Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прысьпешвае стварэньне АЭП


У часе сустрэчы 27 лістапада ў Менску

У часе сустрэчы 27 лістапада ў Менску

У суботу ў Алматы кіраўнікі Беларусі, Казахстану і Расеі зацьвердзілі плян дзеяньняў па фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы, а таксама прынялі сумесную заяву аб стварэньні Мытнага саюзу “трох”. Сустрэча “трох” у рамках нефармальнага саміту лідэраў краін ЭўрАзЭС праходзіла ў гатэлі "Ак-Булак" на высокагорным спартовым курорце.

Лідэры Беларусі, Казахстану і Расеі абмеркавалі пытаньні, зьвязаныя з запускам мытнага саюзу 1 студзеня 2010 года. 27 лістапада ў Менску яны падпісалі пагадненьні аб Мытным кодэксе і адзіным мытным тарыфе Мытнага саюза. Тады Мядзьведзеў заявіў, што ў Алматы бакі вызначацца “як хутка краіны будуць рухацца да адзінай эканамічнай прасторы”.

У суботу А.Лукашэнка заявіў у Алматы, што тры краіны не павінны губляць тэмпаў ў працы над стварэньнем адзінай эканамічнай прасторы.

Кіраўнікі трох краін заявілі, што АЭП павінна быць створана не пазьней за 1 студзеня 2012 года. Паводле кіраўніка цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, наўрад ці такая дата задавальняе афіцыйны Менск. Чаму так прысьпешвае А.Лукашэнка?

Яраслаў Раманчук
“Лукашэнку патрэбна адно – унутраныя расейскія цэны на газ і на нафту. А таксама патрэбна, каб праз тэрыторыю Расеі можна было ганяць казахстанскую сырую нафту. Дамоўленасьць зрабіць нешта праз тры гады – гэта такая ж самая байка, якая была з адзінай валютай, саюзнай дзяржавай, з СНД, ЭўрАзЭС, АЭП. Хіба ў гэтым кантэксьце трэба было паехаць і пакатацца на лыжах. Нефармальны саміт ня можа прыняць нічога, што было б юрыдычна моцным. Сечын больш канкрэтна сказаў, што Расея можа даць – 5-6 мільёнаў тон нафты для сябе пад дамоўленасьць купіць “Нафтан-Палімір”. За ўсё астатняе трэба будзе плаціць па поўнай праграме”.

У выпадку рэалізацыі падпісанага пляну дзеяньняў, у трох краінах пачнецца ўзгодненая эканамічная палітыка. Плян прадугледжвае распрацоўку міжнародных пагадненьняў сябрамі “тройкі”, якія складуць дамоўна-прававую базу АЭП. У рамках АЭП будзе дзейнічаць агульны энэргетычны рынак, сфармавана адзіная транспартная прастора. Але што будзе пасьля запуску Мытнага саюзу?Спадар Раманчук сказаў:

“На паперы яны могуць запусьціць і заўтра. Гэта проста ўжо навагодні настрой у людзей”.

Паводле палітоляга з Казахстану Берыка Абдыгаліева, пакуль усе дамоўленасьці аб стварэньні АЭП хутчэй падобныя на дэклярацыі аб намерах. Але чым бліжэй да даты, палітычная кан’юнктура можа памяняцца і можа ўзьнікнуць праблема зрыву.
Палітычныя фактары будуць узьнікаць, чым бліжэй гэта дата ...

“Чым бліжэй тэрмін, тым больш ён будзе палітызавацца. Будуць новыя адзін да аднаго патрабаваньні, новыя заўвагі адносна таго, наколькі розныя краіны гатовыя да такога саюзу. І ўсё ж Расея будзе дамінаваць. Наколькі гэта не пагражае нацыянальным эканамічным сыстэмам? Наступствы эканамічнага крызісу яшчэ істотна ўплываюць на эканамічную палітыку гэтых краін. Усё пакажа, як будзе функцыянаваць заўтра Мытны саюз. Палітычныя фактары будуць узьнікаць, чым бліжэй гэта дата”.

Апроч пытаньняў Мытнага саюзу падчас нефармальнага саміту кіраўнікоў краін ЭўрАзЭС у Алматы чакаецца абмеркаваньне тэматыкі рэгіянальнага ўзаемадзеяньня, у тым ліку аўганскай праблематыкі, тэматыкі АДКБ. Нагадаем у Эўразійскую эканамічную супольнасьць уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан,Таджыкістан і Расея.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG