Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адстаўныя беларускія чыноўнікі ўладкоўваюцца ў Расеі дзякуючы сувязям


Шмат высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якіх адправілі ў адстаўку, шукаюць лепшай долі ў расейскай сталіцы. У Расеі працуюць былы прэзыдэнцкі заўгас Іван Ціцянкоў, былыя старшыні КДБ Леанід Ерын і Ўладзімер Мацкевіч, экс-міністар замежных спраў Іван Антановіч. Днямі экс-міністар унутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў паведаміў, што ў сярэдзіне студзеня і ён едзе працаваць у Маскву. Чым адстаўных беларускіх чыноўнікаў прываблівае Расея?

Міхаіл Чыгір пасьля сыходу з пасады кіраўніка беларускага ўраду ў 1996 годзе быў вымушаны шукаць працу ў Маскве. Ён кажа, што менавіта для яго знайсьці добрую высокааплатную працу было даволі проста — экс-прэм’ер, экс-старшыня “Белаграпрамбанку” меў трывалыя сувязі ў Расеі, яго ў Маскве ведалі як прафэсіянала. На пытаньне, чаму былыя беларускія чыноўнікі абіраюць усходні вэктар, Міхаіл Чыгір адказаў так:

Міхаіл Чыгір
“Магчымасьці тыя ж самыя, прасьцей працаўладкавацца, таму і едуць у Расею. Ва ўсіх чыноўнікаў ёсьць знаёмыя ў Маскве, у Расеі, яны ведаюць там расейцаў, якія займаюць там пасады, зь якімі супрацоўнічалі, дамаўляюцца і там працуюць. А як паехаць, да прыкладу, у Нямеччыну? Трэба ведаць мову, мець там нейкіх знаёмых”.

Журналіст Павал Шарамет у 1997 годзе быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна за тое, што быццам бы незаконна парушыў беларуска-літоўскую мяжу. Тады ён адседзеў за кратамі 3 месяцы, а ў 1998 годзе паехаў у Маскву працаваць на ОРТ. Што да працаўладкаваньня былых беларускіх чыноўнікаў у Маскве, кажа:

Павал Шарамет
“Гэта ўсе людзі савецкай фармацыі, якія не валодаюць ніякімі мовамі. І калі б у іх была магчымасьць выбіраць, яны б, канечне ж, у бальшыні сваёй паехалі ў Эўропу. Але там ніхто ім не прапануе працу, там у іх няма ніякіх сувязяў. А тут ёсьць былыя таварышы па адной партыі, па адной арміі, па адной міліцыі. Таму яны і перабіраюцца ў расейскую сталіцу”.

Нягледзячы на тое, што многія беларусы жывуць у Расеі ўжо па 10—15 гадоў, у бальшыні выпадкаў яны захоўваюць беларускае грамадзянства, паколькі беларусы ў Расеі маюць роўныя правы з грамадзянамі расейскімі, кажа Павал Шарамет. Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір пацьвярджае гэта:

“Я не лічу, што гэта эміграцыя, што тычыцца былых чыноўнікаў. Я многіх ведаю, яны не мянялі грамадзянства. І я працаваў у Маскве, і я не мяняў грамадзянства. Але ёсьць другая праблема, што многія нашы бізнэсоўцы зьехалі ў Маскву. Спачатку паехалі часова, а потым паадкрывалі там бізнэс і зьехалі назусім. Што Навумаў? Пэнсіянэр, адпрацаваў тут, папрацуе там, вернецца назад, хутчэй за ўсё. Гэта ня так ужо балюча для краіны. А вось што зьяжджаюць бізнэсоўцы маладыя, гэта ж падаткаплатнікі... Гэта значна горш для краіны”.

Масква прымае нават тых, хто быў у Беларусі асуджаны — у Маскве ўладкаваліся на працу былая кіраўніца спраў прэзыдэнцкай адміністрацыі Галіна Жураўкова, былы начальнік Беларускай чыгункі Віктар Рахманько, экс-дырэктар “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі. Сьпіс можна працягваць.

Але ў асноўным яны працуюць у сфэры бізнэсу. На высокіх дзяржаўных пасадах, ва ўладных і палітычных структурах Расеі іх не заўважана, кажа журналіст Павал Шарамет:

“Я не сустракаў ніводнага ўцекача зь Беларусі, які б заняў нейкую палітычную пасаду ў Расеі. Вельмі шмат беларусаў зьвязана зь бізнэсам, шмат беларусаў — журналістаў, актораў, музыкаў, рознага кшталту палітолягаў, навукоўцаў, асьпірантаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG