Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Як спэцслужбы Вялікага Княства абдурылі Івана Жахлівага”


Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак 21 сьнежня


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы расказваюць пра няздольнасьць уладаў і камунальных службаў супрацьстаяць сюрпрызам зімы, дыскутуюць пра магчымасьць прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, разважаюць пра стасункі Беларусі й Расеі.

Пад Каляды абяцаюць пацяпленьне. Шмат для каго са слухачоў гэтая навіна найгалоўная, бо ўлады, камунальныя службы ня здолелі забясьпечыць належны парадак у маразы і сьнег.

Спадар: “Вас вітае Грыша Кулік-Невяроўскі. Вёска Доўгая, Салігорскі раён. Сёньня, 21 сьнежня, у маёй кватэры 11 градусаў цяпла. Такая тэмпэратура ў кватэры ўжо тыдзень. Раённае ЖКХ ня робіць ніякіх захадаў для паляпшэньня тэмпэратурнага рэжыму. Раённая санстанцыя адмаўляецца фіксаваць гэты факт. Галоўны ўрач санстанцыі Іваноўская кажа, што ёй забараняе гэта рабіць райвыканкам. Міліцыя адмаўляецца прымаць меры”.

Наступны званок — ад спадарыні Ціны.

Спадарыня: “Гэта ў пацёмкінскім горадзе Менску ўсё так цёпла і камфортна. А ў сельскай мясцовасьці людзі гараць і ўгараюць. Учора жанчына памерла ноччу, угарэла, відаць. Знайшлі ў двары ў адным валёнку, выціснула шкло, мёртвую. Я сама па сабе ведаю, як цяжка паліць”.

А вось беды “пацёмкінскага”, як кажа нашая слухачка, гораду Менску.

Спадар: “Наконт працы камунальных службаў — ведаеце, дрэнная праца. Сёньня ў Чыжоўцы поўна сьнегу, і нідзе ня бачна сьнегаўборачнай машыны. Дзякуй”.

Па-ранейшаму ў цэнтры вашае ўвагі праблема прызнаньня або непрызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Спадар Астрэйка: “Грузія, Абхазія і Асэтыя — ёсьць адзінае цэлае, і нельга гэта дзяліць”.

Спадар Анішкевіч з Маладэчна прытрымліваецца прынцыпова іншага погляду на гэтую праблему.

Спадар: “Да пытаньня пра просьбу Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі да беларускага парлямэнту. Ну каму, акрамя Лукашэнкі, патрэбны такі кішэнны парлямэнт, які так і не разгледзеў просьбы сёлета, падключыўшыся да гульняў Лукашэнкі? Навошта дэпутаты туды езьдзілі? Дый не ад Беларусі залежыць, як жыць гэтым народам далей. Трэба было выявіць звычайную спагаду і павагу да пацярпелых ад агрэсіі свабодалюбівых народаў. За каго мы галасавалі? Мне асабіста сорамна за іх. І па-другое. Ці ж Беларусь заслугоўвае, каб Расея рабіла нейкія палёгкі па цэнах на газ, нафту і іншае такому, выбачайце саюзьніку. Ці ж такія стасункі паміж ЗША і Канадай? ЗША і Англіяй?”

А вось аўтар наступнага тэлефанаваньня — якраз супраць палітычнага сяброўства Беларусі з Расеяй.

Спадар: “Хачу папярэдзіць журналістаў, якіх запрашае Крэмль, некаторых апазыцыянэраў і бізнэсмэнаў, якія спадзяюцца на падтрымку расейскага тандэму ўсталяваньня дэмакратыі на Беларусі. Не дапусьці Гасподзь, ахвярамі такой дэмакратыі найперш становяцца яе памагатыя, а потым і супраціўнікі. Бліжэйшы прыклад: лёс Кісялёва, Беразоўскага, а цяпер і Гайдара”.

Фактычна падтрымлівае ідэю палітычнага аддаленьня ад усходніх суседзяў і спадар Зіноўеў, які падае ўласную прапанову наконт таго, калі адзначаць дзень беларускіх спэцслужбаў.

Спадар: “У Дзяржбясьпекі павінен быць дзень, калі расейскі цар Іван Васілевіч атрымаў напісаны спэцслужбай Літоўскага княства ліст нібыта з Ноўгарада, што там здрада. Маскоўскі цар вымушаны быў зьняць частку войскаў з тэрыторыі Беларусі і адправіць на зачыстку Ноўгараду. Вось гэты дзень і павінен быць днём Дзяржбясьпекі Рэспублікі Беларусь”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце.

Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.



XS
SM
MD
LG