Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Краіна сасьпела так, што агітаваць за перамены няма сэнсу”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак 22 сьнежня. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы разважаюць пра абавязкі беларускіх дыпляматаў, рэагуюць на зьмены выбарчага заканадаўства, перадаюць калядна-навагоднія віншаваньні.


Днямі ў Кутаісі паводле распараджэньня ўладаў зьнішчылі помнік грузінам, якія загінулі ў вайне з гітлераўцамі. Вось як адгукнуўся на тую навіну адзін з нашых слухачоў

Спадар: “Яшчэ раз пра знос помніка ў Кутаісі. Трэба зьнесьці ўсе помнікі савецкай эпохі, бо гэта ідалапаклонства. У вёсках Беларусі няма нават крамаў, а там, дзе яны ёсьць, працуюць тры дні на тыдзень. На атамныя станцыі і касьмічныя спадарожнікі, на бюракратычную сыстэму саюзнай дзяржавы грошы ёсьць. А крамаў у вёсках няма, вось і купляюць самагон у прыватнікаў, дый прадукты таксама. Гэта крах савецкай сыстэмы, сыстэмы бязладзьдзя. І яна павінна зьнікнуць разам са сваімі помнікамі”.

Наступны слухач таксама адштурхоўваецца ад падзеі, якая здарылася па-за межамі рэспублікі — згадвае, як падчас сустрэчы беларускіх журналістаў з прэзыдэнтам Расеі спадаром Мядзьведзевым прагучала просьба гаварыць не “Белоруссия”, а — “Беларусь”.

Спадар: “Назва “Рэспубліка Беларусь” ці, каротка, “Беларусь” трансьлітаруецца на іншыя мовы згодна зь беларускім гучаньнем. Многія краіны, нават маладыя, ня маюць такога патрабаваньня ў сваім законе, таму іх завуць як хочуць. На маю думку, нашы амбасадары павінны змагацца за мяжой за правільнасьць назвы, а ня толькі нашы саматужныя беларусы. Таксама амбасадараў іншых краінаў у Менску наш урад павінен папраўляць. Зрабіце больш гучны працяг гэтай тэмы”.

Цяпер — пра ўнутрыпалітычнае жыцьцё Беларусі.

Спадар: “Ляжаў са зрокам у бальніцы. 6 чалавек. Ніводзін не падтрымлівае тое, што адбываецца ў нас у краіне. Жыцьцё ўжо ўсіх загітавала. Выбараў чэсных ня можа быць, калі будзе датэрміновае галасаваньне. Старшыня камісіі — ад улады, сакратар — ад апазыцыі, кандыдата, які будзе вылучаны”.

У чарговым тэлефанаваньні — водгук на прапанову сталай слухачкі “Свабоды” да беларускага ўраду: разьлічыцца за даўгі банкаў перад укладчыкамі за абясцэненыя савецкія ўклады таварамі, якія аселі цяпер на складах прадпрыемстваў.

Алесь Радкевіч, Маладэчна: “Тэлефанаваньне Арцёмаўны мяне, як інваліда, моцна спалохала. Як вы маглі такое прапанаваць уладам? Маліце Бога, паважаная Арцёмаўна, каб хаця гэтага яны не пачулі. Такую ідэю яны мігам падхопяць. 2008 год без ільготаў, 2009 — з дэвальвацыяй, а 2010, глядзі, з таварнай пэнсіяй сустрэнем. Скажа ўлада, што выконвае волю народу. Будзем замест хлеба ды бульбы тавары заляжалыя грызьці ды запіваць навінамі зь Белтэлебачаньня”.

А зараз — пра клопаты больш надзённыя.

Спадарыня: “У пад’езьдзе 1 дома нумар 1 па Цікоцкага пастаянна псуюць замкі, заліваюць іх сернай кіслатой. Сьпісаны мэталічныя дзьверы пад’езду непрыстойным тэкстам. І ўсё гэта на працягу многіх гадоў. Расьпісаныя сьцены, бальконы, міліцыя бязьдзейнічае, “гарачая лінія” таксама. Званіла двойчы на СТВ. Затое як лоўка Першамайскі РАУС хапае моладзь на парозе кватэры!”

Шаноўныя слухачы! Гэтымі днямі мы прапануем свой эфір ня толькі для водгукаў на злабадзённыя тэмы, але і для сьвяточных віншаваньняў. Слухаем іх апошнюю падборку.

Спадарыня Арцёмаўна: “Віншую з Калядамі і Новым Годам усіх слухачоў. Жадаю ўсім моцнага здароўя, а ўсё астатняе прыйдзе само сабой”.

Анастас Семяновіч: “Віншую вас з Калядамі і Новым годам, годам тыгра. Жадаю ўсім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, больш радасьці кожны дзень!”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG