Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўсіх буйных гарадах Беларусі зараз праходзяць калядныя распродажы мёду з Расеі і Ўкраіны. Пры гэтым сьцьвярджаецца, што заежджых камэрсантаў падтрымліваюць Беларуская праваслаўная царква і праўладная моладзевая арганізацыя — БРСМ. Тым часам многія беларускія пчаляры адмаўляюцца ўдзельнічаць у гэтых кірмашах і адчуваюць сябе пакрыўджанымі. Пра прычыны гэтага даведваліся сёньня карэспандэнты «Свабоды».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Толькі беларускі мёд раней бралі для падмацаваньня здароўя паўночных маракоў»


У першай палове сьнежня ў Гарадзенскай абласной філярмоніі адбыўся кірмаш мёду з Расеі і Ўкраіны. Таварыства мясцовых пчаляроў у гэтым шоў ня ўдзельнічала.

Я зьвярнуўся да старшыні таварыства «Горадняаблпчалярства» Валера Шаўлякова, каб ён распавёў, які мёд насамрэч прадаюць на такіх кірмашах:

«Усе гэтыя „ражаныя“ прыяжджаюць. Яны зразумелі, што можна закалочваць грошы, і ў краіне існуе ўжо 6 такіх кампаній. Закупляюць танны мёд у Расеі і на Ўкраіне, зьмешваюць абы-як...Нашы пчаляры абураюцца».

Пчаляр са Шчучынскага раёну Аляксандар Васілеўскі распавядае, што гэтыя кампаніі робяць толькі бізнэс, але пра якасьць ніхто ня дбае. Зь яго слоў, кошт месца на падобным кірмашы ў дзень даходзіць да 300 тысяч, таму і цэны на мёд у 4 разы вышэйшыя, чым у мясцовых пчаляроў:

«Тое, што рэчы там называюць не сваімі імёнамі, — гэта дакладна. Ладна, калі кітайскі мёд называюць далёкаўсходнім, бо Кітай насамрэч на Далёкім Усходзе. А вось калі пад выглядам алтайскага прадаецца кітайскі і ўкраінскі — гэта ўжо той самы сланечнік пад выглядам нейкай растаропшы...»

«Пчалярства ў нас дагэтуль без свайго закону...»


Спадар Шаўлякоў распавядае, што беларускі мёд вельмі каштоўны, бо ягоныя гатункі адносяцца да паўночных. У часы СССР, зь яго слоў, толькі беларускі мёд бралі для Паўночнага флёту:

«Утрыманьне адзінак Готэ, у якіх вымяраецца каштоўнасьць мёду, у нас сягае 50, а ў паўднёвых гатунках, якія завозяць, — у межах 10. Гэта фэрмэнт дыястаза, які спрыяе расшчапленьню ўсіх монацукраў, якія знаходзяцца ў арганізьме чалавека».

Спадар дадае, што ў нашай краіне дагэтуль не прыняты закон аб пчалярстве, няма ніводнай вышэйшай установы, дзе б рыхтавалі спэцыялістаў.

А таму мёд, на ягоную думку, працягваюць пераважна здабываць дзядоўскім спосабам, хаця нашы суседзі ў Літве і Польшчы ўжо далёка сягнулі ў гэтым кірунку.

«У Беларусь камэрсанты завозяць шмат псэўдагатункаў мёду»


Кандыдат біялягічных навук Валянцін Лучко з Горадні 37 гадоў займаецца мёдам і пчоламі. Карэспандэнт пацікавіўся ў яго наконт мядовага буму, які назіраецца гэтымі днямі на Гарадзеншчыне і па ўсёй Беларусі агулам.

Гарадзенскія пчаляры з пэўным скепсісам ставяцца да сьнежаньскага кірмашу мёду ў Горадні. Абмяркоўваюць паміж сабой, напрыклад, экзатычныя гатункі, прывезеныя з Расеі.

Лучко: «Праблема заключаецца ў тым, што на мядовым рынку ў Рэспубліцы Беларусь зьявілася шмат псэўдагатункаў натуральнага мёду. Што я маю на ўвазе? Напрыклад, кедравы, растаропшавы і да таго падобныя, прывезеныя да нас з Расеі з Горнага, гэтак званага, Алтаю. Мы, хто прафэсійна або напаўпрафэсійна займаецца пчоламі, разумеем, што дэ-факта такога тыпу мёду няма або такі мёд можа быць толькі „падзевым“, і гэта трэба абавязкова паведамляць. Не даецца інфармацыя пра месцазнаходжаньне пасекі. Менавіта прывазны мёд выклікае ў нашых спэцыялістаў недавер, скептыцызм і нават раздражненьне».

Гарадзенскіх пчаляроў удзельнічаць таксама запрашаюць, але яны адчуваюць сябе на чужым кірмашы ня вельмі ўтульна. Меркаваньне Валянціна Лучко:

«Нам няма сэнсу быць побач з фальсыфікатамі і рабіць ім дадатковую рэкляму»

«Няма сэнсу стаяць побач з фальсыфікатамі і пэўным чынам рабіць дадатковую рэкляму гэтай дзеі. Таму што такія мяды, як мёд з матаччыным малачком, сумесь з праполісам, зь пяргой ці з пылком, — яны павінны быць зроблены пад пэўным санітарным наглядам. Увогуле, такія сумесі не павінны прадавацца пад выглядам натуральнага мёду, гэта купажы. Бо некаторыя тэлефануюць і пытаюцца: ці сапраўды такі мёд можа быць? А ў сумесі, канечне, мёд зьмяняецца дэ-факта».

Валянцін Лучко паходзіць з каталіцкай сям’і. Няўжо мёдам займаецца толькі праваслаўнае духавенства? Бо мядовыя кірмашы праводзяцца менавіта з праваслаўным ухілам.

Лучко: «Самае сьмешнае, што дэ-факта сярод пчаляроў Гарадзеншчыны, калі гаварыць пра рэлігійную прыналежнасьць, наколькі я арыентуюся, каталікоў болей. Праваслаўныя пчаляры таксама існуюць на нашай Гарадзеншчыне, хаця сярод сучасных пчаляроў больш людзей няверуючых увогуле, гэта я дакладна магу сказаць. І ў той жа час праваслаўнае паходжаньне мёду выклікае ў пчаляроў вясёлыя і крывыя ўсьмешкі. Таму што дапусьціць, што недзе манастыр прафэсійна займаецца мёдам і павязе яго „за трыдзевяць зямель“, — гэта, на мой погляд, сумнеўна. Але чаго ня зробіш, каб куплялі мёд за высокую цану. Фактычна шыльда праваслаўная, манастырская дапамагае прадаваць мёд — добра, калі такой жа якасьці, які стаіць у нашых крамах, на рынках, які паходзіць з Гарадзеншчыны».


Дзяўчаты-"пчолы" з БРСМу рэклямуюць мёд на сьнежаньскім кірмашы ў Горадні


МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Прывазны мёд дзешавейшы, бо здабываецца за бесцань»


На Магілёўшчыне пчаляры ня ўдзельнічаць у мядовых кірмашах, бо задорага. Сваю прадукцыю яны прадаюць на рынках.

У павільёне цэнтральнага магілёўскага рынку гандляроў мёдам было няшмат — каля дзясятка. У двух гандляроў, яны ж і пчаляры, пытаюся, ці шмат набываюць людзі мёду:

«Іншым разам кіляграм, іншым — тры. Іншым разам наагул нічога. Новы год хутка. Народ, вось паглядзіце: па хлеб — чарга, у шапіку мясакамбінату — чарга. Для гэтага году мёд наш недарагі. Сёлета дажджы ішлі, медазбор быў дужа слабы. Цана — ну, можа, на пару тысяч даражэй, чым летась».

Наракаюць пчаляры й на канкурэнцыю, на прыежджых гандляроў:

«Мёд завозіцца з Расеі, Украіны, Башкірыі. І гэта нявыгадна для Беларусі. Там таньней крыху, там медазборы лепшыя. І ў іх таньней. Яны на вуліцы стаяць. І нам складана прадаць. Народ паўзь іх ідзе. Там на пару тысяч таньней. Канечне, гэта нешта значыць для нашага чалавека».

У штогадовай выставе-продажы «Мір мёду й здароўя» пчаляры з рынку ня ўдзельнічаюць:

«Месца для беларуса каштуе дужа дорага — тры мільёны на пяць дзён»

«Месца каштуе дужа дорага — тры мільёны на пяць дзён. Да таго ж трэба здаць, па-мойму, трыццаць пяць кіляграмаў мёду бясплатна. Мы ўдзельнічалі б у кірмашах, каб было таньней. Арэнда дужа дарагая, таму ня бачым сэнсу».

Арганізатары штогадовай выставы-продажу «Мир меда и здоровья» прызнаюць, што для беларускага пчаляра ўдзел у іхнім мерапрыемстве сапраўды задарагі. Большая частка выдаткаў пакрываецца коштам расейскіх удзельнікаў. Яны плацяць на трыццаць-пяцьдзясят працэнтаў даражэй. Гаворыць адзін з арганізатараў.

«У нашых пчаляроў невялікія пасекі — да трыццаці-сарака вульляў. У сярэднім наш пчаляр зьбірае ад 350 кіляграмаў да тоны, у лепшым выпадку, мёду. Такой колькасьці недастаткова, каб задаволіць попыт на гэтую прадукцыю».

Паводле якасьці наш мёд таксама саступае замежнаму. Пчаляры зазначаюць, што на палі дужа шмат высыпаецца шкодных для пчол угнаеньняў. Скарачаюцца й плошчы меданосных траў.

ВІЦЕБШЧЫНА


Беларускі мёд прадаюць у крамах «Пчалярства» і «Сьвет пчол»


У Віцебску беларускі мёд можна набыць практычна заўжды. Гандлярка зь фірмовай крамы «Сьвет пчол», куды мёд прывозяць зь Менску, тлумачыць:

«Шмат мёду, шмат гатункаў. Ёсьць сардэчнік, ёсьць грэцкі, грэцкі зь ліпай. Ад 24-х тысяч рублёў за кіляграм».

Кошты, паводле якіх прапануюць беларускі мёд у крамах, ці не ў паўтара раза ніжэйшыя за экзатычныя, пераважна расейскія гатункі, якія можна ўбачыць на перасоўных выставах-кірмашах «Сьвет мёду».

У Воршы лябараторны аналіз выявіў у мёдзе з Расеі цынк, медзь, радыяцыю і нават... нафту


За апошнія паўгода ў Віцебску такія кірмашы працавалі сама меней тройчы, у тым ліку на выставе «Віцебшчына за здаровы лад жыцьця» і ў Лядовым палацы — якраз у лістападзе, падчас эпідэміі грыпу.
Асабліва дарагі быў башкірскі мёд — 36 тысяч рублёў за кіляграм ...

Паколькі людзі ішлі па мёд як у першую чаргу паратунак ад хваробы, кошты на кірмашы былі высокія. Асабліва дарагі быў башкірскі мёд — 36 тысяч рублёў за кіляграм. Гандляры рэклямавалі свой тавар, як умелі: на вялікіх плякатах пералічвалі хваробы, ад якіх можна пазбавіцца з дапамогай мёду.

Але, кажа гандлярка віцебскай крамы «Сьвет пчол», сталыя пакупнікі замежным мёдам засталіся незадаволеныя:

«Тым, хто там пабываў, было цікава пакаштаваць новага. Але потым яны ўсе павярталіся да нас: у нас і кошты лепшыя, і мёд наш падабаецца. А там — я ня ведаю, як ён там правяраецца, але ведаю, што нашы сталыя пакупнікі засталіся незадаволеныя».

На адным з кірмашоў

Кагосьці з пакупнікоў, мажліва, не задаволіў смак. А ў Воршы сёлета здарыўся такі казус: пакупнікі вырашылі праверыць мёд ва ўласнай лябараторыі, бо былі яны з гарадзкой інспэкцыі аховы прыродных рэсурсаў ды навакольнага асяродзьдзя. Распавядае патомны аршанскі пчаляр Юры Копцік:

«Набылі яны мёду сабе, а ў іх выдатная лябараторыя. Зрабілі аналіз, і — бах! — перавышэньне паказьнікаў і па цынку, і па медзі, і нават нафта, і нават радыяцыя! Мы тут, калі на кірмашы мёд прадаем, абавязкова праходзім праз тамтэйшую лябараторыю. А на гэтых мядовых кірмашах рэалізуюць „некандыцыю“, якую яны ня могуць прадаць у сябе ў Расеі, бо ёсьць санітарныя, скажам так, „шлягбаўмы“. Усё гэта „спускаюць“ на такіх кірмашах, ды яшчэ зь вялікай помпай».

Пакупнікі, якія паспыталі расейскі мёд, усё ж зноў вярнуліся да беларускага


Юры Копцік, які даглядае пчол усё жыцьцё, атрымаўшы пасеку ў спадчыну ад дзеда, раіць пакупніку насьцеражыцца, калі нейкаму імпартнаму гатунку мёду прыпісваюць нечуваныя лекавыя ўласьцівасьці і рэклямуюць як панацэю ад усіх магчымых хваробаў. Бо карысныя якасьці добрага мёду даўно вядомыя і ў дадатковай рэкляме ня маюць патрэбы. А найвыгадней для сябе купляць мёд у знаёмага пчаляра, кажа ён, — калі ты ўпэўнены ў ягонай добрасумленнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG