Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр кіргіскі журналіст, якога выкінулі з вакна


Генадзь Паўлюк

Генадзь Паўлюк

Сёньня раніцай у гарадзкой клініцы Алматы, ня выйшаўшы з комы, памёр кіргіскі журналіст Генадзь Паўлюк. 16 сьнежня невядомыя выкінулі яго з шостага паверху жылога дому са зьвязанымі рукамі і нагамі.

Паўлюк у розныя гады кіраваў кіргіскімі прадстаўніцтвамі газэт "Аргументы и факты", «Комсомольская правда", рэдакцыяй газэты "Белый пароход". Да канца гэтага году Паўлюк плянаваў запусьціць інтэрнэт-сайт і газэту пад назвай "Ата-Мэкен" (“Радзіма”). Свае матэрыялы ён падпісваў псэўданімам Ібрагім Рустамбэк. Журналіст неаднаразова крытыкаваў улады Кіргізстану.

Лідэр апазыцыйнай партыі "Ата-Мэкен" Амурбэк Тэкенбаеў, які сустракаўся з журналістам на мінулым тыдні, паведаміў, што той нічога не казаў пра сваю паездку ў Казахстан. Паводле Тэкенбаева, журналіста маглі завабіць у суседнюю краіну, каб адвесьці падазрэньні.

Пакуль сьледзтвам устаноўлена, што Паўлюк, прыбыўшы ў Алматы зь Бішкеку, пасяліўся ў гатэлі "Казахстан", адкуль празь некалькі гадзінаў выехаў на машыне зь невядомым мужчынам. Празь некалькі гадзінаў яго знайшлі на брыльку шматпавярховага дому са шматлікімі траўмамі. Кватэра, зь якой выкінулі Генадзя Паўлюка, здавалася ў арэнду.

Брылёк пад'езду дому ў Алматы, на якім быў знойдзены Генадзь Паўлюк
XS
SM
MD
LG