Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Макоўская: “На нашых імпрэзах пабывала каля 70 000 чалавек”


Алена Макоўская

Алена Макоўская

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 20 сьнежня.

Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” – адна зь нешматлікіх грамадзкіх арганізацый, якая цягам 2009 году змагла актывізаваць сваю дзейнасьць у Беларусі. Нягледзячы на пэўную апатыю ў грамадзтве і звыклае супрацьстаяньне любым непадкантрольным ініцыятывам з боку айчынных уладаў. Пра вынікі 2009 году з кіраўніцай “Бацькаўшчыны” гутарыць Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Спадарыня Алена, на сыходзе 2009 год. Чым ён вам запомніўся?”

Алена Макоўская: “Год быў цікавым, багатым на падзеі, але таксама і надзвычай складаным. Уласна для мяне і для маіх паплечнікаў па Згуртаваньні беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Нагадаю, што для нас асноўнай падзеяй гэтага году быў V зьезд беларусаў сьвету. Гэты прадстаўнічы форум запатрабаваў ад нас пэўных арганізацыйных намаганьняў, было шмат праблемаў, якія даводзілася вырашаць. У падобных выпадках не абысьціся без эмацыйнага напалу, бяз пэўных жарсьцяў. І сытуацыя вакол зьезду паказала, хто ёсьць хто навокал, хто ёсьць сапраўдным сябрам, а хто – не. І мне прыемна, хоць і вельмі адказна, адчуваць крэдыт даверу да новага кіраўніцтва “Бацькаўшчыны”. Прыемна, што мы маем столькі сяброў, столькі паплечнікаў, што мы і надалей набывам новых прыхільнікаў і новыя накірункі дзейнасьці”.

Міхась Скобла
Скобла: “2009-ы быў першым годам дзейнасьці кампаніі “Будзьма беларусамі!”, адным з каардынатараў якое вы зьяўляецеся. Якія тут вынікі?”

Макоўская: “Вынікаў тут шмат. Кампанія ідзе актыўна, разьвіваецца, набірае новыя тэмпы, новыя рысы. Мы, як каардынатары, спачатку яе крытычна ацэньвалі, таму што пастаянна хочацца чагосьці большага, большых наглядных вынікаў сваёй дзейнасьці. Кампанія прысьвечаная нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў, і гэта досыць амбітная задача. Цягам году прайшло каля 1000 мерапрыемстваў у маленькіх гарадах Беларусі, у раёнах, у вёсках. Мерапрыемствы – самыя розныя, ад лекцый – да літаратурных сустрэчаў, ад экскурсій і канцэртаў – да мастацкіх выставаў. І што нас вельмі моцна парадавала і радуе да гэтага часу – гэта запатрабаванасьць усіх гэтых мерапрыемстваў. Часам мы нават не спраўляемся, таму што ідзе навала тэлефонных званкоў, цікавасьць да гэтых імпрэзаў вялікая. Што адметна: інфармацыі ў афіцыйных СМІ пра кампанію фактычна не было, а інфармацыя ўсё роўна пашыраецца, ідзе гарызантальным шляхам, калі адзін чалавек перадае другому. Напрыклад, сустрэча зь пісьменьнікамі мела месца ў бібліятэцы нейкага гарадка, а неўзабаве запрашаюць ужо ў музэй, у школу. Гэта значыць, беларуская сучасная культура якасная і яна запатрабаваная, і гэта вельмі радуе”.

Скобла: “Адна з мэтаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” – пазнаёміць паміж сабой дзьве Беларусі – беларускамоўную і расейскамоўную. Наколькі выкананая менавіта гэтая яднальная функцыя?”
Бальшыня нашых імпрэзаў адбывацца ў школах, у музэях, у бібліятэках, ва ўнівэрсытэтах ...

Макоўская: “Цяжка дакладна вызначыць, ці змаглі мы пазнаёміць расейскамоўную Беларусь зь беларускай культурай. Бальшыня нашых імпрэзаў адбывацца ў школах, у музэях, у бібліятэках, ва ўнівэрсытэтах, а гэта значыць, што туды прыходзяць не заангажаваныя людзі, а – зацікаўленыя, і там адбываецца знаёмства, умоўна кажучы, “дзьвюх Беларусяў”. Мы падлічылі, што цягам году на мерапрыемствы кампаніі “Будзьма беларусамі!” прыйшло каля 70 000 чалавек. Таму можна сказаць: знаёмства адбылося і яно працягвае адбывацца”.

Скобла: “На пачатку году ЗБС “Бацькаўшчына” разаслала ва ўсе райвыканкамы афіцыйны ліст з просьбай спрыяньня кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Ці адгукнуліся ўлады на мясцовым узроўні на ваш заклік?”
каля дзясятка выканкамаў звярнуліся да нас з прапановамі запрасіць на выступы да іх нашых літаратараў, музыкаў ...

Макоўская: “Пэўны водгук быў. У нашай краіне, калі няма канкрэтнай забароны на правядзеньне мерапрыемстваў, то рашэньне – забараніць ці дазволіць – прымае менавіта мсяцовая ўлада. Наш зварот даў вынік: каля дзясятка выканкамаў звярнуліся да нас з прапановамі запрасіць на выступы да іх нашых літаратараў, музыкаў. У 2009 годзе з дапамогай выканкамаў былі задзейнічаныя каля 35 дзяржаўных структураў для правядзеньня мерапрыемстваў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Скобла: “А ці былі забароны?”

Макоўская: “Былі і забароны, але няшмат – у межах 1–2 адсоткаў ад агульнай колькасьці. Тут, хутчэй, спрацоўвала менавіта ўласнае меркаваньне нейкага чыноўніка, які пабаяўся наступстваў, не захацеў узяць на сябе рызыку. Але такіх выпадкаў, паўтаруся, было няшмат”.

Скобла: “Ці ведаеце вы, што многія настаўнікі, працаўнікі на ніве культуры ў рэгіёнах проста моляцца на кампанію “Будзьма беларусамі!”? Як сказала мне дырэктарка Полацкага цэнтру рамёстваў Валянціна Крук, гэтая кампанія – адзіная магчымасьць запрасіць са сталіцы вядомага пісьменьніка, таго ж Рыгора Барадуліна ці Генадзя Бураўкіна. Аддзелы культуры на гэта, як правіла, сродкаў ня маюць. У сувязі з гэтым, ці будзе працягвацца кампанія “Будзьма беларусамі!” ў 2010 годзе?”

Макоўская: “Так, кампанія будзе працягвацца. Як я ўжо зазначыла, мэты і задачы, якія мы ставім перад сабой, досыць амбітныя, і натуральна, што за год дасягнуць іх немагчыма. Таму кампанія будзе разьвівацца, пашырацца, мяняць свой характар у тым пляне, што мы будзем імкнуцца рабіць імпрэзы больш цікавымі і насычанымі, будзем мяняць іх фармат”.

Скобла: “На згаданым і клопатным для вас V зьезьдзе беларусаў сьвету ўпершыню за многа гадоў прысутнічалі і бралі ўдзел у ягонай працы міністар культуры, другія высокапастаўленыя чыноўнікі. Ці наладзілася ў вас хоць якое супрацоўніцтва зь дзяржструктурамі?”
Гэта найперш прыняцьце Закону аб беларусах замежжа, прыняцьце адпаведнай дзяржаўнай праграмы ...

Макоўская: “Вынікам супрацоўніцтва зь дзяржструктурамі павінны стаць рэальныя крокі з боку беларускай дзяржавы ў дачыненьні да беларускай дыяпары. Гэта найперш прыняцьце Закону аб беларусах замежжа, прыняцьце адпаведнай дзяржаўнай праграмы, пра што неаднаразова гаварылася на зьезьдзе і што адлюстравана ў яго выніковых дакумэнтах. Гэтыя дакумэнты для нас сёньня ёсьць праграмнымі, і калі мы зьвяртаемся да органаў улады, то зьвяртаемся менавіта з гэтымі дакумэнтамі і просім нам паведаміць, якім чынам ідзе вырашэньне таго ці іншага пытаньня. На сёньняшні дзень можна сказаць, што прадстаўнікоў “Бацькаўшчыны” і беларускай дыяспары па нашай рэкамэндацыі ўключылі ў грамадзкую раду, створаную пры апараце ўпаўнаважанага ў справах рэлігіі і нацынальнасьцяў. Пакуль рада не зьбіралася, але мы спадзяемся, што ў нас атрымаецца паставіць патаньне аб прыняцьці Закону аб беларусах замежжа. Мы таксама зьвярталіся ў парлямэнт, і нам прыйшоў адказ, што будзе стварацца працоўная група па распрацоўцы гэтага закону. Мы таксама выступілі з рэкамэндацыяй аб уваходжаньні нашых сяброў у склад рабочай групы. Пакуль нельга сказаць, што ёсьць пэўныя вынікі, але мы разумеем, што дзяржаўны апарат працуе дастаткова марудна. Сумна тое, што за гэтыя гады пэўныя напрацоўкі што да гэтага закону фактычна леглі пад сукно. І сёньня трэба пачынаць гэтую працу амаль з нуля. Сумна і тое, што мы губляем час, інтэлектуальныя і людзкія рэсурсы, бо беларусы працягваюць выяжджаць за мяжу, мы губляем наша ноў-хаў, нашыя рэпрэзэнтатыўныя магчымасьці ў замежжы”.

Скобла: “На мінулым зьездзе беларусаў сьвету была ўхваленая ініцыятыва беластачаніна Яўгена Вапы абвесьціць 2010 год Годам Ларысы Геніюш – у сувязі са стагодзьдзем з дня народзінаў паэткі. Што ў гэтым кірунку мяркуе зрабіць “Бацькаўшчына”?”

Макоўская: “На зьезьдзе былі агучаныя некалькі істотных ініцыятываў, у тым ліку адносна Ларысы Геніюш і адносна беларускай мовы. Трэба працаваць над абедзьвюма ініцыятывамі. Адносна Году беларускай мовы мы зрабілі захады разам з Таварыствам беларускай мовы: пачалі збор подпісаў, напісалі звароты ва ўладныя органы. Адносна Ларысы Геніюш, я лічу, самая вялікая праблема ў тым, што яна да гэтага часу не рэабілітаваная. Напэўна, гэта тое, над чым мусіць працаваць грамадзтва ў юбілейным годзе. Са свайго боку мы папярэдне размаўлялі з каардынатарам сэрыі “Гарадзенская бібліятэка” Паўлам Мажэйкам пра тое, каб выдаць у нашай сумеснай сэрыі Збор твораў Ларысы Геніюш. Такі досьвед у нас ужо ёсьць – мы выдалі дыхтоўны двухтомавік пра Васіля Быкава, які меў вельмі прыхільныя водгукі”.

Скобла: “Згаданае вамі дасьледаваньне Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця”, як на маю думку, бясспрэчная Кніга году–2009. А якімі кніжнымі дзівосамі “Бацькаўшчына” парадуе нас у наступным годзе?”

Макоўская: “Мы спадзяемся яшчэ ў канцы гэтага году пабачыць 17-ю кнігу ў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” – кнігу пра беларусаў Аргентыны. Дасьледчыкаў жыцьця і дзейнасьці беларусаў Аргентыны фактычна няма. Сяргей Шабельцаў даўно цікавіўся гэтай тэмай і нарэшце напісаў арыгінальнае дасьледаваньне. А першай кнігай у наступным годзе, спадзяюся, стане кніга гісторыка Натальлі Гардзіенкі пра беларусаў Вялікай Брытаніі”.

Скобла: “Што пажадаеце беларусам сьвету на Новы год?”

Макоўская: “Неабходная і абавязковая частка навагодняга пажаданьня – пажаданьне здароўя. Таму я ўсім беларусам у сьвеце жадаю здароўя, веры ў сябе, у свае сілы, аптымізму, і – будзьма разам у наступным годзе!”
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG