Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзяў, якія маюць адбыцца на гэтым тыдні.

У панядзелак, 21 сьнежня, у Менск прыбывае дэлегацыя спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Групу ачольвае Сэсылія Вігстрэм са Швэцыі. Гаворыць наш карэспандэнт Уладзімер Глод:

“У плянах групы сустрэчы з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Беларусі, прадстаўнікамі палітычных партый і недзяржаўных арганізацый, а таксама ў Міністэрстве замежных справаў. Апошнім разам дэлегацыя спэцыяльнай рабочай групы па Беларусі, якую стала ўзначальвае дэпутатка з Нямеччыны Ута Цапф, была ў Менску ў сакавіку 2009 году. Яна ўдзельнічала ў міжнародным сэмінары ў пытаньнях бізнэсу”.

У аўторак, 22 сьнежня, адбудзецца сустрэча мітрапаліта менска-магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі. Ён раскажа пра вынікі візыту беларускіх біскупаў у Ватыкан і сустрэчу з папам рымскім. Распавядае Галіна Абакунчык.

“Сустрэча з журналістамі – адна зь першых у шэрагу сустрэч беларускіх каталіцкіх герархаў з прадстаўнікамі розных грамадзкіх груп падчас сьвяткаваньня Калядаў. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Антоні Дзям’янка сустрэнуцца са сьвятарамі, вернікамі, навукоўцамі, дзеячамі культуры, выкладчыкамі, настаўнікамі і выхавацелямі, мэдпэрсаналам, хворымі, дзяржаўнымі службоўцамі, прадпрымальнікамі, прадстаўнікамі дзелавых колаў, архітэктарамі і будаўнікамі”.

Таксама 22 сьнежня ў Нацыянальным прэс-цэнтры пройдзе прэсавая канфэрэнцыя амбасадара Ізраілю Эдуарда Шапіры. Яе тэма – ізраільска-беларускае супрацоўніцтва ў сацыяльна-эканамічнай і культурнай сфэрах.

Яшчэ ў аўторак у менскім клюбе "Рэактар" чакаецца канцэртная прэзэнтацыя праекту Лявона Вольскага "Такога няма нідзе" ў рамках фэсту "Сонцастаяньне". Гэта псэўдадакумэнтальнае пазытыўна-музычнае дасьледаваньне пра тое, як выглядалі і што сьпявалі яго ўдзельнікі, калі б жылі ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя ў розных краінах і частках сьвету.

У сераду, 23 сьнежня, у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры пройдзе круглы стол "Грамадзка-рэлігійны дыялёг у Беларусі. Выхаваньне талерантнасьці". На яго запрошаны прадстаўнікі афіцыйных уладаў. Арганізатар – міжнароднае грамадзкае аб'яднаньне "Добрая воля". Адзін з удзельнікаў, сябра БХД Аляксей Шэін сказаў:

"Мэта круглага стала – узьняць пытаньне рэлігійнай талерантнасьці, наколькі яна магчымая ў сёньняшніх умовах, бо ёсьць праявы неталерантнасьці і з боку ўладных структраў, ёсьць пытаньні неталернатнасьці на месцах саміх рэлігійных канфэсій. Мы таксама хочам падвесьці вынікі 2009 году, як прымяняўся закон аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях".

У пятніцу, 25 сьнежня, каталіцкія і пратэстанцкія вернікі ў Беларусі адзначаюць Нараджэньне Хрыстова. Па традыцыі яны зьбіраюцца на супольную малітву ў сьвятыні. Пра тое, як будуць сьвяткаваць каталікі, распавядае Галіна Абакунчык:

“25 сьнежня набажэнствы ў менскіх парафіях будуць праходзіць па некалькі разоў на дзень. У галоўным каталіцкім касьцёле Панны Марыі імша адбудзецца а 8.15, яна будзе трансьлявацца на першым канале беларускага радыё. Набажэнства пройдзе таксама аб 11.30, а 13.00 і а 18.30. Пасьля ранішніх урачыстых набажэнстваў у многіх касьцёлах адбудуцца тэатральныя пастаноўкі на тэму Хрыстовага нараджэньня і сьвяточныя канцэрты”.

У нядзелю, 27 сьнежня, аб’яднаньне “Гісторыка” ладзіць чарговую экскурсію, прысьвечаную гісторыі Менску, у межах грамадзкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У цэнтры увагі – частка праспэкту Незалежнасьці ад аднайменнай плошчы да вуліцы Захарава. Забудова гэтага адрэзка прэтэндуе на статус сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА.
XS
SM
MD
LG