗе ўжо больш за тры з паловай тысячы кантрактаў не заключана, то бок не працягнута. Таксама вялікая колькасьць на трактарным заводзе. Ну, гэта натуральны працэс, бо больш за 7 тысяч машын стаіць на аўтамабільным заводзе. Новы генэральны нібыта абяцаў, што ўсе машыны прададуць... Тое, што сытуацыя пагаршаецца і ў наступным годзе будзе яшчэ горш — гэта адназначна. Пагроза масавага беспрацоўя павялічваецца. Я бяру найперш машынабудаўнічую галіну».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG