Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сіл сёньня падчас онлайн-канфэрэнцыі падвялі вынікі сваёй дзейнасьці ў 2009 годзе.

На пытаньне «Што АДС зрабіла для беларусаў у мінулым годзе? Чаму можна пачуць толькі гучныя словы з трыбун і нельга пабачыць ніякіх рэальных дзеяньняў?» лідэр АГП Анатоль Лябедзька адказаў:

«Рабілі, што змаглі. І задаць пытаньне трэба найперш сабе: што я зрабіў. Але ж усю крытыку мы прымаем».

Важнейшым дасягненьнем апазыцыйнай кааліцыі 2009 году Сяргей Калякін назваў тое, што апазыцыя працягвае дзейнічаць. Няўдача — што не ўдалося дамовіцца наконт адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмсілаў.

Анатоль Лябедзька настойвае на правядзеньні праймэрыз для вызначэньня адзінага кандыдата.

На пытаньне «Хто з вас першым наважыцца прызнаць рэаліі і сысьці на палітычную пэнсію?» адказы былі наступныя:

Калякін: «Мне рана яшчэ на пэнсію. Я буду займацца палітычнай дзейнасьцю незалежна ад таго, якія ролі буду займаць у партыі. Гэта мая грамадзянская пазыцыя».

Лябедзька: «Мой кантракт з партыяй грунтуецца на дэмакратычнай працэдуры. Калі мае калегі не палічаць, што я эфэктыўны на гэтай пасадзе, тады буду займацца іншай дзейнасьцю».

Грыб: «Я ўжо даўно на пэнсіі па ўзросьце. Але палітычная дзейнасьць узросту ня мае. Мяркую, што буду займацца да той пары, пакуль хопіць майго здароўя».

Вячорка: «Я ведаю, што такое змагацца за незалежную Беларусь. Тыя, хто хацеў бы прымусіць мяне маўчаць, не дачакаюцца».

Мечыслаў Грыб мяркуе, што 2010 год будзе складаным: «Вялікага аптымізму няма. Але хацелася б прымаць больш актыўны ўдзел у палітычным жыцьці краіны».

Анатоль Лябедзька хацеў бы, каб у 2010-м адсоткаў 80 людзей даведаліся і паверылі антыкрызіснай плятформе АДС.

Сяргей Калякін зазначае, што ў 2010 годзе трэба ставіць амбітныя мэты, але найперш трэба быць «жывым, здаровым, па магчымасьці, на волі, працягваць палітычную дзейнасьць».

Сустаршыня палітрады АДС Вінцук Вячорка запэўніў гасьцей онлайн-канфэрэнцыі: «Буду рабіць усё для таго, каб у 2010 годзе расчараваньні зьмяніліся сьвятлом у канцы тунэля».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG