Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні патрэбны дзеля запалохваньня грамадзтва


Валер Шчукін, Максім Вінярскі, Алег Воўчак, Людміла Асіпенка, Алена Дубская

Валер Шчукін, Максім Вінярскі, Алег Воўчак, Людміла Асіпенка, Алена Дубская

23 сьнежня ў Менску былі ўручаныя Нацыянальныя прэміі грамадзкай ініцыятывы “Хартыя’97” у галіне абароны правоў чалавека за 2009 год. Прэміі атрымалі 8 грамадзкіх актывістаў, у тым ліку Яна Палякова пасьмяротна.


За асабістую мужнасьць пры абароне правоў чалавека Нацыянальнай прэміяй аргкамітэту грамадзкай ініцыятывы “Хартыя-97” узнагароджаны палітычны актывіст Франак Вячорка, грамадзкі актывіст Зьміцер Бародка, моладзевы актывіст Максім Вінярскі, палітвязень Арцём Дубскі, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка, а таксама салігорская праваабаронца Яна Палякова (пасьмяротна).

Прэміі ўручалі Станіслаў Шушкевіч, Ірына Халіп, Зьміцер Бандарэнка, Андрэй Саньнікаў. Былы сьпікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, які ўручаў прэмію Зьмітру Бародку, выказаў спадзяваньні на непазьбежныя перамены ў Беларусі ў бок дэмакратызацыі:

Станіслаў Шушкевіч
“Віншую вас! Цешуся думкай, што мы разам тут змагаемся за вольную Беларусь. Вашыя заслугі ў гэтай галіне вядомыя. Працягвайце далей працаваць плённа, як працавалі”.

Пасьмяротную прэмію Яне Паляковай для перадачы ў сям’ю нябожчыцы ўручыла журналістка Ірына Халіп:

Ірына Халіп
“Горка мне ўручаць сёньня гэтую прэмію. У пасьмяротным узнагароджваньні заўсёды ёсьць нейкі зьдзек, бо адразу ўзьнікае пытаньне: а дзе вы ўсе былі, калі яна яшчэ была жывая? Што мы ўсе зрабілі, што я зрабіла, каб захаваць яе жывой, каб падтрымаць яе? Мне здаецца, адзіны чалавек, хто сапраўды аказваў ёй такую падтрымку, гэта праваабаронца Валер Шчукін. На маю думку, справядліва, што яму перадаецца гэтая прэмія для Яны Паляковай”.

Былы дэпутат Вярхоўнага савету Валер Шчукін згадаў пра ляўрэатку, нябожчыцу Яну Палякову:

Валеры Шчукін
“Магчыма, каб такую прэмію ёй уручылі пры жыцьці, гэтага б зь ёй не адбылося. Там і ўлады, відаць, папрацавалі. Ёй уклалі ў вушы, што яна нікому не патрэбная, што ад яе ўсе адвярнуліся, вось яна і ня вытрымала”.

Нагадаю, 7 сакавіка праваабаронца Яна Палякова павесілася ў сваёй кватэры пасьля таго, як суд Салігорску прысудзіў ёй 2,5 года “хіміі” нібыта за напад на міліцыянта.

За актывіста Маладога фронту Арцёма Дубскага, які адбывае пакараньне ў магілёўскай калёніі, прэмію атрымала ягоная маці Алена Дубская:

Алена Дубская
“Значыць, ён ідзе да сваёй мэты, сваім шляхам. У кожнага ж свой шлях. Прыемна, што яго не забываюць, адзначаюць. Я ганаруся сваім сынам”.

Паводле ляўрэата прэміі “Хартыі-97” Максіма Вінярскага, які актыўна змагаецца за тое, каб у Беларусі не было палітвязьняў, беларускія ўлады трымаюць у турмах актывістаў з пэўнымі мэтамі:

“Па-першае, улада спрабуе на іх прыкладзе запужаць астатніх людзей, каб нічога не рабілі дзеля дэмакратызацыі. Вось будзеце сядзець, як Дубскі, ці пад сьледзтвам, як Аўтуховіч з Асіпенкам, ці будзеце скрадзеныя”.

Другая мэта ўладаў — трымаць палітвязьняў у закладніках дзеля торгу з Захадам, мяркуе Максім Вінярскі.


Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная “Хартыяй’97” у 1998 годзе. Сярод ляўрэатаў прэміі ў мінулыя гады былі абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менску, палітвязьні, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храму пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”, а таксама журналісты.
XS
SM
MD
LG