Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мультымэдыйная аблога


Бізнэс-крэдыты ад 90-х да нашых дзён. 90-ые.

Кабінэт Банкіра. Уваходзіць прадпрымальнік з дыпляматам. Адкрывае дыплямат. У ім бутэлька “Савецкага шампанскага” і шакалядка. Жанчына расквітае.
- Патрэбны крэдыт. У мяне бізнэс. Швагер прадае 100 трактароў Беларусь танна - па 30 даляраў штука.
- А рэалізоўваць дзе будзеце?
- Дык купляюць тут жа ў Менску. Па 60 даляраў штука! Я ўжо стэлефанаваўся - бяруць, за крэдытам пайшлі ў банк праз дарогу. 100% рэнтабэльнасць!

Усьміхаючыся, падпісваюць

2000-ые


Кабінэт Банкіра. Уваходзіць прадпрымальнік з дыпляматам. Адкрывае дыплямат. У ім апэрытыў “Чынзана” і тузін выпрабавальных бясплатных духоў з выставы. Жанчына расквітае.
- Патрэбны крэдыт. Цукар з Украіны. 60 даляраў мяшок.
- Задорага!
- Па бартэры зьмяняем на станікі. Там на галянтэрэйнай базе ва ўсіх дача - мы ім па мяшку цукру адкатам. Станікі ў Маскву з правадніком. Назад нал. І праз фінансавую кампанію ў бязнал. Навар 1000 адсоткаў. Дакладней - 1000% рэнтабельнасць!

Усьміхаючыся, падпісваюць.

2009

Кабінэт Банкіра. Уваходзіць прадпрымальнік з дыпляматам. Адкрывае дыплямат. У ім каляровая друкаваная брашура - праект будаўніцтва. Ціхі цэнтар. Від на раку. Банкір разглядае.
- Ваша - трэцяе, чацьвёртае, пятае на трэцім паверсе ў тарцы. Эўрарамонт уключаны.
Жанчына расквітае.
- Патрэбны крэдыт. 500 тысяч. На хабар у мэрыю.
- Задорага!
- Жылплошчай не бяруць. У іх там для праўнукаў, якія яшчэ не нарадзіліся, ужо кватэры набытыя. Толькі грашыма!

20??

Кабінэнт Банкіра. Уваходзіць прадпрымальнік з дыпляматам. Адкрывае дыплямат, а ў ім...



Ролік падгледжаны ў czy.

ДОБРЫЯ ВОЛАТЫ СУПРАЦЬ ОРКАЎ




Блогер dobroelekarstvo згадвае, як яшчэ зусім нядаўна проза Аркадзя Гайдара ды іншая "чырвоная прыгажосьць" на зыходзе свайго існаваньня, была неад'емнай часткай яго жыцьця (напэўна, як і большасьці з нас):

"Для мяне не было тады такіх пытаньняў: а хто на самой справе быў добрым - чырвоныя або белыя? Чырвоныя - гэта нашыя, усё, размова скончаная. Гэта проста добрыя людзі ў цяжкіх абставінах. А белыя - гэта ворагі, гэта ня людзі ўвогуле, гэта такія выпешчаныя, фарсістыя оркі, белыя звонку, чорныя ўсярэдзіне. Мяне не хвалявала палітыка. Мяне вабіла гарачая бітва сілаў дабра зь сіламі зла, вось і ўсё, добрыя супраць дрэнных, нашыя - супраць чужых. І я нават не задумваўся тады аб тым, што гэтыя самыя чужыя - акурат такія самыя, як і нашыя. Для мяне чырвоныя былі добрымі волатамі, як Ільля Мурамец і Дабрыня Нікіціч, напрыклад.

Напэўна, гэта такая адмысловая міфалягічная схема, якая неабходна ўсім дзецям такога ўзросту і была заўсёды, ва ўсіх эпасах прапісаная: бітва сваіх, нашых, людзей - з чужымі, ня нашымі, з пачварнымі стварэньнямі. Праўда, дзеці гэтых пачварных стварэньняў мусібыць ведалі як пачвараў менавіта нас, а не сябе..."


Цяжка сказаць, наколькі гэтая схема апраўданая для выхаваньня дзяцей, але тое, што многія дарослыя гэтак і жывуць згодна зь ёй, не задаючы сабе пытаньняў, ня можа не засмучаць.


ЗА СЛОІК СОЧЫВА І КОШЫК ПЕЧЫВА


«Папросту я жыву ў Ню-Ёрку і таму хачу там гэта паказаць... Свабоду палітвязьням, каб гэта ведала і Амэрыка і ўсе іншыя...», - патлумачыў невядомы малады чалавек, які падчас акцыі салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы стаў у ланцуг і пачаў пазіраваць дзяўчыне з фотаапаратам. Потым ён паглядзеў, як атрымалася, і папрасіў яе сфатаграфаваць яго яшчэ раз. Хлопец стаў за тымі, якія трымалі бел-чырвона-белы сьцяг, сфатаграфаваўся і адразу адышоў.









Блогер dranik80, які выклаў здымкі ў сваім журнале, пэўны, што гэта адзін зь ліпавых "палітуцекачоў". Ягоныя чытачы засьведчылі, што такога кшталту атрыманьне палітычнай біяграфія - нярэдкая зьява.

toxaby: "А яшчэ часам тэлефануюць і просяць: "дайце мне якія-небудзь фота з акцыяў... а ці можна мяне туды неяк уставіць з дапамогай фаташопу?"

ziankovich: "Мне неяк два гады таму адна такая тэлефанавала (і адкуль яны тэлефоны даведваюцца?). Прывожу дыялёг па памяці.

- Здавствуйте, я звоню із Лас-Вегаса. У меня проблема. Меня хотят депортіровать, і адвокат мне сказал, что у меня едінственный шанс - получіть убежішче. Вы моглі бы мне помочь с документамі?

- Скажыце, вы ў якой партыі былі?

- Я в партіях не участвовала. Я студентка, а за членство в партіі із універсітета могут ісключіть.

- Ну, добра... А ў нейкіх масавых акцыях удзельнічалі?

- Нет, там могут побіть ілі арестовать.

- Ну, ведаеце... У вас ёсьць цудоўны шанец: яжджайце ў Менск, схадзіце на дэманстрацыю, адсядзіце свае 15 сутак, а пасьля вяртайцеся - і будзе вам прытулак.

- Но еслі я уеду, меня назад не пустят...

- Больш я нічым вам дапамагчы не магу.

- Не можете? Ну, ладно. До свіданія.

- Усяго найлепшага".


lighty: "Ого, аказваецца, гэта моцна распаўсюджана. А я думала, толькі мне так не пашанцавала - адмаўляць у просьбе даць ілжывыя "сведчаньні" для амэрыканскай службы міграцыі..."

insurhent: "Я нядаўна даведаўся, што мае сьведчаньні падрабляў чувак для гэнай самай службы".

МЫ З ТАБОЙ АДНОЙ КРЫВІ: ТЫ І Я




"Наша Ніва" паведамляе: Фатограф агенцтва БЕЛТА з Гародні Леанід Шчаглоў, вядомы ў ЖЖ, як prosto_free перамог у фотаконкурсе «Крок у сьвет бяз межаў», арганізаваны самым папулярным ЖЖ-карыстальнікам Расеі Рустэмам Адагамавым — у ЖЖ drugoi.

Якая надзвычайная здольнасьць да атаясамленьня і эмпатыі! Каб мы маглі гэтак жа сама ўлазіць у скуру ня толькі братоў нашых меньшых, але і людзей...

НЯЎЖО ЖЫВЫ... ШТО ГЭТА БЫЛО?!




Выратаваны ад пажару кот. Падгледжана ў pgrigas.

УВАСКРАСЕНЬНЕ




Падгледжана ў m_shkodnica.

НАРДЫЧНАЯ БЕЛАРУСЬ




Падгледжана ў kulakovsky. Здымак, як бачна, зроблены не ў Беларусі, але мусіць перадаваць пачуцьці аўтара ад цяперашняга надвор'я ў Беларусі. Ён піша: "Я згодны жыць у зіме, дзе халодна гэта максымум -6".

Суворы блогер ультра-правых поглядаў kryviec ушчувае сваіх няўстойлівых таварышаў:

"У фрэндстужцы раскол. Палова радасна вітае надыход маразоў і шкадуе, што мала сьнегу, другая палова стогне ад пераахалоджаньня. Грэх не пакпіць з тых, хто скардзіцца. Ім заўсёды ўсё будзе ня так. Зімой сьнег са льдом, летам - сьпёка з залевамі. Зусім людзі расслабіліся, камфорт разбэшчвае. Любыя перашкоды і нязручнасьці - добрая нагода праверыць уласную волю і стаць больш трывалым. Хаця, хіба цеста і салома могуць быць трывалымі?"

А ягонага паплечніка druving'a маразы прымусілі задумацца пра зьмены ў ідэнтычнасьці і прыватным жыцьці:

"Ідучы дадому засумняваўся ў сваёй нардычнасьці. Нешта не па мне гэтыя марозы. Старэю відаць. Марознае зімнае надвор’е прывязвае чалавека да хаты, ператварае з вандроўніка ў аратага. Я заўжды лічыў жытло толькі мейсцам для адпачынку, дзе можна паесьці, перавесьці дух і адправіцца куды-небудзь далей. Але цяпер, пад узьдзеяньнем марозаў, я пачаў задумвацца пра ... сям’ю. Сваю зразумела, якую калі-небудзь мне давядзецца стварыць. Я не надта сямейны чалавек, не люблю ўсе гэтыя зборышчы нібыта родзічаў. Мне рэдка хочацца, каб мяне хто-небудзь дома сустрэў. Але сёньня мне хацелася. Хацелася, каб майму прыходу былі рады, мяне сустракалі, можна было пайсьці на кухню, папіць цёплай гарбаты ці віна і паразмаўляць, разам паглядзець тэлевізар, альбо проста глядзець разам ў вакно на засьнежаны двор. А пасьля пайсьці спаць, каб з раніцы прачнуцца шчасьлівымі. Ідылія. Але пасьля зімы і лютых маразоў прыйдзе вясна і ўсё пачнецца наноў - я зноў буду недзе бадзяцца..."


Тымчасам andorac зладзіў апытанку ў сваім блогу: ці ёсьць Беларусь паўночнай краінай? Пакуль зь перавагай у пяць галасоў перамагаюць прыхільнікі нардычнасьці.

МЫ, БЕЛАРУСЫ - ЧАРОЎНЫЯ ТРУСЫ!




Падгледжана ў silverrebel . На здымку - дызайн для майкі аднаго зь пераможцаў конкурсу “Цішоткі вольных беларусаў” (раю паглядзець астатнія па спасылцы).


ЯКАЯ БЕЛАРУСКАЯ ПАРТЫЯ ВАМ ПАДЫХОДЗІЦЬ НАЙБОЛЬШ


Калі ў вас ёсьць пэўныя цяжкасьці з вызначэньнем сваёй палітычнай ідэнтычнасьці, можаце прайсьці ніжэй пададзены тэст. Які быў надзвычай папулярным гэтым тыднем у беларускіх блогераў:

Віншуем з пройдзеным тэстам!!! Вам бы ў ПКБ (Партыя камуністаў Беларуская)
Дэмакратычныя камуністы - ваш выбар! Калякін і яго атачэньне толькі вас і чакаюць. Ажывіце партыю. Хопіць прастойваць тысячам людзей бяз справы. Сьветлыя ідэі - у сьветлую будучыню!
Пройти тест


Што цікава, зь некаторых ён сарваў маскі. Фядута аказаўся камуністам, Уладзімер Мацкевіч - прыхільнікам БНФ, а Кірыл Атаманчык - сябрам АГП.

"ЗА $3500 Я ТАКСАМА ПРЫЗНАЮ АБХАЗІЮ!"




Рэспубліка Науру (стала вядомай шырокай грамадзкасьці дзякуючы нядяўняму прызнаньню Абхазіі). Здымак з спадарожніка. Падгледжана ў ecologys. Цікавую і павучальную гісторыю гэтай нана-краіны можна прачытаць у блогу Андрэя Ланькова. Як выявілася, у гіганцкай Расеі і карлікавай Науру ёсьць агульнае - гэта сыравінная эканоміка. Дакладней, у Науру была сыравінная эканоміка. Яны пастаўлялі на сусьветны рынак фасфаты і казачна разбагацелі на гэтым: "На зыходзе сямідзясятых Науру мела найвышэйшы ўзровень даходаў на душу насельніцтва, пераўзыходзячы па гэтым паказьніку Аб'яднаныя Арабскія Эміраты амаль у два разы, а ЗША - у чатыры. Бясплатнымі сталі адукацыя і мэдыцына, падаткі былі поўнасьцю адмененыя, і жыхары выспы атрымалі права бясплатна лятаць на "Вялікую Зямлю". Большасьць сем'яў тады мела па некалькі аўтамабіляў, хаця пешкі можна абыйсьці выспу за чатыры гадзіны. Дзеля таго, каб стварыць дастатковую колькасьць працоўных месцаў, урад раздзьмуў адміністратыўны апарат, ператварыўшы большасьць жыхароў выспы ў дзяржслужачых". Зрэшты, багацьце і мела і нэгатыўныя наступствы: "Радыкальна зьмянілася дыета абарыгенаў. Лавіць рыбу і зьбіраць какосы больш нікому не хацелася, і асноўным іх харчаваньнем сталі гамбургеры з "Кока-колай", а таксама розныя завезеныя паўфабрыкаты. Палінэзыйцы ўвогуле схільныя да атлусьценьня і дыябету, таму да 1990 году Науру меў найвышэйшы адсотак дыябэтыкаў у сьвеце: ад гэтай хваробы там пакутуе 60% насельніцтва. З гэтай прычыны паводле сярэдняй працягласьці жыцьця заможная Науру парадаксальным чынам ня вельмі адрозьнівалася ад сваіх згалелых суседзяў..."



(Падгледжана ў tumash).

Фасфаты скончыліся, пэйзаж выспы быў безнадзейна сапсаваны, створаны стабілізацыйны фонд змарнаваны... І Науру занялося сьпярша афшорным бізнэсам, а пасьля і пошукам выпадковых заробкаў. Прыкладам, то прызнаваючы, то адмаўляючыся прызнаваць Тайвань. Натуральна, за грошы. За прызнаньне Абхазіі Науру атрымала ад Расеі $50 млн. бескарыснай дапамогі ($3500 на аднаго жыхара).

"Атрымаўся такі сабе паход у бардэль да старой таўставатай прастытуткі. Беларусь - не дае, Казахстан - не дае, пра пекную Эўропу і марыць няма чаго. Застаецца Вэнэсуэла і Нікарагуа, якім чарговы раз плюнуць у твар ЗША за шчасьце, і маленькая Науру" - піша tumash.

"Не перашкаджайце краіне ўставаць з кален!" - кпіць slaver_be, маючы на ўвазе Расею. Падумаўшы, што гаворка пра Науру, гаспадар блогу адказвае: "А я і не перашкаджаю. За $3500 я таксама асабіста прызнаю і Асецію, і Абхазію".


ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ЦЯБЕ



Падгледжана ў silverrebel.

"У Маскве былі замененыя рэклямныя плякаты Google. Паколькі візуальна плякаты мала адрозьніваліся ад арыгіналаў, уладальнік рэклямных месцаў кампанія Wall не заўважыла падмены і плякаты правіселі тры тыдні, і зьнялі іх, калі сапраўдная рэклямная кампанія Googlе скончылася. Для прастаты набылі камплект спэцвопраткі за 700 рублёў і яшчэ за 500 вырабілі на іх лягатып уладальніка рэклямных пляцаў. Сумарны кошт плякатаў склаў 3000 рублёў. Усё зроблена на асабістыя сродкі" - паведамляе сайт ОВОЩАМ.НЕТ.

Гэтая тактыка арт-герыльі, распрацаваная ў Францыі сытуацыяністамі, называецца détournement (прыўлашчваньне). Вельмі эканамічны і эфэктыўны спосаб (контр)прапаганды.

А што б напісалі вы на падобным плякаце, калі б Google рэклямаваўся ў Менску?


ШТО ЗАСТАНЕЦЦА ПАСЬЛЯ ВАС ВАШЫМ ДЗЕЦЯМ І ЎНУКАМ


Mr. Freeman пра блогераў. Дзецям да 18 глядзець толькі разам з бацькамі. Ён выказваецца жорстка і бязьлітасна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG