Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі пачаў абмеркаваньне праекту ўказу Аляксандра Лукашэнкі пра абмежаваньне дзейнасьці беларускага сэктару інтэрнэту. Дакумэнт зьявіўся яшчэ ў сярэдзіне сьнежня, і тады экспэрты амаль аднадушна прыйшлі да высновы: гэты крок прадугледжвае значнае абмежаваньне беларускай інтэрнэт-прасторы. Мяркуецца, што канчатковы варыянт указу можа быць ухвалены яшчэ да калядных сьвятаў — ня выключана, што на подпіс да прэзыдэнта дакумэнт паступіць ужо 24 сьнежня.

У шэрагу абмежавальных захадаў што да беларускага сэгмэнту інтэрнэту — татальны кантроль над правайдэрамі, блякаваньне сайтаў на патрабаваньне адпаведных структураў, прыцягненьне да адказнасьці распаўсюднікаў інфармацыі ў сеціве, ідэнтыфікацыя карыстальнікаў, дзяржаўная рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ і віртуальных вэрсій друкаваных выданьняў, а таксама фактычная забарона інфармацыйных і рэклямных рэсурсаў, якія месьцяцца па-за дамэннай зонай by. Як кажа генэральны дырэктар беларускага парталу TUT.by Кірыл Валошын, пад забарону аўтаматычна падпадуць папулярныя ў Беларусі сайты замежнай прапіскі:
пад забарону аўтаматычна падпадуць папулярныя ў Беларусі сайты замежнай прапіскі ...

“Адносна таго, што інфармацыйныя рэсурсы павінны быць пад дамэнам by, то фармальна — так: аказаньне імі паслугаў на тэрыторыі Беларусі без рэгістрацыі (а рэгістрацыю, зноў жа, без дамэну яны не атрымаюць) будзе зьяўляцца парушэньнем. Але я, шчыра кажучы, зь цяжкасьцю ўяўляю, што Mail.ru ці Google, ці Yandex будуць заблякаваныя. Я думаю, што здаровы сэнс усё ж пераважыць. Ні Google, ні Yandex, ні іншыя заблякаваныя ня будуць. Хоць, безумоўна, для TUT.by гэта было б толькі на карысьць. Але з пазыцыі элемэнтарнай лёгікі ўсе яны, канечне, павінны быць даступныя для беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў”.

Адзін з пунктаў праекту ўказу прадугледжвае аказаньне паслугаў з выкарыстаньнем нацыянальнага сэгмэнта сеткі Інтэрнэт толькі праз зарэгістраваныя інфармацыйныя сеткі, сыстэмы, рэсурсы. Юрыст унітарнага прадпрыемства “Надзейныя праграмы” Людміла Чэкіна лічыць, што такая пастаноўка пытаньня прывядзе да поўнай блытаніны, бо распрацоўнікі спрабуюць сумясьціць рэальнае зь віртуальным:
Азначэньне, якое плянуецца даць у гэтым праекце ўказу, досыць няўдалае. ...

“Азначэньне, якое плянуецца даць у гэтым праекце ўказу, досыць няўдалае. Таму што адбываецца аб’яднаньне фізычных рэсурсаў — сетак, сыстэмаў — зь віртуальнымі рэсурсамі. І гэтае вызначэньне будзе мець вялікія складанасьці пры практычным ужываньні. Прыкладам, ці адносіцца да нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт сайт, зарэгістраваны ў дамэннай прасторы by, але фізычна разьмешчаны на сэрвэры ў Расейскай Фэдэрацыі? Бо мы ведаем, што кошт хостынгу ў Расеі, як правіла, ніжэйшы, чым у Беларусі. Атрымліваецца, што ў адпаведнасьці з гэтым праектам такія сайты пазбаўляюцца якой бы там ні было магчымасьці аказваць любыя паслугі на тэрыторыі Беларусі. Прычым паслугі як рэклямныя, так і інфармацыйныя”.

Паводле праекту ўказу, хостынг беларускіх рэсурсаў у абавязковым парадку павінен быць перанесены ў Беларусь, а ўласна выхад у інтэрнэт будзе “дазавацца” сэртыфікаванымі правайдэрамі. Кантроль за правядзеньнем навацыяў у жыцьцё мяркуецца ўскласьці на Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнцкай адміністрацыі. Кіраўнік аналітычнага аддзелу кампаніі “Акавіта” Фёдар Караленка лічыць: функцыі кантролю ня столькі дэлегаваныя цэнтру, колькі пашыраныя ў прынцыпе.
Аналітычны цэнтар, МУС, КДБ. У выніку будзе “тройка” ...

“Перакінулі частку функцый на гэты новаствораны цэнтар, хоць у любым выпадку адпаведныя падразьдзяленьні ў міліцыі і КДБ усё роўна як былі, так яны і застаюцца. Прынамсі, нічога не сказана, што яны цалкам перадаюць свае функцыі гэтай цывільнай структуры. Гэта проста новы орган, які будзе спэцыялізаваны на чымсьці адным. Магчыма, на раздачы дамэнаў by. Я, шчыра кажучы, мала зразумеў прычыны, каб яго ўвогуле ствараць, таму што ёсьць спэцыяльныя аддзелы ў МУС і КДБ. Ну, у выніку будзе “тройка”. Пабачым. Але сутнасна, па дадатковых функцыях, нічога новага няма”.

На думку рэдактаркі сайту “Хартыя-97” Натальлі Радзінай, беларускія ўлады бяруць на ўзбраеньне кітайскі досьвед падпарадкаваньня інтэрнэту дзяржаве. Паказальна, што якраз сёньня ўлады Кітаю абвясьцілі пра больш жорсткія правілы рэгістрацыі дамэнных імёнаў. Захады ўжытыя нібыта ў мэтах барацьбы з распаўсюдам “нелегальнага кантэнту”. Сайты, якія ня пройдуць праверку ўрадавых органаў і ня трапяць у так званы белы сьпіс, будуць заблякаваныя. Штосьці падобнае, на думку спадарыні Радзінай, намагаюцца зрабіць і ў Беларусі:
супраць гэтай улады могуць быць ужытыя санкцыі з боку міжнароднай супольнасьці ...

“У прыватнасьці, вяртаемся да рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ. І гаворка ня толькі пра інтэрнэт-вэрсіі друкаваных выданьняў: улады якраз хочуць рэгістраваць непасрэдна інтэрнэт-рэсурсы. А гэта вельмі небясьпечна. Будзем глядзець, ці змогуць урэшце беларусы чытаць сайты не з дамэну by. Думаю, у любым выпадку будзем шукаць спосабы выхаду з сытуацыі. І натуральна, што трэба зьвяртацца да праваабарончых арганізацый, да “Рэпартэраў бязь межаў”, у Камітэт абароны правоў журналістаў, трэба зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці. І калі ўлады захочуць зьдзейсьніць цэнзуру інтэрнэту ў краіне, на мой погляд, супраць гэтай улады могуць быць ужытыя санкцыі з боку міжнароднай супольнасьці”.

Паводле праекта ўказу, у трохмесячны тэрмін пасьля публікацыі дакумэнту Савет міністраў павінен забясьпечыць рэглямэнтацыю дзейнасьці інфармацыйных рэсурсаў беларускага сэгмэнта інтэрнэту, а таксама падаць зьвесткі пра ўладальнікаў інфармацыйных рэсурсаў. Цягам паўгода павінна быць выпрацавана Канцэпцыя разьвіцьця нацыянальнага сэктара інтэрнэту. А яшчэ за год мяркуецца распрацаваць праект закону аб нацыянальным сэгмэнце сеткі Інтэрнэт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG