Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія праваабаронцы арганізавалі акцыю ў падтрымку Тацяны Шапуцькі


Нямецкая праваабарончая арганізацыя “Libereco – Partnership for Human Rights” арганізавала акцыю ў падтрымку адлічанай з БДУ Тацяны Шапуцькі.



Як падае БелаПАН, праваабаронцы распаўсюдзілі заяву, у якой прапанавалі накіроўваць на імя рэктара БДУ Сяргея Абламейкі і міністра адукацыі Беларусі Аляксандра Радзькова заклікі аднавіць на вучобе Шапуцьку.

Прэс-сакратар міжнароднай маладзёжнай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Тацяна Шапуцька вучылася на юрыдычным факультэце БДУ па спэцыяльнасьці "Паліталёгія". Прычынай адлічэньня стаў яе ўдзел у Форуме грамадзянскай супольнасьці праграмы "Ўсходняе партнэрства" ў Брусэлі 16—17 лістапада без дазволу дэканата. Пра магчымасьць адлічэньня стала вядома ў першы дзень форуму. 3 сьнежня Шапуцька была адлічана з БДУ.

Пытаньне аб выключэньні дзяўчыны з ВНУ ўзьнімалася на сустрэчы прадстаўнікоў ЭЗ і беларускіх уладаў. Кіраўнік МЗС Швэцыі, якая старшынюе ў Эўразьвязе, Карл Більд заявіў, што будзе "абсалютна непрымальна", калі адлічэньне з БДУ адбылося з-за ўдзелу Шапуцькі ў Форуме грамадзянскай супольнасьці.
XS
SM
MD
LG