Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча


Сёньня на могілках у Рагачове ўрачыста адкрыты помнік бабулі Ўладзімера Караткевіча – Людміле Антонаўне Барысевіч (1873-1963).

Яна была другой жонкай Васіля Грынкевіча – дзеда Караткевіча па маці. У яе й дзядзькі Ігара Караткевіч часта гасьцяваў і плённа працаваў. Як пісаў сам творца, "у старасьвецкай хаце, у дзедаўскім родным гнязьдзе" было "добра так, як нідзе".

Бабулю Людмілу, як і родную бабулю Ганну, пахавалі ў Рагачове на старых могілках. Месца пахаваньня бабулі Ганны (памерла ў 1906 г.) не захавалася. А магіла бабулі Людмілы была занядбаная. Таму й вырашана было аднавіць яе, ўсталяваць помнік з надпісам, што гэта бабуля пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча.

Апоўдні тут сабраліся прыхільнікі творчасьці Караткевіча, прадстаўнікі мясцовай улады. Зь Менску прыехалі пісьменьнік Сяргей Панізьнік і ініцыятар ушанаваньня памяці бабулі Караткевіча, журналіст Глеб Лабадзенка:
Былі праблемы з вырабам помніка – то ў іх літары “ў” не было, то кропачкі над “ё” не паставілі ...

“У мяне ёсьць палёгка, што ўсё, нарэшце, атрымалася да канца. У працэсе былі пэўныя праблемы. Мы хваляваліся, каб пасьпець да маразоў помнік паставіць. Былі праблемы з вырабам помніка – то ў іх літары “ў” не было, то кропачкі над “ё” не паставілі. Сьпіс тых, хто ахвяраваў грошы, у мяне ёсьць на сайце – я іх пайменна назваў. Гэта людзі зь Менску, з Гарадзеншчыны, а таксама супрацоўнікі “Радыё “Свабода” ў Празе сабралі ахвяраваньні й перадалі”.

З засьнежаных могілак грамада накіравалася ў музей Народнай славы, дзе ёсьць экспазыцыя, прысьвечаная Караткевічу. Успамінамі пра выбітнага творцу падзяліўся Сяргей Панізьнік. Адбылася прэзэнтацыя дыску з галасамі Уладзімера Караткевіча, Ларысы Геніюш, Рыгора Барадуліна.

Глеб Лабадзенка паведаміў, што прадстаўнікі мясцовай улады і, у прыватнасьці, начальнік аддзелу культуры Міхаіл Зайцаў, станоўча агукнуліся на прапанову годна адзначыць у Рагачове 80-годзьдзе з дня народзінаў Уладзімера Караткевіча, якое будзе адзначацца ў кастрычніку наступнага году:

“Яны мне паведамілі, што ў наступным годзе ўпарадкуюць вуліцу, дзе стаіць дом дзеда Караткевіча. Гэтую частку цяперашняй вуліцы Чкалава назавуць імем Караткевіча. Таксама яны вельмі хочуць, каб тут быў помнік Гервасію Выліваху. Помнік самому Караткевічу ёсьць у Воршы. Па-другое, яны сказалі, што на доме будзе прымацавана шыльда – у гэтым доме падоўгу жыў і ствараў свае творы Уладзімер Караткевіч. На шыльдзе будзе ягоны барыльеф – выява Караткевіча пэўным чынам будзе прысутнічаць. Таму хочуць усталяваць помнік менавіта Гервасію Выліваху”.

Гервасій – сярэдневяковы жыхар Рагачову зь лягенды Караткевіча “Ладдзя Роспачы”, напісанай тут у ліпені-жніўні 1964 году. Сам аўтар лічыў, што гэты твор “найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому й чорт ня брат, якога й сьмерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыцьцё й весялосць і ні пры якіх абставінах ня ўступіць у барацьбе за іх".

Рагачоўскі побыт стаўся асновай для зьместу рамана “Леаніды ня вернуцца да Зямлі” (“Нельга забыць”). Тут напісаныя раньняя паэма “Зямля дзядоў”, аповесьць “Сівая легенда”, пачатак раману “Каласы пад сярпом тваім”.
XS
SM
MD
LG