Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны валютны фонд назваў "неапраўдальна высокімі" мэты ўладаў Беларусі па росту валавага ўнутранага прадукту ў 2010 годзе.

"Важна ў 2010 годзе замацаваць дасягнутую зьнешнюю і ўнутраную стабілізацыю. Імкненьне да неапраўдана высокіх тэмпах росту ВУП узмацніць ціск на кошт бягучых апэрацый і павысіць неабароненасьць Беларусі да зьнешніх шокаў", - сказана ў заяве намесьніка дырэктара-распарадчыка МВФ Такатошы Като.

Заява была агучана пасьля таго, як Рада дырэктараў МВФ вырашыла прадаставіць Беларусі чарговую частку крэдыту stand-by на 688 мільёнаў даляраў.

Като канстатуе, што беларуская эканоміка пачынае выходзіць з крызісу.

"Таму важна, каб мэты ўладаў былі заснаваныя на рэалістычных здагадак і ўзгодненай праграме", - падкрэсьлівае намесьнік кіраўніка МВФ.

Ён лічыць, што ключавым элемэнтам макраэканамічнай палітыкі ўладаў Беларусі ў 2010 годзе павінна стаць стрыманая крэдытная палітыка. У гэтай сувязі МВФ падтрымлівае рашэньне ўладаў Беларусі абмежаваць фінансаваньне дзяржпраграмаў.

Като таксама лічыць "важным крокам наперад" плянаванае беларускімі ўладамі, па ўзгадненьні з МВФ, стварэньне агенцтва фінансавага разьвіцьця, якое вызваліць банкі ад фінансаваньня дзяржпраграм і дазволіць палепшыць іх балянсы.

Паводле ягоных словаў, стварэньне такога агенцтва дазволіць Нацбанку спыніць рэфінансаваньне банкаў на нярынкавых умовах. Пры гэтым зьніжэньне аб'ёмаў крэдытаваньня дзяржпраграмаў створыць умовы для паступовага зьніжэньня ставак на крэдытным рынку, лічаць у МВФ.

Аляксандар Лукашэнка зацвердзіў прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2010 год, які прадугледжвае рост ВУП на 11-13%, нагадвае Інтэрфакс.

МВФ прагназуе, што рост ВУП Беларусі ў 2010 г. будзе на ўзроўні 1,8%.

У студзені 2009 года МВФ прыняў рашэньне аб рэалізацыі ў Беларусі цягам 15 месяцаў праграмы stand-by. У чэрвені аб'ём фінансаваньня быў павялічаны з 2,6 мільярдаў да 3,6 мільярдаў даляраў.

XS
SM
MD
LG