Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадоцкае начальства спахапілася, калі актывіст заявіў, што прадасьць нырку


Аляксандар Жыткевіч падчас галадоўкі пратэсту 25 чэрвеня 2009 году.
Аляксандар Жыткевіч падчас галадоўкі пратэсту 25 чэрвеня 2009 году.

Беспрацоўнаму Аляксандру Жыткевічу, які падаў у “раёнку” аб’яву пра продаж ныркі, загадалі тэрмінова працаўладкавацца пасьля сустрэчы са старшынём Гарадоцкага райвыканкаму.

Чыноўнік заявіў, што спадару Жыткевічу нават гатовыя дапамагчы з транспартам, каб дабірацца да працы. І сёньня ўжо распарадзіўся, каб беспрацоўны бясплатна прайшоў мэдычны агляд.

Заўтра Аляксандар Жыткевіч накіруецца ўладкоўвацца на працу ў ПМК 51. Аднак вялікіх спадзеваў на чарговую спробу працаўладкаваньня ён не ўскладае – такіх спробаў было ўжо 15 за апошнія паўгода, але паўсюль яму давалі адмову.

Спадар Жыткевіч лічыць, што ў раёне супраць яго вядзецца неабвешчаная вайна, якая распачалася пасьля ягонага ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2008-га году ў якасьці назіральніка.

Гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы згадвае, што яшчэ напярэдадні выбараў 22-гадовага зубнога фэльчара з вёскі Бычыха начальства папярэдзіла пра верагодныя нэгатыўныя наступствы. І неўзабаве маладога спэцыяліста асудзілі за нібыта незаконнае атрыманьне грошай ад пацыентаў. У траўні гэтага году суд пазбавіў Аляксандра Жыткевіча права займацца прафэсійнай дзейнасьцю цягам двух гадоў. Знайсьці іншую працу аказалася амаль немагчымым.

Паколькі спадар Жыткевіч сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце і на дапамогу з боку не разьлічваў, ён абвясьціў пра намер прадаць нырку, бо іншым чынам зарабіць на жыцьцё магчымасьцяў ня мае.

Гісторыя пра продаж ныркі трапіла ў інтэрнэт, многія выказалі спачуваньне маладому чалавеку і прапанавалі дапамогу. Мясцовыя актывісты руху “За Свабоду” стварылі аргкамітэт для падтрымкі А.Жыткевіча, і сёньня перадалі яму прадукты харчаваньня, сабраныя віцебскімі апазыцыйнымі актывістамі і прадстаўніцамі жаночага клюбу “Гармонія”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG