Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тыднёвы агляд Блогасфэры ад блогера Будзіміра.

Дарэмна, напісаўшы пра Ягора Гайдара, што "ён быў адным зь нешматлікіх тэле-палітыкаў і тэле-эканамістаў, каго я паважаю", trueblacker адразу прыняў баявую паставу: маўляў, да закідваньня тухлымі яйкамі гатовы. Ніводнага яйка ў ягоны бок так і не паляцела. Беларуская блогасфэра маўчала. Ейнае маўчаньне занепакоіла блогера pgrigas: з аднаго боку, як быццам "ніхто з фрэндстужкі не аказаўся падонкам", бо ня ладзіў "скокаў на костках", а зь іншага - "падзі разьбярыся, хто ў цябе ў фрэндах, калі яны памоўкваюць".

Ня тое каб яна зусім маўчала, проста на фоне расейскай блогасфэры выглядала нешматслоўнай. Голыя лічбы: на момант напісаньня агляду Яндэкс зафіксаваў 10610 згадак прозьвішча "Гайдар" у расейскіх блогах у пэрыяд з 16-га па 18-ае сьнежня, а ў беларускіх за аналягічны тэрмін - усяго 87. Рэакцыя розьнілася ня толькі колькасна, але і якасна. Сярод выказваньняў расейскіх блогераў пераважалі прапановы кшталту "пахаваць за царкоўнай агароджай", "убіць у магілу асінавы кол" і да т.п. Больш стрыманыя шкадавалі, што нябожчык "не дажыў да трыбуналу". Зь беларускіх жа блогераў, калі я нічога не прапусьціў, нагэтулькі ж няветліва праводзілі Ягора Гайдара на той сьвет усяго двое:

"Памёр чалавек - і памёр. Усе памром... Асоба малапрыемная і, увогуле, малацікавая, такі сабе сыры, грузны, мясны савецкі камяк зь лібэральным прыцмокам". (genosse_u)

За што Гайдар-унук гэтак ненавідзеў маю краіну - дасюль для мяне таямніца. Бо жыў, гадзяня, у небывалым дабрабыце, катаўся, як сыр у масьле - і на табе! Вось для каго Савецкая краіна была роднай маці, дык гэта для яго (і яму падобных мажораў). І што ж? Аж толькі зьявілася мажлівасьць - імгненна зарэзаў матулю, і вокам не міргнуўшы! (usovski)

Астатнія камэнтары, нават калі ў пэўнай ступені крытычныя, былі вытрыманыя ў лагоднай, прыхільнай танальнасьці:

"Безь яго сучаснае жыцьцё ўсіх нас было б іншым. Ня ведаю якім, але дакладна горш, чым яно ёсьць" (worvik)

"Рэфармаваў як умеў. А хто тады ўмеў?.. У Беларусі дастатковай колькасьці рэфарматараў такога кшталту не знайшлося - вось і сядзім з Лукашэнкам і луканомікай". (czalex)

"Ці можна было бязбольна зварухнуць такую махіну?.. Нельга. І таму першы, хто за гэта ўзяўся, быў асуджаны на закланьне". (vadim_i_z)

"Не найлепшы і не найгоршы прэм'ер у гісторыі Расеі. У параўнаньні зь цяперашнім дык адназначна лепей" - напісаў sergechaly, папярэдне троху паўшчуваўшы нябожчыка за яго неспрактыкаванасьць як царадворца, пэўную слабасьць як чыноўніка, тэарэтыка, вучонага і эканаміста.

"Прыбалты неяк назвалі яго "нармальны расеец"... Я пазнаёміўся зь ім, калі ён прыязджаў у Менск ўжо ня ў якасьці прэм'ера, а так, з прыватным візытам. Клас-клюб, гарэлка, бутэрброды зь ікрой... Сувалі візытоўкі адзін аднаму. Паціскалі рукі, пасьміхаліся. У Гайдара аказалася мяккая далонь". (lipkovich)

Лыжку дёгцю, але вельмі маленькую дадаў andorac : "Зь Ягорам Цімуравічам сутыкнуўся два месяцы назад у Празе на "Форуме-2000", што ладзіць Вацлаў Гавэл... Ён не выглядаў на свае 53 гады. Здавалася, што яму нашмат болей. Уразіўся, што зь ім быў ахоўнік. Адмыслова пайшоў на расейскую сэкцыю Форуму, ахвяраваўшы выступам Мілінкевіча, бо цікава было паназіраць за цяперашняй расейскай апазыцыяй. Тымі людзьмі, якія даюць Расеі асьцярожную надзею на дэмакратычную будучыню... На жаль, Гайдар зрабіў уражаньне старога стомленага чалавека. У яго словах і адказах я так і не пабачыў нейкага крэатыву, сьвежых ідэй. На большасць пытаньняў адказ быў адзін: "Час пакажа". Пры гэтым падалося, што Гайдару таксама ўласьцівая традыцыйная расейская пыха".

Гэткую розьніцу ў стаўленьні да аднаго і таго ж чалавека беларусаў і расейцаў jo_bloggs вытлумачыў адрознасьцю нацыяльных характараў:

"Ня ведаю, як у вас, але ў мяне практычна любое сутыкненьне з расейскай політызаванай блёґасфэрай выклікае неўразуменьне ды агіду. Здаецца, што многія расейскія блёґэры не разумеюць у прынцыпе, што такое гонар, годнасьць, тактоўнасьць, у рэшце рэшт, звычайная выхаванасьць. Хамства, нецярплівасьць, злосьць, непрыхаваная агрэсія, брудная лаянка, непавага да субяседніка даўно ўжо нікога ня зьдзіўляюць і сталі для гэтых людзей звычайнай практыкай, нормай віртуальных зносінаў. Асабліва ярка гэтыя мэтастазы праяўляюцца тады, калі, па трагічным зьбегу абставінаў, у блёґах пачынаецца абмеркаваньне асобы альбо падзеі незвычайнай, неардынарнай, неадназначнай. Што гэта? Праяўленьне нацыянальнага характару альбо сёньняшнія наступствы далёкай рэвалюцыі бальшавікоў? У гэтай сувязі, мяне рэдка расчароўваюць беларусы. Усё-такі ёсьць у нашых людзях нешта, што не дазваляе, і спадзяюся, ніколі не дазволіць ім ператварыцца ў зграю мярзотнага крумкачча".

"Гэта з-за таго, што мы яшчэ занадта блізкія да сялянскага сьвету, дзе кожны навідавоку, усе ўсім суседзі, кожнаму прыпомняць ягоныя словы, прыцягнуць да адказнасьці. А большасьць расейскіх блёгераў - Піцер ды Масква, мільёны людзей у мурашніках. Але ня варта спачываць на лаўрах - вельмі тонкая нашая сувязь зь сялянскім сьветам, і з кожным годам яна ўсё больш слабее". - пагадзіўся зь ім у камэнтары kurt_bielarus, але ва ўласным блогу напісаў, што гэтая розьніца ў рэакцыях, хутчэй ўсё, сытуатыўная:

"Расейская частка фрэндаў актыўна... адмоўна выказваецца пра памерлага Я. Гайдара, беларуская лібэральная - наадварот, шкадуе. Мяркую, дарэчы, калі памрэ Лукашэнка, тыя, што крытыкуюць, і тыя, што ўсхваляюць, памяняюцца месцамі. Прычым беларускія крытыкі будуць казаць расейскім фанатам: "Вы тут не жылі, нічога ня ведаеце, таму маўчыце". А расейскія фанаты будуць казаць: "Вось бы нам такога ў свой час..." і дакараць беларусаў за тое, што яны праматалі сваё шчасьце".

Тэзу Курта пацьвярджае дыскусія ў блогу дачкі Ельцына - Тацьцяны Юмашавай (Дзьячэнка). Спадарыня Юмашава распавяла сваім чытачам гісторыю пра падпісаньне дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ў 96-ым годзе - як Расея ледзьве ня страціла суверэнітэт і не падпала пад уладу Лукашэнкі празь няўважлівасьць адказных чыноўнікаў. "Калі б не Чубайс" - пужае спадарыня Тацьцяна - "жылі б мы з вамі пад кіраўніцтвам прэзыдэнта новай дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка". І што вы думаеце? Першы камэнтар у адказ на яе допіс гучаў так: "Можа, гэта было б да лепшага".

Што да меркаванай рэакцыі беларусаў на гіпатэтычную сьмерць прэзыдэнта, Курту запярэчыў palivac, разам з тым патлумачыўшы прычыны адмоўнага стаўленьня расейцаў да Ягора Гайдара:

"Тут вы памыляецеся. Большасьць беларусаў будзе шкадаваць пра сьмерць Лукашэнкі. А Гайдар пра людзей ня думаў. Чаму ж вы чакаеце, што рускія будуць яго любіць? Тыя, хто перажыў у Расеі 90-я, у сваёй масе ня будуць ухваляць Гайдара. Да таго ж, сяньняшні дзікі расейскі капіталізм - гэта працяг рэформ Ельцына-Гайдара".

Бадай што так, у гэтым уся справа - у розным сацыяльным досьведзе беларусаў і расейцаў. Для нас Ягор Гайдар - збольшага абстрактная фігура з тэлевізару. Таму мы, беларусы, нават зыходзячы з розных сьветапоглядных установак, ацэньваем яго досыць спакойна. Бо не зазналі напоўніцу наступстваў "шокавай тэрапіі" на ўласнай скуры. У прыватнасьці "Канстытуцыйнага крызісу 1993 году", які выплеснуўся на вуліцы Масквы і прывёў да шматлікіх ахвяраў. (Як вядома, супрацьстаяньне прэзыдэнта і Вярхоўнага Савета не ў апошнюю чаргу адбывалася вакол пытаньня радыкальных эканамічных рэформаў.) Гэтак званай "вялікай крымінальнай рэвалюцыі", калі на авансцэну сацыяльнага жыцьця выйшла кляса ненажэрных хціўцаў, гатовых ахвяраваць чужымі і сваімі жыцьцямі дзеля захопу як мага большай уласнасьці. Мы не перажылі чачэнскай вайны, а яна распачалася ў тым ліку праз крымінальны разгул і агульнае бязладзьдзе. Нарэшце, мы ня ведаем, што значыць не атрымліваць месяцамі заробкі і пэнсіі, месяцамі заставацца без сьвятла і ацяпленьня...

Мы жылі ў розных краінах.

Расейцы пацярпелі ад тых, хто называў сябе лібэраламі, і расчараваліся ў лібэралізьме. Прыхільнікі "лібэральных каштоўнасьцяў" у сёньняшняй расейскай блогасфэры выглядаюць белымі варонамі, антылібэральная большасьць дала ім прыліплівую зьняважлівую мянушку - "лібэрасты". Ня трэба думаць, нібыта гэтак адбываецца з прычыны дзеяньня ў сеціве злавесных спэцслужбаў або з-за нейкіх заганаў расейскай нацыі (калі, вядома, лічыць прыхільнасьць да лібэралізму нормай, а яе супрацьлегласьць - адхіленьнем). Усё тлумачыцца адмоўным сацыяльным досьведам. Бо лібэралізм у расейскіх (і ня толькі) умовах зьвёўся да незаслужанага і непрыстойнага багацьця нешматлікіх на фоне згаленьня значнай часткі насельніцтва. Мядзьведзеў-Пуцін успрымаюцца расейскай блогасфэрай як прадаўжальнікі справы Ельцына-Гайдара, адно што пад іншым соўсам. Таму яе антылібэралізм мае апазыцыйную, а не ляяльную прыроду.

У Беларусі да нядаўняга часу слова "лібэралізм" для дзяржпрапаганды было лаянкавым. Беларусы жылі ў дзяржаве, якая прынамсі на ўзроўні рыторыкі заставалася закансэрваваным аскепкам СССР. Менавіта праз гэта ў апазыцыйна настроенай часткі беларускага грамадзтва - а большасьць блогераў належыць да яе - дасюль захаваліся рэліктавыя перабудовачныя ўстаноўкі, дыскрэдытаваныя ў Расеі. Таму і Ягор Гайдар для многіх беларускіх блогераў не зьяўляецца жупелам, наадварот, ён акружаны рамантычнай аўрэоляй гераічнага выратавальніка ад "саўка". Да таго ж, Гайдар на ўзроўні габітусу вельмі адрозьніваецца ад звыклых і абрыдлых беларускіх кіраўнікоў. Якія, згодна з дасьледваньнем Малішэўскага, у асноўным маюць рабоча-сялянскае мінулае. Ня тое, што ён - элітнага вырабу чалавек!

Закралася крамольная думка: а можа, яно і лепей, калі адказныя таварышы "родам з народу", а не аранжарэйныя расьліны? Гэтыя апошнія могуць быць шматкроць разумнейшымі, культурнейшымі і адукаванейшымі, але празь няведаньне (ня)простага жыцьця, меньш чулымі і спагадлівымі да яго. Пытаньне адкрытае.

"Інтэлігенцыя, шмат хто зь інтэлігенцыі - велізарныя яе кавалкі і пласты - яму радаваліся. Як гаворыць! "У выніку гэтай дыхатаміі...", "Отнюдзь!" - і ўсё з трыбуны пасярод дубленых партгасфізіяноміяў Вярхоўнага Савету, які ўтойваў у сваёй змрочнай глыбіні беспрасьветны кансэрватызм і тупое азлабленьне. Ён і сам быў круглы, але неяк пяшчотна, кранальны круглы. Цацачны. Вось і спынілася яго ружовае гумовае сэрцайка...

Народжаныя няясным жаданьнем (бісектрыса паміж накіраванасьцю да неабмежаванага пазнаньня і позывам да бязьмернага ўзбагачэньня) першыя рэфарматары несьлі ў сабе нейкую яскарку шчырасьці. Гэткія "бальшавікі"-нэалібэралы: "бабах!", "наперад!", "уся ўлада..!" у прыблізным псыхалягічным абрысе. Геройствалі па меры сілаў - "за ідэю" нават. І хоцькі-няхоцькі гацілі праход "сталіністам"-нэалібэралам. Іх недарма параўновалі зь дзецьмі, якія атрымалі на разарваньне цікавую цацку - краіну; яны былі папраўдзе цікаўныя, малайцаватыя, па-свойму таленавітыя. Гайдару ўдалося ўвасобіць рамантычны сьвітанак новага расейскага капіталізму"
. - піша czerniec.

Прыхільнікі "шокавай тэрапіі" Ягора Гайдара звычайна залічаюць ягоных крытыкаў або ў невукі, або ў "камуна-фашысты", або яшчэ ў якія-небудзь "радыскі". Але вось як ацэньваў правядзеньне рэформаў у Расеі сам ідэоляг "шокавай тэрапіі" Джэфры Сакс, чые словы цытуе arbogast:

"Галоўнае, што падвяло нас, гэта каласальны разрыў паміж рыторыкай рэфарматараў ды іхнымі рэальнымі дзеяньнямі... На мой погляд, расейскае кіраўніцтва пераўзышло самыя фантастычныя ўяўленьні марксыстаў пра капіталізм: яны палічылі, што задача дзяржавы - служыць вузкаму колу капіталістаў, перапампоўваючы ў іх кішэні як мага болей грошай і як найхутчэй. Гэта ня шокавая тэрапія. Гэта злосная, наўмысная, добра прадуманая акцыя, якая мае на мэце шырокамаштабнае пераразьмеркаваньне багацьцяў у інтарэсах вузкага круга людзей".

Ці бачыце, жаданьне "узяць усё і падзяліць", за якое звычайна ўпікаюць няшчасных "шарыкавых", было задаволенае зусім ня шарыкавымі. Наадварот, гэта якраз у іх усё ўзялі і падзялілі паміжсобку Барыс Абрамавіч, Раман Аркадзьевіч і далей па сьпісе.

Згодна з апытанкай, якая была створаная ўчора ў суполцы by_politics, 46.4% рэспандэнтаў хацелі б, каб беларускую эканоміку рэфармаваў такі эканаміст, як Ягор Гайдар. "Народ да распусты гатовы". Можна прыходзіць і браць голымі рукамі. Нягледзячы на адносна невялікую колькасьць тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, мяркую, гэты падзел рэпрэзэнтатыўны. Амаль палова палітычна актыўных блогераў (чытай: грамадзянаў) гатовыя з галавой, дакладней без галавы, рынуцца ў любыя, няхай самыя рызыкоўныя і неабачлівыя рэформы.

Можна, канечне, зразумець гэтае няўрымсьлівае памкненьне, бо "чаканьне дастала". Але ж, спадарове, не забывайцеся, што вы тут не адныя. "Калі вы хочаце зьменаў, эўрапеізацыі сыстэмы ўлады ў краіне, памятайце, што вельмі вялікая колькасьць людзей пацерпіць ад зьменаў. Бо яны па-просту непатрэбныя са сваімі ведамі, і са сваёй кумаўской псыхалёгіяй" - нагадвае сваім чытачам abrykos, разважаючы пра мэнтальных сялянаў (такі сабе "хворы народ" на новы лад), якія замінаюць прасоўваньню прагрэсу ў Беларусі. Такім чынам ён маральна падрыхтоўвае сваіх аднадумцаў да таго, што ў гадзіну "ікс" давядзецца прынесьці іх у ахвяру - або яны, або мы (гарадзкія). Супрацьстаяньне акурат паводле Мао Цзэдуна: "дзярэўня акружае горад", толькі наадварот.

Вы яшчэ зьдзіўляецеся, чаму "мэнтальныя сяляне", якія складаюць большую частку беларускага грамадзтва, не падтрымліваюць апазыцыю? Я - не.

На абарону сялянаў з кансэрватыўных пазыцыяў узьняўся блогер са Станькава w_mechaniczny:

"Апошнія сяляне дазваляюць нам заставацца хоць у нейкай ступені падобнымі да сваіх дзядоў, блізкімі да сваіх каранёў. Яны сьцерагуць усё - звычаі, мову, рэлігію, ЗЯМЛЮ. Сяляне не меняюць сваю зямлю, як працу. Ня выракаюцца мовы. Ня валяць у крышнаіты. Не заключаюць гомасэксуальных шлюбаў. Ня любяць чужых. І г.д."

Увогуле, гэтым тыднем выявілася, што асноўны водападзел паміж беларускімі палітычна актыўнымі блогерамі пралягае не па лініі "за" або "супраць" Лукашэнкі (такога падзелу не існуе - падтрымка ўладаў у блогасфэры імкнецца да нуля) і не па традыцыйных для эўрапейскага палітыкума лініях (лібэрал-кансэрватары і сацыял-дэмакраты і да т.п.). Процістаяньне сьветапоглядных арыентацыяў зводзіцца да бінарнай апазыцыі "сяляне vs. гарадзкія", якая дала пра сябе знаць у некалькіх вялікіх і гарачых дыскусіях. Аб чым я пастараюся распавесьці ў бліжэйшы час. Сачыце за абнаўленьнямі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG