Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Капэнгагене: "Гэта быў бамжатнік..."


Аляксандар Грабянькоў

Аляксандар Грабянькоў

Падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску сябры беларускай афіцыйнай дэлегацыі Сяргей Заўялаў і Аляксандар Грабянькоў пракамэнтавалі на просьбу карэспандэнта “Свабоды” фотаздымак, на якім адзін зь сяброў беларускай дэлегацыі сьпіць на паседжаньні Канфэрэнцыі па зьменах клімату ў Капэнгагене:




Фота Reuters

Заўялаў: “Мне ў такіх сытуацыях становіцца горка і крыўдна за тых, хто карыстаецца чужымі матэрыяламі, але не карыстаецца зробленымі камэнтарамі. Бо гэты здымак узяты з “Wall Street Journal”, і ў гэтым выданьні выразна напісана пра тое, наколькі цяжкія і складаныя начныя перамовы і начная праца. І што проста “ў перапынку паміж сэсіямі” — чытайце, калі ласка, уважліва. Мне крыўдна за тых людзей, якія проста ганьбяць краіну такімі сытуацыямі”.

Грабянькоў: “Больш за тое, там дзясятак здымкаў апублікаваны, як іншыя дэлегацыі сьпяць. Гэта немагчыма, я асабіста ня спаў тры дні практычна...”

Заўялаў: “Тры ночы, гэта я канстатую, Аляксандар”.

Грабянькоў: “Бяз душу, без нармальнай ежы, без усяго. І як толькі зьяўляўся нейкі перапынак, усе ўпокат. Гэта проста быў нейкі бамжатнік, вы ведаеце...”

Заўялаў: “Ты асьцярожней...”

Грабянькоў: “Насамрэч гэта было вельмі цікава. Я хачу скончыць тым, што дайце мне крыху цяпер паспаць. А наагул здымак сьмешны, я рагатаў. І камэнтары, якія былі на tut.by, былі самыя сьмешныя. Я да сьлёз сьмяяўся”.

Заўялаў: “Тым больш відаць, што тут перапынак. Людзі стаяць, размаўляюць”.

Грабянькоў: “Гэта ўсялякія прыколы на блогах — добра. Але ставіцца так...”

Падчас прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікі экалягічнага таварыства «Зялёная сетка» распаўсюдзілі заяву адносна вынікаў канфэрэнцыі ў Капэнгагене. «Зялёныя» заклікалі беларускія ўлады «прадэманстраваць палітычную волю, прызнаць вырашэньне праблемы глябальнай зьмены клімату адным з нацыянальных прыярытэтаў і ўзяць на сябе вышэйшыя абавязаньні па скарачэньні выкідаў парніковых газаў». Старшыня рады аб’яднаньня «Экадом» Ірына Сухій, якая брала ўдзел у канфэрэнцыі грамадзкіх арганізацый у Капэнгагене, сказала:

«Сёньня Заўялаў на прэс-канфэрэнцыі казаў, як шмат яны працавалі, і мэта была адна — адстаяць інтарэсы Беларусі. У гэтым і бяда, што ўсе краіны прыехалі адстойваць свае інтарэсы. Беларусь бярэ абавязаньне зьменшыць выкід СО2 на 10% параўнальна з 1990 годам. Яны кажуць, што гэта эканамічныя разьлікі, бо калі мы будзем браць большыя абавязаньні, то Беларусь ня зможа эканамічна расьці. А ў нашых інтарэсах эканамічна расьці. Усе краіны зацікаўленыя, каб рос ВУП і яны рабіліся багацейшыя. І тады ніхто ня можа грэбаваць сваімі інтарэсамі. Калі ўсе краіны будуць стаяць на такіх пазыцыях, то можна раіць дзецям не нараджаць унукаў, бо, хутчэй за ўсё, сытуацыя на плянэце да таго часу будзе прыкрая, і навошта пладзіць пакуты і боль?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG