Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Астаповіч зьвярнуўся ў Раду бясьпекі ў справе гістарычнага цэнтру Менску


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў А.Астаповіч зноў зьвярнуўся ў Раду бясьпекі ў сувязі з будаўніцтвам новых аб'ектаў у гістарычным цэнтры Менску.

Як падае БелаПАН, у сваім лісьце Антон Астаповіч нагадвае пра зварот у Раду бясьпекі ад 24 красавіка сёлета з патрабаваньнем правесьці комплексную праверку на адпаведнасьць заканадаўству рашэньняў, якія выклікалі "хаатычнае будаўніцтва" ў гістарычным цэнтры сталіцы і прывялі да зьнішчэньня помнікаў і ляндшафту гістарычнай забудовы.

Сярод прыкладаў парушэньня заканадаўства Астаповіч назваў павелічэньне амаль удвая паверхавасьці комплексу АДТ "Сулона" ў квартале вуліц Гарадзкі Вал — Інтэрнацыянальная — Камсамольская — Рэвалюцыйная; недапушчальнае будаўніцтва вышынных комплексаў на месцы зьнесенага рэстарану "Рамонак" і на вуліцы Старажоўская; пляны разьмясьціць вышынны гатэль "Кемпінскі" на мяжы гістарычнага цэнтру Менска і ансамбля праспэкту Незалежнасьці; разбурэньне дома XIX стагодзьдзя па вуліцы Рэвалюцыйная, 17, для ўзьвядзеньня адміністрацыйнага будынка паводле замовы ТАА "ТаПаС"; знос дамоў №№ 6б,12, 12в, 12г і 14 па вуліцы Рэвалюцыйная, № 11-а па вуліцы Камсамольская; узьвядзеньне фантану, падпорных сьценак і іншых малых архітэктурных формаў на падмурках дамоў №№ 19—21 на плошчы Свабоды; вываз у невядомым кірунку без папярэдніх археалягічных дасьледаваньняў, належнага вывучэньня і навуковай фіксацыі культурнага пласта і разбурэньне падмуркаў высакашчыльнай гарадзкой забудовы ўздоўж вуліцы Гандлёвая, па вуліцы Няміга на адрэзку паміж вуліцамі Камсамольская і Гарадзкі Вал.

У адказ на гэты зварот Рада бясьпекі даручыла Генэральнай пракуратуры правесьці праверку, якая была ўскладзена на пракуратуру гораду Менску, гаворыцца ў лісьце.

Яго аўтар адзначае, што да гэтага часу таварыства не атрымала інфармацыі аб выніках праверкі, нягледзячы на звароты ў Генэральную і сталічную пракуратуры.

Антон Астаповіч піша, што дзеяньні работнікаў пракуратуры падрываюць давер грамадзян да органаў улады і дыскрэдытуюць палітыку дзяржавы па барацьбе з бюракратызмам, умацаваньні правапарадку і зьяўляюцца "яркім прыкладам бюракратычнай цяганіны, вартым толькі фэльетоннай калёнкі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG