Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумава “прымусілі” заняцца бізнэсам у Расеі


Уладзімер Навумаў

Уладзімер Навумаў

Былы міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў рыхтуецца да другой адстаўкі – гэтым разам з пасады старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі (ФХБ). Днямі ён заявіў, што знайшоў сабе працу ў Маскве. Экспэрты лічаць ягоную эміграцыю вымушанай.

Пра намер разьвітацца з хакеем Уладзімер Навумаў заявіў 18 сьнежня падчас апошняга паседжаньня выканкаму ФХБ. Ён патлумачыў, што ў яго зьявіўся варыянт працаўладкаваньня ў Расеі, і ня будзе магчымасьці аддаваць паўнавартасную ўвагу хакейным справам. Пры гэтым ён заўважыў, што больш як сем гадоў нідзе не затрымліваўся і што ўвогуле добра, калі людзі на пасадах мяняюцца. Навумаў не агучвае адрас сваёй новай дысьлякацыі, а толькі намякае: гэта бізнэс-праект, не зьвязаны са спортам.

Хакейны аглядальнік газэты “Прессбол” Вячаслаў Федарэнкаў перакананы: абвешчаны Навумавым бізнэс-праект калі і існуе, то мае другасны характар:
заадно яму хтосьці падказаў, што будзе лепш зараз адысьці. І ён пагадзіўся ...

“За апошнія паўгода ў нас было мінімум два вялікія інтэрвію з Уладзімерам Уладзімеравічам: нідзе ніякага нават паўнамёку не было на тое, што ён можа кудысьці адысьці. Была нейкая паўза па вясьне, калі ён сказаў, што будзе яшчэ разважаць пасьля сыходу з пасады міністра ўнутраных спраў — то бок, будзе надалей працаваць у хакеі ці не. Але да лета ўсім падалося, што па ўсіх прыкметах ён зрабіў для сябе выснову, што ён застаецца ў хакеі. А тут вось, з нашага пункту гледжаньня, адзін няправільны крок — і ўсё зьмянілася. Я спачатку думаў, што Навумаў быў самастойным у прыняцьці рашэньня, але наш галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў лічыць: заадно яму хтосьці падказаў, што будзе лепш зараз адысьці. І ён пагадзіўся”.

Экспэрты лічаць, што паваротным у лёсе Навумава стала ягонае рашэньне разьвітацца напярэдадні зімовай Алімпіяды-2010 з галоўным трэнэрам нацыянальнай беларускай зборнай Гленам Хэнланам. У аўральным парадку на месца заакіянскага спэцыяліста быў прызначаны Міхаіл Захараў, чыя фігура выклікала новы віток супрацьстаяньня пад дахам фэдэрацыі. Навумаў быў супраць кандыдатуры Захарава, які праваліў папярэдні перадалімпійскі цыкл.

Сёньня Навумаў праз сваіх памочнікаў адмовіўся ад гутаркі: маўляў, усё было сказана падчас выканкаму, дадаць няма чаго. Не захацеў паглыбляцца ў сутнасьць адстаўкі апанэнта і галоўны трэнэр зборнай Беларусі Міхаіл Захараў:

Міхаіл Захараў
“Ды не, я па асобе Навумава нічога не абмяркоўваю. Нават не зьбіраюся з гэтай нагоды нічога казаць. Дый іншыя, шчыра кажучы, наўрад ці што адносна гэтага будуць гаварыць. Гэты ягоны ўчынак — проста без камэнтароў”.

Спартовы аглядальнік Вячаслаў Федарэнкаў лічыць, што менавіта пара Хэнлан-Захараў выканала ролю “магільшчыкаў” Навумава. Калі канадца Навумаў “зьеў” сам, то Захараў “заглынуў” старшыню фэдэрацыі:

“Мяркую, што па меншай меры не абышлося без уплыву менавіта таго, што здарылася 20 кастрычніка. Гэта быў першы крок Навумава да прызнаньня таго, што ён некаторыя свае крокі рабіў ня вельмі карэктна. Так, негалосна прызнаў сваю памылку, што прызначыў Хэнлана галоўным трэнэрам “Дынама”. А пасьля ўжо ўсё пайшло па ланцугу. Калі самавылучыўся, ці як яшчэ тут сказаць, Захараў (бо яго насамрэч высунулі ня вельмі такім трывіяльным спосабам), то ў выніку генэрал апынуўся ў пройгрышнай сытуацыі. Зразумеў гэта і вырашыў адысьці”.

На новае месца Ўладзімер Навумаў выправіцца 15 студзеня 2010 году, калі ў Расеі скончацца калядныя вакацыі. Магчыма, новыя акалічнасьці пераезду ўсплывуць 21 студзеня, калі ў Менску адбудзецца пазачарговая справаздачна-выбарная канфэрэнцыя ФХБ, на якой будзе названы новы кіраўнік фэдэрацыі. У кулюарах гавораць, што ў якасьці найбольш рэальных кандыдатаў разглядаюцца старшыня фізкультурна-спартовага таварыства “Дынама” Юрый Бародзіч, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі і старшыня праўленьня “Прыорбанку” Сяргей Касьцючэнка.



Уладзімер Навумаў папоўніў кагорту высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія пасьля звальненьня ці адстаўкі працаўладкаваліся ў Расеі. Сярод ранейшых перасяленцаў — Іван Ціцянкоў, Урал Латыпаў, Іван Антановіч, Галіна Жураўкова, Валерый Паўлаў, Віктар Рахманько, Валерый Кез, Леанід Ерын ды іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG