Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году. Як паўплываў на Беларусь эканамічны крызіс?


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Ці змагла беларуская эканоміка адаптавацца да крызісу? Наколькі палітыка ўладаў была адэкватная выклікам? Ці будзе сярэдні заробак складаць пад канец наступнага году 500 даляраў?


Удзельнікі: Барыс Жаліба, Леанід Злотнікаў і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук.



Барыс Жаліба
Леанід Злотнікаў
Зьміцер Крук

Сымптомы крызісу


Валер Карбалевіч: “З пачаткам эканамічнага крызісу Аляксандар Лукашэнка шмат разоў казаў, што ў Беларусі крызісу няма. І ўсе дзяржаўныя мэдыі старанна паказвалі, як крызіс разьвіваецца ў суседніх краінах (Украіне, Латвіі), як пакутуюць іх народы, і як на гэтым фоне ўсё добра ў Беларусі.

Тым ня менш, нягледзячы на ўвесь афіцыёзны аптымізм, эканамічны крызіс стаў, здаецца галоўным чыньнікам эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага разьвіцьця, нават вонкавай палітыкі Беларусі. У чым гэта праяўлялася? Ці адчула грамадзтва, што яно жыве ва ўмовах крызісу?”

крызіс закрануў непасрэдна каля 500 тысяч беларускіх грамадзян...

Барыс Жаліба: “Эканоміка Беларусі была ў крызісным стане і раней, да 2008 году. А пад уплывам усясьветнага крызісу ўсе праблемы прынялі больш вострыя формы. Гэтым годам прадпрыемствы атрымалі толькі палову валютнай выручкі. Частка працавала няпоўны працоўны тыдзень. Па маіх ацэнках, крызіс закрануў непасрэдна каля 500 тысяч беларускіх грамадзян. Лепшая сытуацыя — у будаўніцтве, нафтахіміі, сельскай гаспадарцы”.

Леанід Злотнікаў: “Калі валавы ўнутраны прадукт (ВУП) падае цягам двух кварталаў, то лічыцца, што краіна знаходзіцца ў крызісе. Беларуская статыстыка рэгіструе падзеньне ВУП толькі ў другім паўгодзьдзі. Падзеньне вытворчасьці ў Беларусі было не такое вялікае, як у Расеі ці Ўкраіне. Бо сытуацыю ўдалося ўтрымаць за кошт зьнешніх крэдытаў. Толькі ў першай палове гэтага году было прыцягнута больш як 5 млрд. даляраў крэдытаў і інвэстыцый. Расейская падтрымка складае калі 5 млрд. даляраў у год.

У трэцім квартале пачалося падзеньне заробкаў на 2—3% у параўнаньні зь мінулымі месяцамі і ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году. Прыбыткі прадпрыемстваў скараціліся напалову. 43% прадпрыемстваў – неплатаздольныя, бо маюць пратэрмінованую запазычанасьць больш за тры месяцы”.

Зміцер Крук: “Што адчула грамадзтва? Найперш, гэта дэвальвацыя рубля на пачатку году. Валютныя дэпазыты расьлі хутчэй, чым рублёвыя. Зьменшылася крэдытаваньне насельніцтва. У другой палове году прыкметамі крызісу сталі рост стратаў працоўнага часу, беспрацоўе, праблемы з выплатай крэдытаў фізычнымі асобамі”.

Злотнікаў: “На 126% павялічыліся банкаўскія ўклады грамадзян за дзевяць месяцаў гэтага году”.

Крук: “Рост укладаў сьведчыць пра давер насельніцтва да банкаў і ўвогуле да эканамічнай палітыкі ўладаў”.

Эканамічная палітыка ўладаў


Карбалевіч: “Як беларускія ўлады зрэагавалі на крызіс? Наколькі адэкватнай была эканамічная палітыка? Ці адпавядала яна тым выклікам і праблемам, якія паўсталі перад краінай? Ці дапамагла палітыка ўладаў, каб эканоміка адаптавалася да крызісу?”

Злотнікаў: “У цэлым гэтая палітыка была дрэнная. Патрабаваньне выкананьня валавых паказчыкаў вымушала прадпрыемствы заганяць свае абаротныя сродкі ў складзкія запасы. І цяпер, калі нават пачне расьці попыт, то палова прадпрыемстваў ня зможа павялічыць вытворчасьць.

Памылковай была стратэгія, што жыльлёвае будаўніцтва стане лякаматывам, які выцягне нашу эканоміку. Бо валютаёмістасьць будаўніцтва вялікая. Яна складае 40—45%. І гэтая валюта ня вернецца. Таму гэта не вытворчасьць, а спажываньне. А гэта небясьпечна для эканомікі.
чым больш мы экспартуем гэтых тавараў у Расею, тым бяднейшай становіцца краіна ...

Гэтым годам адбыўся рост экспарту мяса-малочнай прадукцыі ў Расею. Але вытворчасьць і экспарт гэтых прадуктаў стратныя, яны прадаюцца ў Расеі ніжэй за сабекошт. Атрымліваецца, што чым больш мы экспартуем гэтых тавараў у Расею, тым бяднейшай становіцца краіна”.

Крук: “Я б падзяліў 2009 год на два пэрыяды. Першае паўгодзьдзе больш асацыюецца з памылкамі ўладаў. Памылкай было рашэньне разглядаць паказчык ВУП як выключна важны, які павінен безумоўна выконвацца. У выніку адбыўся беспрэцэдэнтны рост запасаў, узьнік недахоп абаротных сродкаў. Банкі былі вымушаныя крэдытаваць дзяржпрадпрыемствы, што прывяло да праблемаў у дзейнасьці дзяржаўных банкаў. У “Беларусбанку”, “Белаграпрамбанку” назіраецца недахоп ліквіднасьці.

У другой палове году назіраліся пазытыўныя зьмены ў эканамічнай палітыцы ўладаў. Дырэктыўныя паказчыкі росту адышлі на другі плян. Ураду ўдалося актывізаваць удзел у эканоміцы ашчаджэньняў насельніцтва. За кошт гэтага ў значнай ступені фінансавалася жыльлёвае будаўніцтва.

У цэлым я б ахарактарызаваў стратэгію ўраду як чаканьне ўздыму расейскай эканомікі. У яго няма выразнага разуменьня таго, што мэханізмы функцыянаваньня эканомікі ў посткрызісны пэрыяд будуць значна адрозьнівацца ад дакрызіснага. Таму трэба перагледзець падыходы да эканамічнай палітыкі”.

Жаліба: “Усё ж такі ўрад зрабіў пэўныя захады, каб аблегчыць эканамічную сытуацыю. Гэта прыпыненьне кантрольнай дзейнасьці, лібэралізацыя цэнаў, адмена гандлёвых надбавак, адмена абаротных падаткаў, аблягчэньне рэгістрацыі новага бізнэсу, замарозка заробкаў бюджэтнікаў.

Але гэтыя захады не былі сыстэмнымі і пасьлядоўнымі. Так і не былі згорнуты дзяржаўныя праграмы, якія вядуць да павялічэньня праблемных крэдытаў. Частка прадпрыемстваў перакрэдытаваныя. Адзіная стратэгія ўладаў – браць зьнешнія пазыкі”.

Ці была лібэралізацыя?


Карбалевіч: “Вось сп. Жаліба пачаў гаворку пра эканамічную лібэралізацыю. Цягам году афіцыйныя асобы шмат казалі пра яе. Гэта толькі словы ці ўсё ж былі і рэальныя справы? Ці існуе ў кіраўніцтва краіны разуменьне, што без рэформаў эканоміка ня зможа вярнуцца на дакрызісны ўзровень? Або лібэралізацыя – гэта вынік вонкавага ўзьдзеяньня, ціску з боку замежных інвэстараў, МВФ?”

Крук: “У палітыку лібэралізацыі зрабілі ўнёсак розныя чыньнікі. З аднаго боку, гэтыя захады цяжка назваць сыстэмнымі. Найбольш глыбокія рэформы яшчэ наперадзе. Часткова яны прапісаныя ў дакумэнце па выніках перамоваў з МВФ. Але ўплыў гэтых захадаў мы адчуем не адразу.

Сярод прыярытэтных пытаньняў варта адзначыць праблему цэнаўтварэньня. Тут улады пайшлі на кампраміс. З аднаго боку, унесены зьмены ў парадак фармаваньня гандлёвай надбаўкі. Але, з другога боку, парадак цэнаўтварэньня на вытворчых прадпрыемствах ня быў рэфармаваны. А гэта больш значныя цэнавыя сыгналы ў эканоміцы. Думаю, ва ўладаў ёсьць разуменьне неабходнасьці рэформаў. Таму лічу, што гэты працэс незваротны, але павольны”.

Жаліба: “Усясьветны крызіс падштурхнуў беларускія ўлады да свабоднага рынку. Аднак застаецца стратэгія пераседзець крызіс коштам вонкавых пазыкаў. І я не магу даць гарантыю, што калі крызіс скончыцца, улады не павернуць назад. Бо ў нашых уладаў моцная адміністратыўная прырода”.

Злотнікаў: “Шмат было зроблена ў гэтай галіне, але зроблена ня самае галоўнае. Маю на ўвазе адмову дзяржавы ад рэгуляваньня цэнаўтварэньня. Таксама застаецца гэтае сацыялістычнае плянаваньне, якое несумяшчальнае зь лібэралізацыяй. Вельмі заблытаны парадак падліку падаткаў, сабекошту. Паводле якасьці сыстэмы падаткаабкладаньня Беларусь застаецца на апошнім месцы ў сьвеце. Паварот назад да сацыялізму ў эканоміцы вельмі магчымы”.

Карбалевіч: “І тая назольная барацьба зь імпартам, якую ўвесь год вёў урад, таксама несумяшчальная зь лібэралізацыяй”.

Прагноз на 2010 год


Карбалевіч: “Ці скончыцца крызіс у 2010 годзе? Ці пачнецца эканамічны рост? Ці зможа краіна вярнуцца на дакрызісны ўзровень?”

Жаліба: “Наступным годам мы з крызісу яшчэ ня выйдзем. Наша эканоміка адкрытая, яна моцна залежыць ад вонкавых чыньнікаў, якія ня вельмі зьменяцца ў лепшы бок. Наш асноўны рынак збыту – расейскі – пакуль закрыты.
Наступным годам мы з крызісу яшчэ ня выйдзем...

Нафта і калій – галоўныя тавары нашага экспарту і крыніцы паступленьня валюты ў краіну. “Беларускалій” працуе прыкладна на 50% сваёй магутнасьці. Цэны на нафту застаюцца нізкімі”.

Злотнікаў: “Значнага ўздыму ўсясьветнай эканомікі ня будзе. Сытуацыя ў беларускай эканоміцы, можа, нават і пагоршыцца. Бо цяжка будзе атрымоўваць зьнешнюю падтрымку. Беларусь атрымала шмат крэдытаў у канцы 2008 году і ў першай палове бягучага году. Але ў другой палове нас крэдытуе толькі МВФ.

Расея абяцае крэдытаваць праз страхавы фонд Мытнага саюзу, які цяпер ствараецца. Але яго аб’ём невялікі, усяго 1—2 млрд. даляраў. Нават калі яго ўвесь аддаць Беларусі, то гэта падтрымае нашу эканоміку цягам 2—3 месяцаў.

Застаецца толькі прадаваць дзяжпрадпрыемствы. Але ў крызіс на гэтым шмат не атрымаеш. Магчыма, давядзецца зьніжаць даходы насельніцтва”.

Крук: “Наконт усясьветнай эканомікі. Самы аптымістычны прагноз – гэта павольны рост. Тое ж тычыцца і Расеі. Ва ўсялякім разе, вяртаньне на дакрызісны ўзровень там наўрад ці адбудзецца.

У Беларусі значная частка зацьверджаных прагнозных паказчыкаў будзе выканана, бо яны носяць палітычны характар. Але іх дасягненьне дрэнна адаб’ецца на пэрспэктывах беларускай эканомікі. Гэта прывядзе да многіх дыспрапорцыяў, за якія давядзецца расплачвацца пазьней.

Крыніцай эканамічнага росту будуць вонкавыя інвэстыцыі памерам 8—10 млрд. даляраў. Гэта рэальная лічба. 2 млрд. даляраў крэдыту дасьць расейскі “Ашчадны банк”. Улады гатовыя прадаць “Белінвэстбанк”, іншыя дзяржаўныя банкі і прадпрыемствы. Магчыма, інвэстараў прывабіць Мытны саюз, у які ўступае Беларусь. Думаю, у працэсе прыватызацыі беларускія ўлады гатовыя да кампрамісу і саступак. Павялічацца і даходы хатніх гаспадарак. Такі сцэнар найбольш верагодны, але адначасова і вельмі небясьпечны для эканамічнай пэрспэктывы Беларусі”.

Якім будзе сярэдні заробак?


Карбалевіч: “Прэзыдэнт зацьвердзіў эканамічны прагноз на 2010 год. Ён прадугледжвае рост ВУП на 11—13%, а сярэдні заробак пад канец году вырасьце да 500 даляраў у месяц. Ці рэальныя гэтыя пляны? Можа, гэта задача не эканамічная, а палітычная, тэхнічная. Напрыклад, прадаць адзін НПЗ і атрыманыя грошы пусьціць на заробкі”.

Злотнікаў: “Паводле зацьверджанага бюджэту наступнага году падвышэньне заробкаў бюджэтнікам не прадугледжана. Калі ўлічыць, што матэрыяльны сэктар эканомікі з крызісу ня выйдзе, то за кошт чаго сярэдні заробак узрасьце да 500 даляраў?”

Жаліба: “Мяжы ў 500 даляраў урад можа дасягнуць коштам адміністратыўных захадаў. Дырэктарат будзе павышаць заробак праз рост сабекошту, зьніжэньне прыбыткаў, рост стратных прадпрыемстваў.

Можна павысіць заробкі і бюджэтнікам — коштам росту дэфіцыту бюджэту. А вось рост ВУП на 11—13% малаверагодны. Хіба што з дапамогай маніпуляцый статыстыкай. Вось сп. Крук кажа пра магчымасьць прыцягненьня зьнешніх інвэстыцый. Але ж аддача ад інвэстыцый ня можа быць хуткай”.

Злотнікаў: “Калі павялічыць заробак да 500 даляраў, то бок на 40%, то можна выканаць і пляны росту ВУП. Бо заробкі складаюць у ВУП каля 65%”.

Карбалевіч: “Хачу зьвярнуць увагу, што ў зацьверджаным бюджэце прадугледжаны рост заробкаў на 13—14%. Сёньня сярэдні заробак у краіне 370 даляраў. Калі да гэтай лічбы дадаць 13—14%, то ніяк не атрымоўваецца 500 даляраў, як ні лічы”.

І яшчэ. МВФ даваў крэдыты пры ўмове, што ў краіне ня будуць павышацца заробкі. А калі наступным годам заробак будзе павышацца, то МВФ новых крэдытаў ня дасьць. А вы, сп. Крук, арыентуецеся на вонкавую падтрымку”.

Крук: “Ня варта канцэнтраваць увагу на гэтай лічбе — 500 даляраў. Бо яе дасягненьне грунтуецца на тым, што курс даляра на ўсясьветных рынках будзе падаць. А МВФ можа расцаніць цяперашнія беларускія пляны па заробках проста як аптымістычны сцэнар. МВФ будзе кантраляваць толькі структурныя паказчыкі”.

Злотнікаў: “Сп. Крук кажа, што эканамічны рост можа адбыцца за кошт прыцягненьня вонкавых інвэстыцый памерам 8—10 млрд. даляраў. Але вось за першыя шэсьць месяцаў гэтага году ў нашу эканоміку было прыцягнута крыху болей за 5 млрд. даляраў. За год атрымліваецца тая ж лічба 10 млрд., на якую сп. Крук разьлічвае на наступны год. Але ці моцна дапамаглі нашай эканоміцы гэтыя інвэстыцыі сёлета? Чаму гэтыя 10 млрд. штурхнуць нашу эканоміку наперад на 11—13%?”
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG