Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў, мікрараён Саломінка, спартовы комплекс


Шыльда свабоды
Магілёў, мікрараён Саломінка, спартовы комплекс
На гэтым месцы знаходзіўся міні-кірмаш «Крыніца», прадаўцы і пакупнікі якога ў 2008 годзе правялі народны рэфэрэндум супраць зносу кірмашу і будаўніцтва гэтага комплексу. Дэмакратычная воля 6000 чалавек, якія не пабаяліся паставіць свае подпісы, была груба праігнараваная ўладамі.

Цэлы год цягнулася гэтая бітва на Дняпры — канфлікт магілёўскіх уладаў і жыхароў мікрараёну Саломінка. Улады хацелі збудаваць чарговы спартовы комплекс на месцы міні-кірмашу «Крыніца» ў цэнтры мікрараёну. Жыхары хацелі мець у зручным месцы кірмаш. У барацьбе з уладай аб’ядналіся пакупнікі, прадпрымальнікі і сяляне.

Калі 350 чалавек там гандлявалі, яны зараблялі грошы, плацілі падаткі. У іх не запыталіся, як яны будуць жыць далей? Не запыталіся і ў пакупнікоў, ці ім будзе зручна дабірацца ў іншае месца на кірмаш? Не пацікавілася ўлада і меркаваньнем жыхароў мікрараёну ўвогуле пра неабходнасьць спартовых заляў, а тыя, хоць ня маюць нічога супраць спорту, былі б супраць, бо ў раёне ёсьць больш важныя патрэбы, прыкладам, у дзіцячых садках.

Людзі пісалі лісты на ўсе ўзроўні вэртыкалі, накіроўвалі свае дэпутацыі ў розныя кабінэты. Іх думку ігнаравалі. Яны сталі патрабаваць ад гарадзкой улады правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму, што гарантуе ім закон. І зноў — адмова. І тады людзі вырашылі аб’яднацца і правесьці сваімі сіламі свой, народны рэфэрэндум, — кажа старшыня ініцыятыўнай групы для правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму Ігар Каваленка:

«Да разуменьня, што неабходна праводзіць мясцовы рэфэрэндум, дайшло таму, што ні ад аднаго чыноўніка з вэртыкалі мы не пачулі нейкага добрага, станоўчага адказу ў абарону простых грамадзянаў. Таму і праводзілі рэфэрэндум. Гэтыя подпісы накіроўваліся ва ўсе інстанцыі, пачынаючы ад кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну, заканчваючы адміністрацыяй прэзыдэнта краіны. Да подпісаў прыкладаліся адпаведныя тлумачальныя подпісы.»

Была створана ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі ўсе зацікаўленыя бакі. Рэфэрэндум адбываўся на самім кірмашы. Кожны гандляр сам паставіў подпіс у абарону кірмашу і прапаноўваў пакупнікам падпісацца «за».

6 тысяч чалавек паставілі свае подпісы.

Прызнаць іх для улады было б раўназначна прызнаньню права гэтых людзей на дэмакратыю. У тагачаснай Беларусі гэта было немагчыма.

Кірмаш, які існаваў 15 гадоў зьнесьлі. Сотні людзей згубілі працу. Жыхары Саломінкі вымушаныя езьдзіць па закупы ў іншыя месцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG