Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ патрэбна ўнесьці карэктывы ў сваю стратэгію адносна Беларусі. З такой прапановай зьвярнуліся сёньня прадстаўнікі палітычнай апазыцыі Беларусі да дэлегацыі спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Яны лічаць, што курс на супрацоўніцтва Парлямэнцкай асамблеі з Нацыянальным сходам сябе не апраўдвае.

Сустрэчу дэлегацыі з апазыцыяй абодва бакі ацанілі як “канструктыўную з элемэнтамі крытычнага дыялёгу”. Пачаткам дыскусіі, паводле яе ўдзельніка, старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, стала выказваньне апазыцыі: надышоў час падсумаваць вынікі стратэгіі, якой ПА АБСЭ прытрымліваецца з 2000 году:

Анатоль Лябедзька
“Яна скіраваная на тое, каб навучыць дэмакратыі дэпутатаў, якіх прызначае Лукашэнка. І я зьвярнуў увагу на тое, што ўсё рэпрэсіўнае заканадаўства было прынятае менавіта падчас гэтага навучаньня. І дэпутатам ПА АБСЭ трэба, відаць, уносіць пэўныя карэктывы ў сваю стратэгію, у свой плян дзеяньняў”.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ першай з буйных міжнародных арганізацыяў пачала супрацоўнічаць зь беларускімі ўладамі. Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2000 году менавіта яна прызнала Нацыянальны сход паўнавартасным парлямэнтам. Беларускія дэпутаты з таго часу маюць гэткі ж самы статус, як і парлямэнты іншых краін АБСЭ.

Аднак беларускія дэпутаты не спрыяюць дэмакратычным зьменам у краіне, казаў сёньня яшчэ адзін удзельнік дыскусіі — сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

“Беларускія ўлады нерэгістрацыяй і фальшаваньнем дадзеных, чаму так робіцца, спрабуюць аказаць уплыў на міжнародную супольнасьць. А брутальнай кампаніяй супраць БХД празь дзяржаўныя СМІ спрабуюць дыскрэдытаваць яе ў вачах беларускага грамадзтва. І пытаньне ўжо не стаіць пра рэгістрацыю альбо нерэгістрацыю БХД. А стаіць як спроба зьнішчыць БХД як зьяву ў Рэспубліцы Беларусь”.

Спадар Рымашэўскі адзначае шчырую зацікаўленасьць парлямэнтароў з АБСЭ беларускімі справамі:

“Яны нас запэўнівалі ў іх адкрытасьці да супрацы, у разуменьні нашых праблемаў, у разуменьні таго, што надалей трэба супрацоўнічаць ня толькі зь беларускімі ўладамі”.

Пра неабходнасьць падтрымліваць стасункі з эўрапейскімі структурамі казаў Юрась Губарэвіч, які таксама сустракаўся з дэлегацыяй:

Юрась Губарэвіч
“У параўнаньні зь нядаўнім пэрыядам адбываюцца пэўныя пагаршэньні з правамі чалавека. Хаця ў цэлым сытуацыя дыялёгу паміж кіраўніцтвам Беларусі і Эўропай, Эўрапейскім Зьвязам стварае дадатковыя магчымасьці для ўплыву на сытуацыю ўнутры Беларусі”.

Сёньня ж дэлегацыя правяла гутарку і ў Палаце прадстаўнікоў. Акрамя таго, яна пабывала ў Міністэрстве юстыцыі і ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

У склад дэлегацыі ўваходзяць Сэсылія Вігстрэм са Швэцыі, а таксама Павал Пунсіліюш (Польшча) і Кляўдыё Д’Аміка (Італія). Дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф, якая дагэтуль ачольвае групу, і яшчэ два сябры групы (зь Вялікай Брытаніі і Нарвэгіі) не змаглі прыляцець у Менск.

22-га сьнежня дэлегацыя наведае Міністэрства замежных спраў і правядзе выніковую прэсавую канфэрэнцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG