Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У талачынскіх чыноўнікаў кароткая памяць”


Агляд тэлефанаваньняў за сераду, 23 сьнежня. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы расказваюць пра трагедыю ў Талачынскім раёне, дыскутуюць наконт мэханізму кампэнсацыі банкаўскіх укладаў, якія абясцэніліся ў 1991 годзе, перадаюць калядна-навагоднія віншаваньні.

Пачынаем з адказу спадарыні Галіны на адну з рэплік дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Cпадар: “Лукашэнка заяўляе: ад нас часам ультыматыўна патрабуюць, каб мы літаральна з заўтрашняга дня пачалі жыць у дэмакратычнай дзяржаве, як яны яе разумеюць. А хіба ўчора Лукашэнка прыйшоў да ўлады? Ды ён пры ўладзе ўжо 15 год! За гэты час можна было прайсьці ўсе стадыі станаўленьня дэмакратыі. Не да яе, відаць, было. З клюшкай за шайбай ганяўся ў сваё задавальненьне, дзяцей пладзіў... А якую дыктатуру адбудаваў: нават Бэрлюсконі пазайздросьціў! На тры гадзіны прыехаў па кансультацыю”.

“Прэзыдэнцкую” тэму працягвае спадар Гарбачоў.

Cпадар: “Чаму канстытуцыя ЗША як закон дзяржавы не мяняецца больш за 250 гадоў? А ў большасьці краінаў былога СССР яна зьмяняецца пасьля кожнага новага гаспадара краіны. Адвакат Гарбачоў”.

Адказвае Юрась Губарэвіч — намесьнік старшыні руху “За свабоду” на чале з Аляксандрам Мілінкевічам, які заявіў пра намер прыняць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2011-га году.

Юрась Губарэвіч: “Мушу паправіць: Канстытуцыя ЗША таксама мянялася з гадамі — унесена некалькі дзясяткаў правак. Бо грамадзтва не стаіць на месцы, у адпаведнасьці з чым узьнікаюць патрэбы ўносіць пэўныя карэктывы. Што да постсавецкай прасторы, тут шмат дзе рашэньні пра зьмены ў Канстытуцыі фактычна прымаюцца ў аднабаковым парадку — кіраўніком дзяржавы або групай блізкіх да яго асобаў, і фармальна ўхваляюцца задняй датай празь нібыта рэфэрэндумы, напрыклад. Беларусь тут далёка не выключэньне. У сёньняшняга яе кіраўніка ці не найбольш выяўленае жаданьне мяняць Асноўны Закон у адпаведнасьці са зьменамі палітычных рэаліяў. І, натуральна, збольшага ён выкарыстоўвае ўсё тое на сваю карысьць”.

Учора мы далі слова спадару, які аспрэчыў ідэю слухачкі, што прапанавала дзяржаве разьлічыцца за даўгі, якія банкі завінаваціліся ўкладчыкам, таварамі з запоўненых складоў. Спадарыня ізноў бярэ слова, каб патлумачыць сваю пазыцыю.

Cпадарыня Арцёмаўна: “Можна разгрузіць складзкія памяшканьні для новых, больш якасных тавараў, а мне асабіста і многім з нас новы халадзільнік быў бы вельмі дарэчы. Альба пральная машына. Хачу адказаць, што галадаць мы ня будзем, ня той час. На тым пытаньні паставім кропку. Дай Бог, каб гэтыя тавары прадалі і нам павысілі пэнсію ў наступным годзе хаця б на 30 адсоткаў”.

Учора беларускія СМІ паведамілі пра раптоўную сьмерць маці трох дзяцей з Талачынскага раёну — пасьля беспадстаўнага абвінавачваньня райгазэты на яе адрас. Спадар Петрушэнка, які жыве там і разьбіраўся ў сытуацыі, лічыць, што інфармацыя патрабуе ўдакладненьня.

Cпадар: “Малавопытную журналістку газэты “Наша Талачыншчына” ўвялі ў зман чыноўнікі ўжо тады, калі прывезьлі ў суправаджэньні міліцыянтаў у сям’ю. Жанчына памерла пасьля прыезду гэтай камісіі, яна не была алькагалічкай, не накіроўвалася на лячэньне. І гэта патрэбна адкрыта прызнаць. Замест гэтага рэдакцыя і міліцыянты ахоўваюць сакрэт чыноўніцы, якая, напэўна, і давяла да сьмерці і ўвяла ў зман журналістаў. А зараз нават ня просіць прабачэньня. Вось я размаўляў са старшым лейтэнантам міліцыі, які “ня памятае”, каго ён прывозіў у гэтую сям’ю. “Ня памятае” і рэдактар”…

Шаноўныя слухачы! Гэтымі днямі мы прапануем свой эфір для водгукаў ня толькі на злабадзённыя тэмы, але і для сьвяточных віншаваньняў. Слухаем іх апошнюю падборку.

Cпадарыня: “Вітаю, Радыё Свабода! З нараджэньнем Хрыстовым і 2010 годам віншую вас, дарагія сябры! Сьветлых вам, радасных дзён, моцнага здароўя, новых цікавых перадачаў у новым годзе”.

Cпадарыня: “Дазвольце вас павіншаваць са сьвятам, Божым нараджэньнем! Самага найлепшага вам усім! І сонечных дзён. А таксама хачу павіншаваць усю Эўропу і Амэрыку, бо гэта каталіцкія краіны”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG