Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Астаповіч прапануе аб'явіць пахаваньне Ельскіх культурнай каштоўнасьцю


Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч зьвярнуўся ў Міністэрства культуры з прапановай надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці месцу пахаваньня прадстаўнікоў роду Ельскіх у Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці.


Як падае БелаПАН, у сваім лісьце Антон Астаповіч паведамляе, што гэтае месца знаходзіцца на тэрыторыі помніка археалёгіі "Гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку" V стагодзьдзя да н.э. — V стагодзьдзя н.э. ва ўрочышчы Кобань на правым беразе ракі Пціч на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы ўсход ад вёскі Дудзічы Навапольскага сельсавету.

Старшыня таварыства выказаў спадзяваньне, што прапанова будзе станоўча вырашана ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта ад 29 сьнежня 2008 года "Аб абвяшчэньні 2009 году Годам роднай зямлі" "ў мэтах зберажэньня і прымнажэньня нацыянальнага духоўнага і культурнага здабытку, гістарычнай спадчыны і прыродных багацьцяў краіны, выхаваньня моладзі ў духу любові да Айчыны"

У інтэрвію БелаПАН Астаповіч адзначыў, што могілкі на гарадзішчы былі закладзены на пачатку XIX стагодзьдзя, але пахаваньні Ельскіх разьмяшчаліся ў фамільнай крыпце Дудзіцкай уніяцкай царквы пратэкцыі Найсьвяцейшай Марыі Панны. У 1839 годзе царква стала праваслаўнай, і пры канцы XIX стагодзьдзя рыма-каталікі браты Міхал і Аляксандр Ельскія пабудавалі на могілках у Кобані капліцу-пахавальню, куды перанесьлі 24 труны з парэшткамі членаў сям'і. Капліца-пахавальня была зруйнавана і разрабавана ў 1920-я гады. Захаваліся толькі надмагільныя пліты на пахаваньнях Караля, Ізабэлы, Людвікі, Станіславы, Алены, Міхала і Аляксандра. У 1990-я гады месцы пахаваньняў былі добраўпарадкаваныя намаганьнямі Яўгена Будзінаса і Анатоля Федарука, а ў 2009 годзе — валанцёрамі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Ельскія — шляхецкі род герба "Пелеш" у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, вядомы з XVI стагодзьдзя. Прадстаўнікі роду займалі дзяржаўныя і вайсковыя пасады, бралі ўдзел у нацыянальна-вызвольных паўстаньнях супраць расейскага царызму 1794, 1831 і 1863 гадоў. Найбольш выбітныя прадстаўнікі роду ў XIX стагодзьдзі — гісторык, этнограф, краязнаўца, пісьменьнік, перакладчык і публіцыст Аляксандр Ельскі, скрыпач, кампазітар і музыкальны пісьменьнік Міхал Ельскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG