Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму — сьвяточная ілюмінацыя, а каму — слупы без ліхтароў


Ялінка ў Глуску, <a href="http://www.gluskonline.net/" target="_blank">gluskonline.net</a>
Ялінка ў Глуску, <a href="http://www.gluskonline.net/" target="_blank">gluskonline.net</a>

У&nbsp;гэтыя дні вуліцы і&nbsp;плошчы вялікіх і&nbsp;малых гарадоў аздабляюць сьвяточнай ілюмінацыяй, усталёўваюць на&nbsp;іх&nbsp;навагоднія ёлкі. Аднак у&nbsp;большасьці аддаленых паселішчаў Беларусі на&nbsp;вуліцах ня&nbsp;будзе ня&nbsp;тое што каляднага ўбраньня&nbsp;&mdash; а&nbsp;нават і&nbsp;вулічнага асьвятленьня. У&nbsp;краіне працягваюцца экспэрымэнты з&nbsp;эканоміяй энэргарэсурсаў.

Пра тое, як у розных мясьцінах Беларусі ўпрыгожваюць да сьвята свае гарады і вёскі, даведваліся сёньня карэспандэнты «Свабоды». Паведамленьні з рэгіёнаў запісаў Вячаслаў Кулік.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Навагодняе аздабленьне вельмі беднае і зроблена пад прымусам»


У малых гарадах Магілёўшчыны ўсталёўваюць цяпер традыцыйныя ялінкі на цэнтральных плошчах. Дзьве-тры гірлянды на прылеглых да яе дамах, напаўасьветленыя вуліцы — бадай, і ўсе прыкметы набліжэньня сьвятаў.

Сёньня райцэнтар Глуск наведала дэлегацыя зь Міністэрства працы й сацыяльнай абароны. Глуск пачысьцілі ад сьнегу, паставілі й убралі ялінку, разьвесілі тры гірлянды.

Глускі праваабаронца й журналіст Ігар Кірын:

— Гэта, бадай, і ўся ілюмінацыя навагодняя. Яшчэ ў вітрынах агеньчыкі навагоднія. Гэта дужа бедна. І тое робіцца пад вялікім прымусам. Скідаецца заўжды палажэньне на лепшае навагодняе аздабленьне, і пад гэтай маркай з усіх арганізацыяў выціскаюць гэтае аздабленьне. Хочаш ня хочаш — аздабляй, і ўсё.

Ялінку ў Глуску, дарэчы, ставілі двойчы. Першую забракавала начальства камунгасу, бо не спадабаўся яе выгляд. Другую паставілі й адразу ўбралі, каб схаваць хібы.

Сьціплае навагодняе аздабленьне Глуску, фота gluskonline.net.

У Новай Друці не цураюцца беларускасьці


Па вёсках таксама рыхтуюцца да сьвятаў. Традыцыйная калядная ялінка, гірлянды, карпаратыўны сход працаўнікоў адбудуцца сёлета ў таварыстве «Новая Друць», што на Бялыніччыне.

Жыхар вёскі Вялікая Машчаніца Барыс Вырвіч:

— «Новая Друць» пакуль што — гаспадарка Нацыянальнага банку, таму грошы на сьвяткаваньне знойдуцца. Хоць заробкі тут і затрымліваюць, аднак яны нашмат вышэйшыя, чым у іншых. Людзі жывуць сёньняшнім днём. Яны бачаць, што ў суседзяў яшчэ горш.

Таварыства «Новая Друць» — рэдкая на Магілёўшчыне гаспадарка, кіраўніцтва якой не цураецца беларускасьці. У Вялікай Машчаніцы няма гасьцініцы — ёсьць гатэль, няма магазынаў — ёсьць крамы. Сёлета зьбіраюцца наладзіць тут і калядаваньне.

Намесьнік старшыні гаспадаркі Васіль Вададохаў:

Навагоднія нашы віншаваньні ўсе на беларускай мове.
— Навагоднія нашы віншаваньні ўсе на беларускай мове. Падарункі. Насьценгазэты будуць таксама па-беларуску. Дзяўчаты ўжо працуюць над гэтым. Хочацца ж пагаварыць на роднай, матчынай мове. Аднак не заўжды атрымліваецца.

Што да вялікіх гарадоў рэгіёну, то сьвяточнае аздабленьне тут пераважна на расейскай мове. Да традыцыйных ялінак, сьвяточнай ілюмінацыі другі год запар дадаюцца мэталашукальнікі й турнікеты. Забясьпечваць парадак на навагоднія сьвяты будуць у абласным цэнтры дзьве тысячы міліцыянтаў. Сёлетняя адметнасьць сьвятаў — праверкі на выкрыцьцё нелегальных фаервэркаў. Іх канфіскоўваюць тысячамі. Уладная вэртыкаль загадала кіраўніцтву прадпрыемстваў рэгіёну выплаціць заробкі да 25 сьнежня.


ВІЦЕБШЧЫНА


За вялізныя выдаткі народ празваў плошчу «Аляксандар-пляц»


Сёлета галоўная ёлка Віцебску ўпершыню стаіць на плошчы Перамогі.
На Віцебшчыне чым далей ад абласнога цэнтру, тым менш мясцовыя ўлады дбаюць пра сьвяточны настрой насельніцтва.

У Віцебску сёлета зьмяняюць адрас галоўных урачыстасьцяў. На загад новапрызначанага кіраўніка вобласьці Аляксандра Косінца цэнтрам гораду абвешчана плошча Перамогі. За вялізныя выдаткі на яе добраўпарадкаваньне і зборную елку пад 40 мэтраў вышынёй народ ужо празваў плошчу «Аляксандар-пляц».

Заўтра на гэтым пляцы маюць наладзіць парад Дзядоў-Марозаў і Сьнягурак, а таксама ўключыць новую ілюмінацыю. Паколькі плошча Перамогі — гэта аб’ект, які кантралюе асабіста старшыня аблвыканкаму, у супрацоўнікаў прадпрыемства «Гарсьвятло» — сапраўдны аўрал:

— Я заняты «ад і да», ні хвіліны вольнай! Ноч і дзень працуем, рыхтуем гарадзкое мерапрыемства на плошчы Перамогі. Выбачайце, але кожная хвіліна мне дарагая!

Супрацоўнік прадпрыемства «Гарсьвятло» ні слова не сказаў пра тое, колькі каштуе сьвяточная ілюмінацыя ў Віцебску, сказаў толькі, што спонсараў няма і ўсё робіцца за грошы з гарадзкога бюджэту. Грошы згараюць немалыя.

Аднак, падобна, каляровыя навагоднія агеньчыкі зырка зьзяюць яшчэ толькі ў Віцебску. Чым далей ад абласнога цэнтру, тым менш мясцовыя ўлады дбаюць пра сьвяточнае аздабленьне.


«Аздабляюць Гарадок ня ўлады, а ў каго капейчына ёсьць»


Леанід Гаравы, актывіст з райцэнтру Гарадок, падзяліўся сваімі назіраньнямі:

— У Гарадку яшчэ няма ілюмінацыі, ёлкі яшчэ толькі ставяць. А прадпрымальнікам прапануюць за ўласны кошт усталяваць сьвяточную ілюмінацыю на сваіх будынках — на кавярнях, крамах.

Цяпер у вёсцы толькі людзі самі калі паставяць у двары нейкую ёлачку з агеньчыкамі.
Тое, што ў Гарадку робяць пад прымусам, на Глыбоччыне ўзьвялі ў ранг конкурсу, ад удзелу ў якім практычна немагчыма адмовіцца. Юлія Бука, жыхарка вёскі Валодзькава, сёньня пачула празь мясцовае радыё, што ўсе прадпрыемствы і прадпрымальнікі раёну мусяць упрыгожыць свае будынкі, а потым журы з райвыканкаму вызначыць, у каго гэта атрымалася найлепш.

Што да сьвяточнай ілюмінацыі для вяскоўцаў, то ў спадарыні Юліі само ўжо пытаньне пра гэта выклікае невясёлы сьмех:

— А не, пра што вы кажаце! Цяпер у вёсцы толькі людзі самі калі паставяць у двары нейкую ёлачку з агеньчыкамі. Гэта ня ўлады робяць — а калі хто больш заможны, дзелавейшы, у каго капейчына яшчэ ёсьць, дык запаліць у сябе нейкі ліхтарык ці гірлянду.

У вёсцы Валодзькава, дзе жывуць усяго 20 чалавек, усе радуюцца нават таму, што на слупах паўкручвалі звычайныя лямпачкі. Дагэтуль вулічныя ліхтары не гарэлі па два-тры гады, дый цяпер бы не запаліліся, каб ня выбары наперадзе, сумна жартуе Юлія Бука.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Сельвыканкам разьлічвае на тых, хто мае грошы


Станцыя Парэчча на поўначы Гарадзенскага раёну пабудавана паўтара стагодзьдзя таму. Вёска яшчэ вядомая сваім санаторыем. Ці дайшла хваля сьвяточнага аздабленьня і да Парэчча?

У Парэцкім сельскім выканкаме на пытаньне пра сьвяточныя аздобы, ілюмінацыю мне адказалі наступнае:

— Кожная арганізацыя штосьці спрабуе зрабіць, аздобіць сваю тэрыторыю. Расказаць пра гэта немагчыма, трэба ўвечары ўбачыць. Санаторная школа зрабіла цікавую ілюмінацыю, санаторый „Парэчча“, каля будынка сельвыканкаму ёлачка ў нас аздоблена. Хто як можа, на меру сваіх фінансавых магчымасьцяў...

У Парэччы займаюцца бізнэсам два прадпрымальнікі.

— Прыватныя прадпрымальнікі нашыя: Шандарук Ганна — у яе пастаянна табло сьветлавыя, аздабляе свае гандлёвыя пункты і прыватны прадпрымальнік Бычкоўскі, ён аздабляе таксама свой падворак. У мясцовага насельніцтва, у каго ёсьць магчымасьць, таксама аздабляюць свае падворкі сьветлавой ілюмінацыяй.

А ці аформлены звонку па-сьвяточнаму парэцкі касьцёл? На жаль, ксяндза Рамана Цесьляка не было на месцы. А вось ксёндз Павал з другой вёскі Гарадзенскага раёну — Гожы — адказаў так:

— У астатні час гэта ўжо практыкуецца, скажам, ва ўсіх касьцёлах. У нас гэтага пакуль няма, яшчэ пакуль што тут рамонт, але ў будучыні будзе таксама. Карацей, паціхеньку гэта практыкуецца ў касьцёлах, на вежах можна ялінку выставіць, таксама гірлянды.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У вёсцы Вуць — навагодні сюжэт на італьянскі манер


Пра «навагодні стандарт» аздабленьня паселішчаў апавядае вясковая настаўніца Клаўдзія Варанец зь вёскі Вуць:

— Толькі ёлка на плошчы ля клюбу — там ёсьць такое месца. Гірлянды вешаюць на ёлку, плястмасавыя цацкі. Яна й агнямі сьвеціцца. Потым гуляньне ўжо каля ёлкі.

Спадарыня Варанец апавяла, што сёлета вырашыла аздобіць сваю сядзібу з пэўнай фантазіяй. На манер таго, як робяць гэта ў Італіі, дзе ёй давялося пабачыць падрыхтоўку да Новага году:

— На дзьвярах хаты яны вешаюць такую падкоўку — усярэдзіне зь Дзедам Марозам. Я ў Італіі была й бачыла гэта. Думаю нешта такое зрабіць і на сваіх дзьвярах павесіць. Потым кола зь ялінак робяць, і ў гэтым коле навагодні сюжэт — сьвечка, ялінка. І ставяць гэта на вуліцы, ля дзьвярэй. Я, напрыклад, за тое, каб лепш на вуліцы ўсталёўвалі ёлкі. Было б прыгажэй! Каб кожны пасадзіў ля сваёй хаты ялінку — як бачыла я гэта ў замежжы. Там ня столькі ў хаце ёлка, колькі на вуліцы. Ідзеш па вуліцы й бачыш, што гэта — сьвята, зіхаціць усё.

Фэрмэр запрашае ў кавярню «Будзьма»


Тураўскі фэрмэр Міхаіл Шруб купіў да Новага году школьнікам зь вёскі Хільчыцы, дзе знаходзіцца цэнтар ягонай фэрмэрскай гаспадаркі, салодкія падарункі на ёлку. А для сельскага клюбу — падарункі на навагоднюю імпрэзу.

Непасрэдна ў Тураве аздабляецца нядаўна адкрытая фэрмэрам кавярня «Будзьма». Апавядае жонка фэрмэра спадарыня Кацярына:

— Забясьпечылі Дзеда Мароза, каб раздаваў гасьцінцы ў доме культуры, і ў школу — цукеркі дзецям на падарункі. Абвясьцілі таксама карпаратыўную вечарынку ў нашай кавярні — мы кавярню «Будзьма» адкрылі. Пасядзім, павесялімся, патанчым. Запрасілі на навагоднія дні жывую музыку — музыкаў з Жыткавічаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG