Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда свабоды
Менск, вуліца Карла Маркса, 38, Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
Насупраць гэтага будынка ў часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі беларуская інтэлігенцыя, нягледзячы на рэпрэсіі, наладжвала акцыі пратэсту ў форме дасьціпных палітычных пэрформансаў супраць дыктатуры і здушэньня свабоды.

Апоўдні 21 ліпеня 1999 году ля цэнтральнага пад’езду будынка Адміністрацыі прэзыдэнта краіны на вачох дзясятка незалежных журналістаў мастак Алесь Пушкін зладзіў дзёрзкі і эфэктны пэрформанс. Расказвае аўтар і выканаўца:

«Мой пэрформанс меў на мэце паказаць, што інтэлігенцыя супраць узурпацыі ўлады Лукашэнкам. Я доўга думаў і спыніўся на народнай мэтафары гною. У гной складзеная была ягоная каляніяльная атрыбутыка, дэнамінаваная тысяча рублёў, кайданкі. Толькі шкадую, што забыўся пакласьці канстытуцыю 1996 году, якую ён зьмяніў. Я наняў вясковага хлопца, і ён, ня ведаючы, што і куды вязе, прывёз мяне а 12-й гадзіне да тэатра імя Янкі Купалы, дзе быў рамонт. Я выкаціў гэты вазок з гноем да параднага пад’езду дома на Карла Маркса, 38. Калі выбег міліцыянт і перагарадзіў мне шлях ля самага ганку, я вывернуў вазок і зрабіў гэтае містычнае дзеяньне: віламі з усяго размаху прыбіў партрэт Аляксандра Лукашэнкі да гною. Быў выкліканы АМОН, мяне даставілі ў пастарунак міліцыі. Там я доўга не называў свайго імя. Я толькі казаў: „Так трэба. Імя маё невядома, подзьвіг мой бесьсьмяротны“. Яны дужа рагаталі. І я сам зь імі рагатаў».

Праз 12 гадзінаў Алеся Пушкіна выпусьцілі, а судзілі праз чатыры месяцы — ён атрымаў два ўмоўныя гады пазбаўленьня волі.

Ладзіць акцыі пратэсту ля будынка прэзыдэнцкай адміністрацыі апазыцыйная грамадзкасьць імкнулася шмат разоў. Як правіла, дэманстрацыі спыняліся міліцыяй і АМОНам на падыходах да гэтага месца. А вось нешматлікія пэрформансы часам удавалася зладзіць, але не ля ганку, як гэта зрабіў Пушкін, а цераз дарогу, у сквэры.

24 траўня 1995 году некалькі дзясяткаў студэнтаў выказвалі пратэст супраць вынікаў рэфэрэндуму, які скасоўваў дзяржаўны статус нацыянальнай сымболікі. Старшыня Партыі аматараў піва Андрэй Рамашэўскі ўзьняў чырвона-зялёны сьцяг на разьмешчанай там гарадзкой прыбіральні. А калі сьцяг быў зьняты, яго падралі на кавалкі (па прыкладзе прэзыдэнцкага «заўхоза» Івана Ціцянкова, які пасьля рэфэрэндуму разадраў на даху Адміністрацыі бел-чырвона-белае палотнішча) і перад тэлекамэрамі спалілі. Удзельнікаў акцыі арыштавалі.

Мастацкі пэрформанс як форму палітычнай барацьбы запачаткаваў у Беларусі Алесь Пушкін. Тады яшчэ студэнт Тэатральна-мастацкага інстытуту, ён у 1989 годзе на ўгодкі БНР выехаў з аркі роднага інстытуту на Ленінскі праспэкт на кані ў вобразе вершніка з гербу «Пагоня». Сярод самых моцных ягоных мастацкіх акцыяў пратэсту — фрэска ў Бобраўскай царкве, дзе сярод грэшнікаў ён намаляваў людзей, падобных да беларускага прэзыдэнта і менскага мітрапаліта.

Бальшыня такіх акцыяў і Алеся Пушкіна, і ягоных пасьлядоўнікаў завяршаліся судамі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG