Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПА АБСЭ – апазыцыя: “дыялёг з элемэнтамі крытыкі”


Сэсылія Вігстрэм

Сэсылія Вігстрэм

Дзьве гадзіны доўжылася сёньня сустрэча дэлегацыі спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая знаходзіцца зь візытам у Менску, з прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі.

Ачольвае дэлегацыю дэпутатка са Швэцыі, баранэса Сэсылія Вігстрэм. Разам зь ёй знаходзяцца яшчэ два чальцы групы: з Польшчы і Італіі.

Апазыцыю на сустрэчы прадстаўлялі Юрась Губарэвіч, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Казулін, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Віталь Рымашэўскі.

На агульную думку, сустрэча атрымалася “канструктыўнай, з элемэнтамі крытычнага дыялёгу”. Пачаткам дыскусіі стала прапанова апазыцыі падсумаваць вынікі той стратэгіі, якой Парлямэнцкая асамблея АБСЭ пачала прытрымлівацца з 2000 году. Менавіта тады ПА АБСЭ прызнала Нацыянальны сход Беларусі паўнавартасным парлямэнтам. Мэта выглядала абнадзейвальнай – навучыць беларускіх дэпутатаў дэмакратыі. Але, як падкрэсьлівалі апазыцыянэры, найбольш жорсткае рэпрэсіўнае заканадаўства было прынятае Нацыянальным сходам якраз падчас гэтага навучаньня. І таму, на думку гаспадароў сустрэчы, Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ трэба ўносіць карэктывы ў гэтую стратэгію.

Сёньня дэлегацыя з Капэнгагэну наведае таксама Міністэрства юстыцыі, Палату прадстаўнікоў і Цэнтральную выбарчую камісію.

Наведваньне Міністэрства замежных справаў і выніковая прэсавая канфэрэнцыя адбудуцца заўтра ў першай палове дня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG