Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пратэстантаў, уніятаў і каталікоў – пярэдадзень Нараджэньня Хрыстовага


Сёньня ў Каталіцкім касьцёле апошні дзень перад сьвятам Нараджэньня Хрыстовага. Вернікі Беларусі рыхтуюцца сустрэць адно зь найвялікшых хрысьціянскіх сьвятаў.


У вернікаў, якія сустракаюць нараджэньне Хрыста 25 сьнежня, сёньня апошні дзень посту. У менскіх касьцёлах – чэргі да канфэсіяналаў, дзе адбываецца таямніца споведзі. Гутару зь людзьмі ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены:



Карэспандэнтка: “Наколькі я зразумела, вы цяпер пасьля споведзі?”

Юначка: “Так. Мы заўсёды перад сьвятам Раства ходзім да споведзі. Гэтак ачышчаем сваю душу, а значыць і сябе”.

Карэспандэнтка: “Ці вы рыхтуецеся да сьвята?”

Спадар: “Так, абавязкова рыхтуюся, я сам каталік і хоць ня часта хаджу да касьцёлу, але перад Калядамі стараюся абавязкова наведаць храм Божы”.

Спадарыня: “Рыхтуюся – вось купляю аплатак, сьвечачку хачу купіць. Трэба, каб сьвятло было, каб зорачка газэла, каб усе здаровыя былі – вось і ўсё”.


Каля шапікаў з каляднымі аплаткамі, сьвечкамі, паштоўкамі таксама шматлюдна, як і на апошняй ранішняй імшы ў гонар Дзевы Марыі. Гэтая імша папярэднічае сьвяту Нараджэньня Хрыстовага, кажа прадстаўнік архікатэдральнага сабору Раман:

“Рараты – гэта калі да імшы прыходзяць са сьвечкамі. У касьцёле сьвятла няма – гараць толькі сьвечкі. Гэта адбываецца а 6.45 раніцы. Гэтак рана людзі ўстаюць, каб сустрэцца з Паннай Марыяй, якая чакае нараджэньня Хрыста, як і ўсе вернікі”.

Карэспандэнтка: “І шмат людзей прыходзіць гэтак рана?”

“Шмат. Вельмі шмат”.

У касьцёлах цяпер таксама апошнія прыгатаваньні – усталёўваюць ясьлі зь немаўляткам-Хрыстом, фігуры пастушкоў з жывёлінамі, выпрабоўваюцца калядныя зоркі. Галоўныя ж урачыстасьці адбудуцца заўтра, кажа настаяцель касьцёлу а. Антоні Клімантовіч:

“Шмат працы, бо сьвята Божага Нараджэньня ў пятніцу, Вігілія ў чацьвер. А пасьля ў нас будзе дзіцячая пастаноўка, якая будзе нагадваць нам пра сьвята Божага Нараджэньня і пра тыя падзеі, якія адбываліся, і як гэта было. Таксама будуць арганнныя канцэрты, а падчас калядных сьвятаў увогуле шмат розных канцэртаў”.



Увечары ў каталіцкіх, пратэстанцкіх і ўніяцкіх храмах пройдуць урачыстыя набажэнствы – пастэркі. Імшу ў менскай катэдры ўзначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўжо распачаў калядныя віншаваньні:

“Хачу павіншаваць са сьвятамі Божага Нараджэньня і Новага году. Мы, магчыма, задаем сабе пытаньне, як мы павінны перажываць сьвята Божага Нараджэньня. Бог даў нам самы вялікі падарунак – Езуса Хрыста. Таму хацелася б пажадаць, каб гэтыя сьвяты былі сьвятамі Божай ласкі, сьвятамі жыцьця ў Богу і каб Езус Хрыстус вёў нас сваім шляхам ужо ў новым, 2010 годзе”.

Імша з архікатэдральнага касьцёлу імя Дзевы Марыі ў Менску, якую ўзначаліць Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама ўрачыстая літургія з Ватыкану з удзелам папы рымскага Бэнэдыкта ХVІ будзе трансьлявацца на першым канале БТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG