Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь атрымала крэдыт ад Сусьветнага банку – $200.000.000


Беларусь атрымала пазыку на мэты разьвіцьця ад Сусьветнага банку памерам $200 мільёнаў, паведамілі ва ўпраўленьні інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі.

Нагадаем, Рада выканаўчых дырэктараў Сусьветнага банку 1 сьнежня зацьвердзіла прадстаўленьне Беларусі пазыкі на мэты разьвіцьця (ПМР) памерам 200 мільёнаў. Аднатраншавая пазыка выдзяляецца на 16 гадоў і прадугледжвае адтэрміноўку пачатку пагашэньня на 6 гадоў. Стаўка па крэдыту значна ніжэйшая за рыначную. Пагадненьне аб пазыцы было падпісана ў пачатку сьнежня ў Менску, паведамляе БелТА.

Пазыка прадстаўляецца ў падтрымку эканамічнай праграмы ўрада, накіраванай на ліквідацыю сацыяльных наступстваў крызісу і паглыбленьне структурных рэформ, якія забясьпечваюць аснову для аднаўленьня ўстойлівага эканамічнага росту.

Пазыка на мэты разьвіцьця падтрымлівае праграму рэформ, згрупаваных па двух напрамках. Першы з іх арыентаваны на ўмацаваньне праграм сацыяльнай дапамогі за кошт узмацненьня іх адраснай накіраванасьці на бедныя слаі насельніцтва, якія могуць больш за ўсё пацярпець ад уплыву глябальнага эканамічнага і фінансавага крызісу на эканоміку Беларусі. Другі напрамак падтрымлівае праграму ўрада па лібэралізацыі для стымуляваньня інвэстыцый і стварэньня рабочых месцаў, лібэралізацыя цэн (уключаючы адмену абмежаваньняў гандлёвых надбавак адносна большасьці відаў прадукцыі), паступовая адмена абаротных падаткаў і падрыхтоўка заканадаўчай базы для пачатку працэсу прыватызацыі.

У канцы гэтага года Сусьветны банк прыняў удакладненую Стратэгію супрацоўніцтва з Беларусьсю на 2008-2011 гады. Дакумэнтам прадугледжана павелічэньне ў 2010-2011 гадах штогод даступнага аб'ёму фінансавай дапамогі Беларусі са $100 млн. да $250 млн.

Беларусь стала сябрам Усясьветнага банку ў 1992. За гэты час Беларусі было выдзелена 643 мільёны даляраў на 9 праектаў.

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч у сваім эканамічным падсумаваньні году прапануе свае падлікі, паводле якіх агульны памер дзяржаўнага доўгу Беларусі дасягнуў 11 мільярдаў даляраў. На думку Багданкевіча, рост даўгоў у многім выкліканы адмоўным сальда зьнешняга гандлю на расейскім рынку. Надзеі на аднаўленьне ўжо ў Новым годзе пазыцый на рынках Расеі прафэсару падаюцца ілюзорнымі. Палітыку “кансэрвацыі” гандлёвых сувязяў і адмову ад шматвэктарнай палітыкі ў гандлі Багданкевіч лічыць адной з вялікіх памылак беларускіх уладаў.
XS
SM
MD
LG