Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Лес ля вёскі Красны Беражок Вялейскага раёну
На гэтым месцы ў 1950 годзе быў расстраляны кіраўнік моладзевага антысавецкага падпольля Расьціслаў Лапіцкі. Тут дэмакратычныя актывісты ў 2008 і 2009 годзе ўсталёўвалі мэмарыяльны знак і крыжы памяці героя. Іх руйнавалі ўлады.
1 верасьня 2009 году ў лесе ля вёскі Красны Беражок вялейскія дэмакратычныя актывісты Аляксей Сюдак, Уладзімер Малярчук і Аляксандар Наркевіч паставілі два крыжы на месцы расстрэлу ў 1950 годзе кіраўніка моладзевага антысавецкага падпольля на Смаргоншчыне і Мядзельшчыне Расьціслава Лапіцкага. Адзін крыж — у памяць пра Лапіцкага, другі — у памяць усіх ахвяраў камуністычнага тэрору. 9 верасьня крыжы асьвяціў праваслаўны сьвятар, а на наступны дзень іх зьнішчылі прадстаўнікі мясцовай улады.

Пазьней суд пакараў вялікімі штрафамі Аляксея Сюдака, Уладзімера Малярчука і Аляксандра Наркевіча за тое, што пры ўсталяваньні крыжоў яны нібыта правялі несанкцыянаваны мітынг. Аляксей Сюдак кажа:

«Мы кіраваліся здаровым сэнсам: калі быў расстраляны гэты чалавек, дык мы маем права на месцы расстрэлу паставіць яму крыж. А па-другое, я перакананы, што цяперашнія ўлады ніколі не дазволілі б паставіць крыж Расьціславу Лапіцкаму, бо ён не рэабілітаваны, дый насамрэч выступаў супраць савецкай улады, выпускаў улёткі супраць Сталіна, супраць гвалтоўных дзеяньняў савецкай улады. Мы проста паставілі крыжы чалавеку, які гэтага заслугоўвае».

Гэта была ня першая спроба ўшанаваць памяць Расьціслава Лапіцкага, якога сучасныя беларускія патрыёты лічаць нацыянальным героем. Летась на тым самым месцы да ягонага 80-годзьдзя быў усталяваны мэмарыяльны знак — вялікі валун. Помнік прастаяў аж да вясны, а на Радаўніцу яго зруйнавалі трактарам. Таксама летась і ў Смаргонскім раёне людзі ўсталявалі крыж і памятны камень у гонар Расьціслава Лапіцкага, а мясцовыя ўлады валун наогул вывезьлі ў невядомае месца.

Памяць пра легендарнага героя ніколі не зьнікала ў гэтых мясьцінах, іншая рэч, што людзі баяліся пра Лапіцкага гаварыць услых. Гэта ён пасьля вайны ў Смаргоні ў сярэдняй школе ўтварыў моладзевую антысавецкую падпольную групоўку, раскідваў зь сябрамі па горадзе ўлёткі. Гэта ён на судзе выкарыстаў права для заключнага слова для антыкамуністычнай прамовы. Яму прысудзілі расстрэл, і ён не папрасіў памілаваньня.

Месца, дзе стаяў памятны знак і крыжы на месцы гібелі Расьціслава Лапіцкага, наведала яго сястра — 92-гадовая Алена. Пра зьдзейсьнены вандалізм яна сказала: «Улады баяцца памяці пра Расьціслава Лапіцкага таму, што на ягоным прыкладзе новыя маладыя патрыёты распачнуць змаганьне супраць крыўды, якая існуе і сёньня».
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

XS
SM
MD
LG