Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экспэрты ацэньваюць, што сёлета дабрачынныя ахвяраваньні ў ЗША складуць 1,5 адсотка ўнутранага валавога прадукту краіны. Паколькі УВП у ЗША парадку 14 трыльёнаў даляраў, ахвяраваньні амэрыканцаў на дабрачынныя мэты ў 2009 годзе дасягнуць 210 мільярдаў даляраў. Для параўнаньня: расходы ўсяго нацыянальнага бюджэту Рэспублікі Беларусь сёлета — 27 мільярдаў даляраў.

Сусьветны фінансавы крызіс ды зьвязаны зь ім эканамічны спад паменшыў дабрачынную шчодрасьць амэрыканцаў — напрыклад, летась яны выдаткавалі на дабрачыннасьць 2,5 адсотка ВУП, то бок 308 мільярдаў даляраў.

Але, нягледзячы на гэты выразны спад, амэрыканцы ўсё яшчэ застаюцца самымі шчодрымі людзьмі на плянэце, выдаткоўваючы на дабрачыннасьць удвая больш, чым брытанцы, і ў дзесяць разоў больш, чым французы.

Цікава, што найбольшымі донарамі ў сфэры дабрачыннасьці ў ЗША зьяўляюцца якраз прыватныя асобы, а не багатыя кампаніі і карпарацыі (у 2008 годзе дабрачынныя ахвяраваньні ад прыватных асобаў склалі 75 адсоткаў усёй сумы).

Яшчэ больш цікавым зьяўляецца факт, што бедныя амэрыканцы даюць на дабрачыннасьць адносна больш, чым багатыя. Паводле досьледу, праведзенага урадавым Бюро статыстыкі працы, у 2007 годзе адна пятая амэрыканцаў, якія належаць да найніжэйшай часткі грамадзтва паводле даходу, выдаткавала на дабрачыннасьць 4,1 адсотка сваіх грошай. У той жа час адна пятая амэрыканцаў з самымі высокімі даходамі выдаткавала на гэтую мэту толькі 2,1 адсотка сваіх багацьцяў.

Калі ўзяць пад увагу абсалютнае грашовае вымярэньне, дык найбольшым філянтрапічным актам у гісторыі чалавецтва было ахвяраваньне маёмасьці вартай 37 мільярдаў даляраў на дабрачынныя мэты ў 2006 годзе амэрыканскім інвэстарам і бізнэсмэнам Уорэнам Бафэтам, які лічыцца самым багатым чалавекам у сьвеце.

На што амэрыканцы ня скупяцца даваць грошы? Агульна кажучы, на тое, што ў ангельскай мове завецца human services — то бок фондам і арганізацыям, якія дзейнічаюць у сфэры аховы здароўя і шырокай публічнай адукацыі ды накіраваныя перадусім на найбяднейшыя грамадзкія слаі і на людзей, якія ўвайшлі ў канфлікт з законам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG