Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Згадка пра Іскрыстую Веру


Зь Верай Рыч я ўпершыню пабачыўся летам 1989 году, у рэдакцыі "Нівы" ў Беластоку. Была гэта неверагодная часіна, калі шмат што здавалася магчымым у беларускім руху на Беласточчыне.

У чэрвені 1989 году прайшлі першыя, напалову дэмакратычныя выбары ў Польшчы, у якіх прынялі ўдзел і незалежныя беларускія кандыдаты, — Сакрат Яновіч і Яўген Мірановіч, — выступаючы пад шыльдай Беларускага выбарчага камітэту, які рэклямаваў іх на бел-чырвона-белых афішах з надпісам "Беларусы! Пра свае справы будзем гаварыць самі!" Яновіч і Мірановіч парлямэнцкіх мандатаў не здабылі, але атрымалі столькі галасоў, што ўсім нам закружылася ў галаве, і мы пастанавілі заснаваць беларускую партыю – Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне (БДА).

Дык вось, у той дзень у "Ніве" адбывалася ключавое спатканьне сяброў Беларускага выбарчага камітэту, якія прынялі рашэньне пераўтварыць выбарчы камітэт у арганізацыйны камітэт беларускай палітычнай партыі ў Польшчы. Магчыма, гэта быў жнівень або пачатак верасьня 1989 году. Рэдакцыя "Нівы" на той час была галоўнай кватэрай маладога беларускага руху у фактычна ўжо пасьлякамуністычнай Польшчы.

Прыйшоўшы на гэтае спатканьне, якое адбывалася ў пакоі сакратара "Нівы", я раптам убачыў нейкую вясковую бабу, якая абсалютна не да месца сядзела пасярэдзіне пакоя і зьбянтэжана ўсьміхалася. Зь якой вёскі і чаго яна сюды прыехала? — падумалася мне. — Ян, калі ласка, пазнаёмся, гэта спадарыня Вера Рыч зь Лёндану, — сказаў мне, як абухом гахнуўшы ў цемя, Сакрат Яновіч.

Мне яшчэ толькі раз у жыцьці давялося так моцна зьдзівіцца, так бы мовіць, над неадэкватнасьцю вонкавага выгляду асобы і яе інтэлектуальных якасьцяў. Гэтак было і падчас першага майго спатканьня зь Вітаўтам Кіпелем, старшынёю Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку. Вось жа і спадар Кіпель падаўся мне на першы погляд такім "нашым дзядзькам", сымпатычным, але "недалёкім". Але хапіла ўсяго толькі некалькіх словаў размовы, каб адразу зарыентавацца, што ў выпадку як Веры Рыч, так і Вітаўта Кіпеля, вам сустрэўся нехта зь неардынарным і рафінаваным інтэлектам.

Пакуль у "Ніве" сабраліся іншыя мае калегі, я пасьпеў удосталь нагаманіцца са спадарыняй Рыч. Калі я запытаўся, як правільна вымаўляць ейнае імя — Vera — яна мне адказала, што яно рымуецца са словам nearer. І тут жа зацытавала дзіцячы вершык (nursery rhyme), у якім нейкія нягоднікі паклалі малую дзяўчынку Веру на цыркулярку і гразілі ёй, што расьпілуюць яе напалам (яна нечым ім не дагадзіла або нечага ім не сказала). Дык вось, у тым вершыку было пра тое, што па меры таго, як піла came nearer and nearer, тым мацней вішчала unfortunate Vera.

Потым, працягваючы моўную тэму, спадарыня Рыч распавяла мне пра выступ нейкага савецкага дыплямата ў нейкім каралеўскім інстытуце ў Лёндане, на якім сярод слухачоў прысутнічала і брытанская каралева. Дыплямат гаварыў па-ангельску настолькі блага, што некаторыя зьнявечаныя словы ў ягоным вымаўленьні набывалі непрыстойнае значэньне. Усе слухачы чырванелі і душыліся ад сьмеху, але ніхто дыплямата не папраўляў. Найгорш прыйшлося каралеве, якой нельга было ня толькі што засьмяяцца, але і пачырванець. — Паважны зьдзек (a solemn mockery), — падсумаваў сытуацыю я. — Вы цікавіліся Шэксьпірам? — пацікавілася ў мяне Вера Рыч.

Справа ў тым, што словазлучэньне "solemn mockery" у добра начытаных ангельцаў асацыюецца з адной з самых вядомых падробак пад Шэксьпіра, якая была пастаўленая на сцэне ў Ірляндыі пад канец ХVIII стагодзьдзя. У той падробцы, азагалоўленай "Вортыгерн і Равэна", ёсьць словы "this solemn mockery". Актор, які ня верыў, што п’есу напісаў Шэксьпір, падчас прэм’еры прамовіў гэтыя словы з адпаведна зьдзеклівай інтанацыяй, а публіка, якая п’есай таксама не захапілася, абсьвістала ўвесь спэктакль.

Дык вось, такая была Вера Рыч. Інтэлект у яе ўвесь час іскрыўся і пеніўся, як шампанскае. Я словы "solemn mockery" быў падхапіў зь нейкай ангельскай кніжкі, не ўсьведамляючы, што за імі хаваецца нешта яшчэ глыбейшае, а спадарыня Рыч, седзячы на палітычнай сустрэчы беларусаў у Беластоку, растлумачыла мне ўсю, так сказаць, культурную падбіўку гэтай фразы.

Такія ёй пісаліся i вершы — бліскучыя, лёгкія, дасьціпныя. Ды з глыбокай эрудыцыяй і культурай.

Зямля пухам.
XS
SM
MD
LG