Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы супрацоўніцтва афіцыйнага Менску з АБСЭ?


Апошнім часам актуалізавалася пытаньне аб лёсе Офісу АБСЭ ў Беларусі. Чаму беларускія ўлады ўзьнялі гэтую тэму? Ці застанецца Офіс АБСЭ ў Менску? Якія вынікі прынёс візыт дэлегацыі спэцыяльнай групы па Беларусі ПА АБСЭ?

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

Каміль Клысінскі
Кірыла Пазьняк
Валер Карбалевіч


Чаму беларускія ўлады ўзьнялі пытаньне пра лёс Офісу АБСЭ?


Валер Карбалевіч: «Яшчэ 2 верасьня кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей прапанаваў ліквідаваць Офіс АБСЭ ў Беларусі. Пытаньне афіцыйным Менскам пастаўлена, ідуць перамовы. Чаму беларускія ўлады ўзьнялі гэтую тэму? Здаецца, Офіс АБСЭ вядзе сябе ціха, ня надта замінае ўладам. Наадварот, дзейнасьць гэтай структуры крытыкавала апазыцыя. Навошта ўладам уздымаць гэтае пытаньне?»

Кірыла Пазьняк: «Гэтае пытаньне падвешваецца рэгулярна. Макей казаў, што існаваньне Офісу АБСЭ ня мае аб’ектыўных падставаў. То бок ён дае зразумець, што само яго існаваньне ў Беларусі ўжо ёсьць саступка з боку Менску. Але беларускія ўлады зацікаўленыя ў функцыянаваньні Офісу АБСЭ ў бясьпечным выглядзе, каб яго супрацоўнікі кантактавалі з чыноўнікамі, а не з прадстаўнікамі апазыцыі і няўрадавых арганізацый.

Апошні год праца Офісу АБСЭ задавальняла Менск. Дамінантнай тэмай было эканамічнае супрацоўніцтва. Але на носе мясцовыя і прэзыдэнцкія выбары. Захад вымагае дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця ў Беларусі.

Дзейнасьць Офісу АБСЭ і яго кіраўніка крытыкавала апазыцыя. АляксандарЛукашэнка ня можа дапусьціць, каб стасункі з Эўропай разьвіваліся хоць пад нейкім уплывам апанэнтаў, ён хоча іх выключыць з дыялёгу з эўрапейскімі інстытутамі».

Карбалевіч: «Мандат на дзейнасьць Офісу кожны год павінен аднаўляцца. Раней гэта была фармальная працэдура. А цяпер беларускія ўлады завастрылі пытаньне. Чаму?»

Пазьняк: «Сёлета пайшоў больш прадметны торг і пачынаюцца выбарчыя кампаніі. Улады ўзьнялі гэтае пытаньне, каб трохі сьцішыць патрабаваньні Захаду аб дэмакратызацыі».

Ці застанецца Офіс АБСЭ ў Менску?


Каміль Клысінскі: «Выбарчы кантэкст — вельмі важны. Менск хоча ня столькі ліквідаваць Офіс АБСЭ, колькі абмежаваць яго паўнамоцтвы. Цяпер абмяркоўваецца пытаньне пра кіраўніка Офісу АБСЭ ў Беларусі. Улады хочуць бачыць на гэтай пасадзе чалавека, падобнага да папярэдняга кіраўніка — Шміта, які будзе не перашкаджаць, а нават дапамагаць уладам.

Менск гуляе з Эўропай з дапамогай зьмены палітычнага клімату ўнутры Беларусі. Цягам году мы назіралі элемэнты бутафорскай свабоды, а апошнім часам назіраем узмацненьне ціску ўладаў. Беларускія ўлады паказваюць, што ўмовы дыялёгу з Эўропай будуць вызначаць яны».
Менск хоча ня столькі ліквідаваць Офіс АБСЭ, колькі абмежаваць яго паўнамоцтвы.


Карбалевіч: «Ці застанецца Офіс АБСЭ ў Менску? Да 31 сьнежня яшчэ ёсьць час. Якія вашы прагнозы?»

Пазьняк: «Закрыцьцё Офісу АБСЭ малаверагодна. Бо гэта быў бы дэмарш на роўным месцы. Менск імкнецца зрабіць мандат Офісу абкарнаным і пралабіраваць выгаднага яму кіраўніка гэтай структуры. Нібыта беларускія ўлады хочуць бачыць на чале Офісу АБСЭ зноў прадстаўніка Нямеччыны, бо з гэтай краінай дыялёг вядзецца найбольш беспраблемна. Паколькі над Офісам АБСЭ будзе вісець дамоклаў меч, то ягоная дзейнасьць будзе самацэнзуравацца. А прычыніць яго можна ў любы момант».

Клысінскі: «Думаю, Офіс АБСЭ працягне сваю працу ў Беларусі пад кіраўніцтвам прадстаўніка Нямеччыны. Рэзкая антызаходняя заява кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Макея ў Цэнтравыбаркаме ляжыць у кантэксьце ўзмацненьня жорсткасьці ўнутранай палітыкі Беларусі. Але Менску патрэбны дыялёг з Эўропай, і ён будзе працягвацца. Але гэты дыялёг беларускае кіраўніцтва будзе весьці на сваіх умовах».

Якія вынікі візыту дэлегацыі ПА АБСЭ?


Карбалевіч: «Сёньня заканчваецца візыт у Менск дэлегацыі спэцыяльнай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі (ПА) АБСЭ. Яна сустракалася з апазыцыяй, уладамі. Якія вынікі візыту?»

Пазьняк: «Дэлегацыя традыцыйна выказала заклапочанасьць абмежаваньнем дзейнасьці незалежных мэдыяў, партый. Пакуль няма камэнтароў адносна зьменаў у выбарчым заканадаўстве. Думаю, яны будуць агулам ухваленыя з пажаданьнем прапісаць мэханізм кантролю за падлікам галасоў. АБСЭ паставіць Менску прамежкавы залік, задаволіўшыся тым, што хоць якіясьці зьмены ў выбарчым заканадаўстве прынятыя. Ацэнкі мясцовых і прэзыдэнцкіх выбараў, якія дасьць АБСЭ, будуць залежаць ад таго, у якім стане ўвогуле будуць знаходзіцца дачыненьні Беларусі з Эўропай».

Клысінскі: «Менск абяцаў перадаць папраўкі ў Выбарчы кодэкс на ацэнку БДІПЧ АБСЭ, але не зрабіў гэтага. Цяпер падчас візыту гэтай дэлегацыі ёй перадалі гэтыя папраўкі, але не для ацэнкі, а проста як інфармацыю. Зьмены ў выбарчым заканадаўстве — павярхоўныя, яны не паўплываюць на ход выбарчых кампаній. Але ПА АБСЭ ня можа зрабіць сур’ёзнага ўплыву на менскія ўлады. Цікава, што дэлегацыя запрасіла назіральнікаў ад Беларусі на ўкраінскія выбары, каб зрабіць сумесныя высновы па іх выніках»

Карбалевіч: «Акрамя назіраньня за ўкраінскімі выбарамі, дэлегацыя ПА АБСЭ прапанавала правесьці вясной сэмінар у Менску з удзелам дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Ці зможа АБСЭ навучыць беларускіх дэпутатаў дэмакратыі з дапамогай украінскіх выбараў і сэмінараў?»

Пазьняк: «Гэтыя сэмінары дэкаратыўныя. Бо беларускі парлямэнт — несамастойны орган. Сэмінар выканае ролю пляцоўкі для дыялёгу з апанэнтамі, напрыклад, па тым жа пытаньні выбарчага заканадаўства».

Клысінскі: «Задача навучыць беларускіх дэпутатаў дэмакратыі, вядома, амбітная, але малапасьпяховая. Бо беларускія дэпутаты — людзі несамастойныя».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG